Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ураду Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што адтэрміноўка ў прадстаўленьні чарговай траншы расейскага крэдыту на 500 мільёнаў даляраў зьвязаная з магчымымі фінансавымі праблемамі ў Расеі.

Ён спаслаўся на кіраўніка Цэнтрабанку Расеі, які падчас дакладу расейскаму прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву заявіў, што больш ў 20% выпадках тэрмін сплатаў па крэдытах даводзіцца падаўжаць і структурызаваць. Таксама ён параўнаў расейскага міністра Аляксея Кудрына з кладаўшчыком, якія далей за кладоўку нічога не бачыць.

Чаму не сьціхае беларуска-расейскі канфлікт? Каму больш пагражаюць фінансавыя праблемы — Беларусі ці Расеі? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць зь фінансавым аналітыкам Сяргеем Чалым.

Дашчынскі: “Сяргей Сідорскі сёньня ўсьлед за Аляксандрам Лукашэнкам спрабуе абвергнуць віцэ-прэм’ера, міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына. Які, нагадаю, спрагназаваў, што ў канцы гэтага — на пачатку наступнага году Беларусь можа стаць неплатаздольнай. Сідорскі заявіў: маўляў, сама Расея можа сутыкнуцца зь фінансавымі праблемамі. Дык хто мае рацыю — Кудрын ці Сідорскі?”

Чалы: “І тое, і другое ня варта выедзенага яйка. І Кудрын ня мае рацыі, і Сідорскі. Нашы праблемы, вядома, больш сур’ёзныя. Але яны з дэфолтам ніяк не зьвязаныя. З узроўнем доўгу і коштам яго абслугоўваньня абсалютна ніяк не зьвязаныя. Проста ідзе слоўная перапалка. Кудрын зьмяшаў два пытаньні.
І Кудрын ня мае рацыі, і Сідорскі.
Пытаньне падтрыманьня курса валюты шляхам траты золатавалютных рэзэрваў. Гэтыя пытаньні ёсьць, дзеля гэтага крэдыт і бярэцца. Але ён сюды яшчэ дадаў узровень зьнешняй запазычанасьці, які насамрэч у нас дастаткова малы.

У Беларусі абраны шлях адміністрацыйнага ўтрыманьня сытуацыі. І пакуль мы гэтую чашу да дна ня вып’ем, пакуль золатавалютныя рэзэрвы ня вычарпаюцца настолькі, што спатрэбіцца новая дэвальвацыя, нічога не адбудзецца. Ідзем шляхам зацісканьня сытуацыі адміністрацыйнымі спосабамі. Разьлік на тое, што крызіс скончыцца раней, чым скончацца нашы золатавалютныя рэзэрвы“.

Дашчынскі: “Расейскі міністар атрымаў зьневажальныя ацэнкі на свой адрас ад беларускага кіраўніцтва. То ён кансалідаваўся з адмарозкамі, то стаў кладаўшчыком…”

Чалы: “Трэба ж разумець, што гэта чалавек, які сядзіць на грашах. Таму ён не зацікаўлены нешта некаму даваць. Я не разумею, чаму такі рэзананс, ажыятаж гэтая гісторыя выклікала. У Кудрына было зьмяшана ўсё разам. Спачатку ён сказаў, што ў нас ідзе падтрыманьне курсу нярынкавым спосабам,
Узровень запазычанасьці дзяржавы насамрэч вельмі нізкі.
што ён насамрэч завышаны і на гэта трацяцца золатавалютныя рэзэрвы. І траціну мы патрацілі ад пачатку году. Так і ёсьць. З другога боку, за гэты ж час крэдытаў узялі больш, чым патрацілі рэзэрваў, таму яны павялічыліся. Але яны для гэтага і бяруцца. Але ўзровень запазычанасьці дзяржавы насамрэч вельмі нізкі. І, у прынцыпе, тут яшчэ можна набіраць. Тут праблемы няма. За гэтым проста стаіць нежаданьне дзяліцца грашыма, і ўсё”.

Дашчынскі: “Але чаму Расея адцягвае выдзяленьне Беларусі чарговай і апошняй траншы крэдыту на 500 мільёнаў даляраў?”

Чалы: “Нейкі незразумелы ціск на Беларусь ідзе апошнім часам. Тым больш гэтая прапанова даць яго рублямі таксама даволі дзіўная. Гэта ж зусім ня дзеля гэтых мэтаў крэдыт прызначаўся. Гэта крэдыт, пра які дамовіліся ў 2007 годзе — на спрашчэньне пераходу на сусьветныя цэны ў разьліках за энэрганосьбіты. Ён ня мае ніякіх адносінаў да таго крэдыту, які афіцыйны Менск прасіў у рублях, каб перайсьці на расейскі рубель у разьліках. Тут зьмяшана ўсё.

Справа ў тым, што, з аднаго боку, у Расеі траціцца шмат грошай на падтрыманьне ўласнай эканомікі. А з другога боку, цягам апошніх месяцаў ідзе нейкі ціск. Хутчэй за ўсё, расейцы раздражнёныя тым, што нічога ад Беларусі не атрымліваюць. Магчыма, вырашылі, што цяпер такая сытуацыя, што можна націснуць і недзе прагнуць.

Але, у прынцыпе, вялікіх праблемаў няма. У нас каля 3 мільярдаў золатавалютных рэзэрваў. Калі такімі ж тэмпамі мы будзем іх траціць на падтрыманьне курсу — можа, меншымі, бо той панікі, якая была ў першыя месяцы, цяпер няма, — то гэтага хопіць мінімум яшчэ на 9 месяцаў. А за гэты час яшчэ будзе пара траншаў ад МВФ. Так што цягам гэтага году асаблівых пагрозаў я ня бачу.

Такое адчуваньне, што проста ідзе нейкая скаардынаваная атака”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG