Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэрвень Мікалай Аўтуховіч адбудзе на Валадарцы


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Мікалая Аўтуховіча ня вызваляць яшчэ сама меней месяц. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў адвакат Павал Сапелка, які бачыўся з Аўтуховічам у менскім сьледчым ізалятары на Валадарскага.

Расьсьледаваньне справы Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі працягнутае да 3 ліпеня, паведаміў адвакат Павал Сапелка. Ягоны падабаронны Аўтуховіч працягвае галадоўку, якой пратэстуе супроць незаконнага, як ён лічыць, перасьледу. Галадуе Мікалай Аўтуховіч з 16 красавіка, гэта значыць — ужо 48 дзён.

Сапелка: “Ягоны стан здароўя стабільна кепскі. Працягвае страчваць вагу, з моманту затрыманьня ўжо страціў каля 25 кіляграмаў. Кожны тыдзень страчвае прыблізна 2-3 кіляграмы. Кропельніцу яму ўжо ня ставяць, ён пакуль ня бачыць у гэтым сэнсу. Зараз буду працаваць над новай скаргай, хаця прадбачу яе лёс. Тое, як раней ставіліся да нашых скаргаў, наводзіць на думку, што і гэтую нават ня будуць разглядаць, а ня тое што задавальняць”.

Павал Сапелка
Паводле Паўла Сапелкі, Мікалай Аўтуховіч амаль не атрымлівае лістоў. Ад інфармацыйнага голаду яго ратуюць толькі газэты, якія рэгулярна даходзяць у ізалятар. “Асабліва прадпрымальнік удзячны „Нашай ніве“, якая дасылае яму свае нумары заказной поштай”, — сказаў Павал Сапелка.

Паводле адваката, Мікалаю Аўтуховічу не выстаўлялі новых абвінавачаньняў. Пэрспэктывы сьледзтва Павал Сапелка назваў “цьмянымі” і выказаў зьдзіўленьне, чаму справу не перадаюць у суд, калі, як кажа сьледзтва, доказаў віны нібыта сабрана дастаткова. Патрабаваньні Аўтуховіча ягоны адвакат назваў “лягічнымі”:

“Ён жа ня кажа — проста вызваліце мяне, і ўсё. Ён кажа пра альтэрнатыўны варыянт: альбо накіруйце справу ў суд, альбо вызваліце пад падпіску аб нявыезьдзе. Хай тады сьледзтва паступова робіць сваю справу, а людзі будуць займацца сваімі справамі”.



Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньне ў падпале дома міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы да Аўтуховіча ня мае прэтэнзіяў. Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку падазраюць у садзейнічаньні Аўтуховічу. Іх таксама трымаюць у сьледчым ізалятары на Валадарскага.
XS
SM
MD
LG