Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Летні фотаблог грамадзкага рэдактара

Неяк у Вольнай студыі госьць Свабоды сказаў — паміж іншым, але абсалютна слушна і трапна, што прырода, пэйзаж — самае моцнае месца ў Беларусі. Ён гэта хораша, пераканана падкрэсьліў: менавіта самае моцнае.

Браткі, хіба ж можна ў тое ды не паверыць? З гэтым — ды не пагадзіцца! Я вітаю і такія перадачы, і такіх людзей, і гатовы сто раз паўтарыць тыя словы… Хіба што ўдакладніць, заакцэнтаваць ад сябе, каб лепш ведаць і цьвёрда памятаць, ніколі не расчароўвацца ў сьвятой ісьціне.

З усяго багацьця нашых краявідаў, разнастайнасьці вобразаў, зьяў і абліччаў роднай прыроды я асабіста вылучаю раўніну, сярод якой жывём і гадуемся. Я вырас на хутары, выходзіў на ганак хаты і быў шчасьлівы асягнуць вачыма далягляды на поўдні і захадзе, усходзе і поўначы. Пэўны: лінія майго жыцьця, характару, веры трымаецца і на ёй, лірычна трапяткой і раўнюткай лініі, што злучае зямлю і неба. Заплюшчу вочы і прыгадаю да рысачкі малюнкі далечаў, добра асвойтаных вокам, але яшчэ, на той час, не спазнаных дзяцінствам, таемна прыцягальных у сваёй большасьці.

Захапляцца раўнінай пачаў зь цікавасьці да мастацтва, асабліва графікі, але рэальнае жывое пачуцьцё даў мне ровар, нясьпешнае перамяшчэньне ў пленэры і хутар у файным спазорным мейсцы. Пэдалюеш ці любуесься ў цішы надвячорка — і дух займае ад даляглядаў, ад лініі раўнавагі, біясфэрнай будовы айчынных мясьцін, насьцеж адкрытых тваім вачам. Таму і надумалася, і напісалася неяк:

Вось
Богам дадзеная
даніна —
мая беларускасьць
мая раўніна
за лесам за полем за рэчкай
за-лесьсе за-польле за-рэчча
маё за-азер’е маё за-хмар’е
лінія плёсаў лінія мараў
цэдзіва сьнегу
мурожная сага
мая раўніна
мая раўнавага…


Раўніна — несумненна, высокі стыль. Просталінейнасьць, тым часам, — яе антыпод, небясьпечная тэндэнцыя, пагроза зьбядненьня і вымяшчэньня вобразаў краю. Гэта там, дзе наша чароўная мілая роўнядзь запаўняецца бязглуздай канглямэрацыяй навабудаў, вяршыняй якіх мае стацца “беларуская” АЭС. Калі азірнуцца — татальная мэліярацыя, асушэньне і штучнае абвадненьне.

Захапляймася нашай беларускай раўнінай! Углядаймася ў лінію нашае раўнавагі, блакітныя сілюэты на гарызоньце, знакі самотнай красы! Чужаймася пустэчы, якая хоча паглынуць нашу багатую духовую раўніну! Мацней трымаймася роднай зямлі!




Раўніна з валуном. Лепельшчына


Нёман ля Стоўбцаў


У пойме ракі Гайны. Барысаўскі раён


Палявая дарога. Стаўпеччына


Раўніна з лагчынай. Вёска Падзерычы. Стаўпеччына


Дарога на гасьцінец. Стаўпеччына


Апошні сьнег. Стаўпеччына


Зьвечарэла. Талачынскі раён


Раўніна са ставом. Слаўгарадчына.


Малюнак Аркадзя Астаповіча надзвычай пластычна ілюструе беларускую раўніну.
XS
SM
MD
LG