Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕРГІЯ. Тыдзень з блогерам Budimir’ам


Budimir<br />&nbsp;
Budimir<br />&nbsp;
“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе Budimir.




Прэзыдэнцкая алергія на каштаны і дзьмухаўцы


Бард Зьміцер Сідаровіч з замілаваньнем сустракае надыход лета:

Ня ведаю, як у вас, панове, а ў нас, у звычайным менскім мкр. “Усход-1”, забудаваным збольшага 5-ці і 7мі звычайнымі шэрымі панэльнымі шматпавярховікамі, — пануе буйства пахаў, дакладней сказаў бы — буяньне водараў. Адначасова бо цьвітуць зараз: бэз, чаромха, пачаў цьвісьці нават язьмен, хрушчоў чамусь не заўважаў, але цьвіце “шыпшына белыя кветкі”, “шыпшына чырвоныя кветкі”, процьма яшчэ чаго… Заўважалі? Пераходзіш ад двара к двару, нават запавольваеш крок, пачынаеш прынюхвацца, як той пёс, а водары мяняюць адзін аднаго, як стравы на дарагім урачыстым стале, і няма межаў у гэтай бяскрайнасьці, у гэтай палітры вясновых, а ці ўжо летніх пахаў-водараў. Эх… Хочацца пісаць новыя песьні, лірычныя песьні для гітары, флейты і скрыпкі, а ня сьмешныя баляды, якія я пісаў апошнія 5-6 год. Досыць фэльетоннасьці. ))

Але гэтае буяньне ды красаваньне даспадобы ня ўсім. Блогер malishevsky, праходзячы ля будынка прэзыдэнцыі, заўважыў, як рабочыя абрываюць кветкі каштанаў. Ён піша: “Наколькі я разумею, у прэзыдэнта алергія на кветкі. Зразумела тады, чаму ў Слоніме ўсе дзьмухаўцы павыдзіралі”.

Камэнтары чытачоў:

“Дзьмухаўцы выдзіралі ня толькі ў Слоніме. У адным райцэнтры на гэтую справу былі мабілізаваныя цэлыя школы. Дзьмухаўцы робяцца нацыянальным ворагам, як калісьці вераб’і ў Кітаі”.

“Магчымую „каштанавую рэвалюцыю“ трэба здушыць у зародку!”

“Справа не ў алергіі. Проста кветкі каштанаў падаюць на плітку і пакідаюць плямы, якія вельмі цяжка адмываць. Таму і стрыгуць дрэвы”.

“Вынішчэньне зелені — усеагульны працэс у нашых гарадах і мястэчках. Што цікава — па жаданьні насельніцтва. Правы чалавека трыюмфуюць!

Аднаму не падабаецца, што “ад гэтай алычы ўвосень па ўсім двары раздаўленыя ягады”. Другому — пух таполяў. Трэйцяму каштан “закрывае сьвятло”. Скаргі. Скаргі. Скаргі. Задавальняюцца. Задавальняюцца. Задавальняюцца. У выніку атрымліваем дэмакратычнае (!), чысьцюткае, упарадкаванае пакрыцьцё — асфальт і плітку. Якое можна хоць шампуняй мыць — о, шчасьце!“


* * *

Фядутава алергія на “ламбаду ад Рыбака”

Аляксандар Фядута скардзіцца на засільле Рыбака: “У восьмы раз за дзень пачутая песьня Рыбака набрыдла! Проста ламбада нейкая. Ведаў, што так будзе. Цярплю. Разумею, што Ялфімаў быў бы значна горай. Але ад гэтага ўсьведамленьня не лягчэй. Прыйшоў дадому, уключыў „The Best of Vivaldi“ і прамываю мазгі”.

А ў суполцы by_trash абмяркоўвалі торт у выглядзе зубра, якім сустракалі сьпевака на радзіме:



“Зубра злавіць не атрымалася. Што засталося ў траве, тое і падаравалі”.

“Чым багатыя”.

“Рыбак назваў гэта лягушкай”.

“Паліткарэктнасьць, што ты хочаш”.

“Трэба было трактар „Беларус“ зьляпіць”.

“Ён нават пакаштаваў гэта. Напэўна, згаладаў у крызіс”.


Алергія Адамовіча на парадкі ў Нарвэгіі

Што згаладаў — гэта наўрад ці. Славамір Адамовіч, палітэмігрант у Нарвэгіі, зьмясьціў фотаздымак у сваім блогу з боханамі хлеба, выкінутымі на сьметнік:



Ды нагадаў пра традыцыйнае стаўленьне да хлеба ў Беларусі:

Праца хлебароба заўсёды была самай цяжкай і адказнай у жыцьці чалавека. Адсюль з пакаленьня ў пакаленьне, ад дзеда да ўнука перадаваліся беражлівыя адносіны да хлеба, выпрацаваўся шэраг правіл і перасьцярог:

  • Выкідаць хлеб заўсёды лічылася недаравальным. Калі хлеб немагчыма ўжываць у ежу, яго аддавалі птушкам.
  • Калі сонейка села, новага бохана хлеба не пачынай, — галеча адолее!”
  • “Каб быць шчасьлівым і ўдалым, на пачатку і на заканчэньні абеду зьеж крыху хлеба з сольлю”.
  • Лічылася, калі пасьля прыняцьця ежы на стале пакінуць кавалачкі нязьедзенага хлеба, можна страціць сваё здароўе.
  • Каб сям’ю не спасьціг голад, няўрод ці іншыя страты, строга сачылі за тым, каб хлебныя крошкі ня падалі са стала на падлогу.
  • Калі хлеб стаяў у печы, кожная гаспадыня ведала, што нельга месьці падлогу, сварыцца.
  • Жанчыну, якая рабіла цеста на хлеб, трэба было абавязкова вітаць добрымі пажаданьнямі.

Камэнтары чытачоў:

“Я недзе чуў, што ў Нарвэгіі 50% набытага выкідаецца”.

“Цывілізацыя…”

“Хто не памрэ ад голаду, памрэ ад пераяданьня”


* * *
Алергія на магнатаў

Блогеры абмяркоўвалі прыезд у Беларусь нашчадкаў роду Радзівілаў. Севярын Квяткоўскі выказаўся за тое, каб Радзівілам вярнулі іхную ўласнасьць. Чытачы камэнтавалі:

“У першую чаргу, канечне, вяртаньне права ўласнасьці на зямлю, а потым і ўсё астатняе…”

“…вяртаньне прыгоннага права на сялян, права першай ночы, etc.”

“Ці хопіць у іх грошай сплаціць падаткі на зямлю з 1939-га году?”

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG