Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі міралюбная Беларусь?


Пэўны адказ на гэтае пытаньне ўтрымліваецца ў сёлетнім дасьледаваньні Інстытуту эканомікі і міру, зробленым у супрацоўніцтве з аналітычным цэнтрам брытанскага часопісу “Эконаміст”.

У дакладзе 144 краіны сьвету прааналізаваныя паводле 23 паказьнікаў – ад узроўню ваенных выдаткаў да ступені выкананьня правоў чалавека. Паводле дасьледаваньня, самая міралюбная краіна – Новая Зэляндыя, найменш міралюбныя – Аўганістан і Ірак. Беларусь апынулася на 98 месцы, паміж Гвіянай і Іранам, бліжэй да неміралюбнага краю шкалы.

З суседзяў Беларусі найлепшы рэйтынг міралюбнасьці – у Польшчы, якая апынулася на 32 месцы, Літва – на 43, Латвія – на 54, Украіна – на 82, побач за Злучанымі Штатамі. Усе гэтыя краіны паводле абранага спосабу ацэнкі пераўзыходзяць Беларусь паводле ступені міралюбнасьці. Але Беларусь у сваю чаргу значна пераўзыходзіць Расею, якая апынулася амаль у самым канцы сьпісу – на 136 месцы. Цікава , што амаль побач зь ёй 134 месца заняла Грузія – праціўнік Расеі ў леташняй вайне.

У параўнаньні зь леташнім Глябальным індэксам міру паказьнік міралюбнасьці Беларусі крыху паменшыўся – гэта значыць, палепшыўся: з 2.194 да 2.103.

У цэлым, паводле стваральнікаў Глябальнага індэксу міру, у мінулым годзе сьвет стаў менш міралюбным, гэта адлюстроўваюць жорсткія канфлікты ў некаторых краінах, імклівы рост цэнаў на харчаваньне і паліва напачатку 2008 году і драматычны глябальны эканамічны крызыс напрыканцы году. Эканамічныя праблемы выклікалі забурэньні ў многіх краінах, што адбілася на індыкатарах, пры дапамозе якіх падлічваецца індэкс міру.

Міралюбнасьць, схільнасьць да міру – вельмі складанае паняцьце, мэтодыка яго апісаньня і падліку, прынятая дасьледчыкамі Інстытуту эканомікі і міру – адна з магчымых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG