Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграмы аздараўленьня беларускіх дзяцей скарачаюцца


Пачаліся летнія вакацыі. Колькі беларускіх дзяцей паедуць сёлёта на аздараўленьне за мяжу, у якія краіны, як паўплывалі прэзыдэнцкія дэкрэты на дабрачынныя праграмы?

Праграмы аздараўленьня беларускіх дзяцей, якія дзейнічаюць ужо больш як 20 гадоў, пасьля чарнобыльскай аварыі, былі прыпыненыя пасьля таго, як у жніўні 2008 году 16-гадовая барысаўчанка Таня Казыра адмовілася вярнуцца ў Беларусь з ЗША пасьля летніх вакацыяў.

13 кастрычніка 2008 году кіраўнік дзяржавы падпісаў указ № 555, які дазваляе выезд на аздараўленьне беларускіх дзяцей толькі ў тыя краіны, зь якімі ў Беларусі падпісаныя адпаведныя міжурадавыя пагадненьні. Прапановы аб заключэньні пагадненьняў Беларусь накіроўвала ў 23 краіны.

Начальнік Упраўленьня замежных сувязяў Міністэрства адукацыі Ўладзімер Шапуроў пералічыў краіны, зь якімі на сёньняшні дзень падпісаныя міжурадавыя пагадненьні:

“Дамовы з Італіяй, з Ірляндыяй, зь Нямеччынай, зь Нідэрляндамі, зь Вялікай Брытаніяй, зь Ліхтэнштэйнам, з Гішпаніяй, і пакуль яшчэ знаходзіцца ў стадыі заключэньня абмен нотамі з Бэльгіяй”.

На аздараўленьне за мяжу могуць выяжджаць дзеці ва ўзросьце ад 7 да 18 гадоў — у дзяржавы, зь якімі Беларусь заключыла дамовы да 1 кастрычніка 2008 году (у Італію), ад 7 да 14 гадоў — у дзяржавы, зь якімі дамовы заключаныя пазьней. Ёсьць абмежаваньні ня толькі паводле ўзросту, але і паводле колькасьці выездаў у адну краіну, што будзе спрыяць ахопу большай колькасьці дзяцей. У 2008 годзе аздараўленьне за мяжой прайшлі больш як 38 тысяч беларускіх дзетак, зь іх 27 тысяч — летам. У асноўным на аздараўленьне накіроўваюцца дзеці-сіроты, дзеці з чарнобыльскай зоны. Што да плянаванай колькасьці дзетак, якія сёлета паедуць на аздараўленьне, Уладзімер Шапуроў кажа:

“Колькі — мы ня ведаем. Мне складана пакуль прагнозы рабіць, толькі-толькі пачынаецца летняя кампанія. Пакуль зьмяншэньня значнага няма”.

Супрацоўніца аднаго з дабрачынных фондаў, які працуе з канца 1980-х гадоў, кажа, што сёлета дзяцей за мяжу паедзе менш, чым раней:

“Нашмат меней. Некалі ў 1990-ым, 92-ім гадах у адным фондзе „Дзеці Чарнобыля“ Грушавога 15-18 тысяч дзяцей штогод накіроўвалі. І больш за ўсё ў Нямеччыну. Італія пазьней падключылася. А цяпер у Нямеччыну столькі не накіроўваюць. Дай Бог, калі наш фонд 100 дзяцей накіруе. А яшчэ 3-4 гады таму мы накіроўвалі 1 тысячу”.

Што да прычынаў такога спаду, — іх шмат. І першая — больш жорсткае заканадаўства і зьмяншэньне колькасьці краінаў, зь якімі заключаныя дамовы. Але супрацоўніца дабрачыннага фонду называе і іншыя:

“Па-першае, былі групы, куды дзяцей нейкіх начальнікаў уключалі, якія прыяжджалі зь вялікімі грашыма. Гэта замежнікам не падабаецца, і яны пасьля такіх выпадкаў згортваюць праграмы. Па-другое, нашы „новыя рускія і беларусы“, якія адпачываюць, — бачаць іх, да прыкладу, швайцарцы, як яны скупляюць пяцізоркавыя гатэлі і кідаюцца грашыма, і пытаюцца: „Чаму мы павінны дапамагаць вашым дзецям, калі вашы суайчыньнікі не дапамагаюць?“ Таксама прычына. Прычын вельмі шмат”.

Дагэтуль не падпісаныя міжурадавыя дамовы са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Канадай, Швайцарыяй, куды езьдзілі на аздараўленьне сотні дзяцей, пацьвердзіў чыноўнік Мінадукацыі Ўладзімер Шапуроў:

“Так, былі пэўныя дэмаршы. Ідуць перамовы”.

Карэспандэнтка: “А ёсьць спадзяваньне, што туды беларускія дзеці таксама паедуць?”

Шапуроў: “Усё можа быць”.

Значна скарацілася колькасьць беларускіх дзяцей, якія будуць адпачываць у Галяндыі (летась там знаходзілася на аздараўленьні 483 дзіцяці). А цягам бліжэйшых пяці гадоў праграмы гуманітарнай дапамогі і аздараўленьня беларускіх дзяцей наагул могуць быць спыненыя, заявіў ганаровы консул Беларусі ў Нідэрляндах, прэзыдэнт буйной дабрачыннай арганізацыі “Stichting Rusland Kinderhulp” (SRK) Клаас Коопс.
XS
SM
MD
LG