Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 чэрвеня ўлады абяцалі падвысіць заробкі бюджэтнікам. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза, выступаючы 29 траўня перад чальцамі Нацыянальнага сходу. Аднак абяцаньне выкананае не было. Чаму?


Заробкі бюджэтнікам з 1 чэрвеня не падвысілі. Хоць яшчэ некалькі дзён таму віцэ-прэм'ер Іван Бамбіза заяўляў:

Іван Бамбіза
“На стымуляваньне спажывецкага попыту скіраваны ўжо падрыхтаваны ва ўрадзе праект пастановы. Дакумэнт прадугледжвае павелічэньне ад 1 чэрвеня тарыфнай стаўкі першага разраду з 77 да 83 тысяч рублёў. То бок яна ўзрасьце на 6 тысяч рублёў”.

Рост тарыфнай стаўкі аўтаматычна цягне за сабою і павелічэньне акладаў беларусаў. Менавіта на гэтым і акцэнтаваў увагу журналістаў Іван Бамбіза ў перапынку паседжаньня. Ён казаў: нягледзячы на крызіс, урад дае людзям дадатковыя грошы дзеля таго, каб яны больш куплялі беларускіх тавараў. А іх цяпер асела на складах амаль месячная норма:

“Канечне, мы разглядаем пытаньне, каб сёньня падтрымаць насельніцтва. Гэта ж дадатковая грашовая крыніца, каб актывізаваць унутраны попыт, каб тавары ў крамах актыўней купляліся. І праз продаж тавараў нашым грамадзянам актывізуецца і вытворчая дзейнасьць нашых прадпрыемстваў. У гэтым увесь сэнс”.

У прэсавых службах розных міністэрстваў на пытаньне пра павелічэньне заробкаў адказваюць аднолькава: “Пакуль афіцыйнае рашэньне па гэтым пытаньні не прынятае”.

Незалежны эканаміст Леў Марголін лічыць: “ва ўрадзе знайшлася нейкая разумная галава, якая прытрымала такое рашэньне”:

Леў Марголін
“У кагосьці спрацаваў інстынкт самазахаваньня. Бо тое, што прапаноўвалася, гэта нішто іншае, як раскрутка інфляцыйнай сьпіралі. Схема вядомая — мы падвышаем заробкі, спадзяемся, што будзе падвышацца попыт. Але ж попыт на беларускія тавары ўнутры краіны не залежыць ад заробку, а залежыць ад іх якасьці. І таму насамрэч попыт будзе падвышацца толькі на валюту і на імпартныя тавары. А гэта, у сваю чаргу, будзе азначаць новы віток інфляцыі. А потым трэба зноў павялічваць заробкі...

Знайшлася нейкая разумная галава, якая сказала: усё ж такі — не, трэба пачакаць. Бо гэта адна з тых ідэй, што пажар прапануюць тушыць бэнзінам альбо газай”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук не выключае, што беларускі ўрад спадзяваўся ўзяць грошы на падвышэньне заробкаў з чарговага расейскага крэдыту:

Яраслаў Раманчук
“Каб падвышаць заробкі, трэба мець для гэтага грошы. А калі, як цяпер, амаль палова прадпрыемстваў ня мае сваіх абаротных сродкаў, калі рост эканомікі быў забясьпечаны за кошт крэдытаў, то адкуль прадпрыемствы, якія ня могуць заплаціць нават па старых тарыфных сетках, знойдуць грошы на павышаныя? Безумоўна, падае прадукцыйнасьць працы. А калі яна падае, то заробкі трэба не падвышаць, а зьніжаць”.



Беларусам ужо другі раз за час крызісу абяцаюць падвысіць заробкі, але потым вырашаюць не падвышаць. Так, у канцы мінулага году чыноўнікі спачатку падвысілі стаўку больш чым на 20%, але праз пару тыдняў “адкруцілі” яе амаль на 16% назад. Тады зразаньне заробкаў растлумачылі патрабаваньнямі Міжнароднага валютнага фонду.
XS
SM
MD
LG