Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы з задавальненьнем адмовяцца ад бульбы ды сьвіных ног”


Выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра супрацоўніцтва з Расеяй, падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, эканамічны крызіс, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць пераарыентацыі экспартных патокаў з Расеі на іншыя рэгіёны сьвету, а таксама іншыя выказваньні кіраўніка краіны — тэмы абмеркаваньня слухачоў “Свабоды”.

Курневіч Валеры, Барысаў:

“Наш прэзыдэнт неяк казаў з Расеяй гандляваць,
А сёньня сваім паплечнікам зацята кажа рынкі ў сьвеце шукаць.
А дзе ён будзе караблі ды дальнабойнікаў шукаць?
За якія сродкі гэта рабіць, калі нават пэнсіі мізэр на месцы стаіць?
Можа, прэзыдэнт наш — хахмач?
Выказаўся Курневіч Валеры, з Барысава слухач”.


Спадарыня: “Даволі дзіўна было слухаць развагі Рыгоравіча пра тое, што, дзякуючы правільнай палітыцы ў сельскай гаспадарцы, сёньня Беларусь мае лішак прадукцыі, якую ня можа рэалізаваць. Па-першае, у рынкавай эканоміцы любы лішак апынуўся б цяжкімі стратамі. Тым больш, калі гаворка вядзецца пра сельскую гаспадарку, якая ва ўсім сьвеце знаходзіцца на датацыях. А па-другое, калі кошты на мяса і сыр зрабіць даступнымі, то беларусы з задавальненьнем адмовяцца ад бульбы і сьвіных ног ды з задавальненьнем будуць спажываць фізіялягічна неабходную норму гэтых прадуктаў”.

На тэму выбараў — наступныя выказваньні слухачоў:

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: “Фальшаваньне выбараў — самае асноўнае злачынства ў Беларусі. Таму я папрасіў бы пра гэта часьцей казаць. Дзякуй за ўвагу”.

Спадарыня: “Лукашэнка, пэўна, не пазнае сябе на здымках 15-гадовай даўніны. Зараз тых падманутых, хто за яго галасаваў, можна да д’ябла паслаць. Хто за яго не галасаваў — будуць трываць. Хто супраць яго і незадаволены — будуць сядзець у камэрах і бяз працы. Сваю сыстэму кіраваньня народам гэтак адшліфаваў за 15 год, што яна галопам скача і па ўсёй Расеі. Ягоны мэтад, падобна, і эўрапейцам спадабаўся, бо вырашылі зь ім кантактаваць. Так і глядзі, што дзяржаўныя дзеячы ўсяго сьвету будуць кансультавацца ў Лукашэнкі наконт ягонай сыстэмы кіраваньня народам”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнем на тэму эканамічнага крызісу:

Спадарыня: “Беларусы неяк прызвычаіліся апошнімі гадамі да падвышэньня коштаў на ўсё. Але тое, што зараз робіцца з коштамі — гэта мяжа ўсяму. Жудасная дарагавізна ў беларускіх аптэках. Калі з прадуктамі людзі яшчэ неяк выкручваюцца, то на леках не зэканоміш.

Як хваліўся наш прэзыдэнт створанай ім эканамічнай сыстэмай! Толькі выявілася, што капрызьлівая кабета эканоміка — для разумных, а разумных раўніва запіхваюць у турмы.

А тут яшчэ выявілася: працавітыя беларусы дрэнна працуюць. Але хто ж выхоўваў іх апошнія 15 гадоў? Іх выхоўвалі на незразумелай ідэалёгіі, замяшанай на алькаголі, на парадах, на хлусьні, што ў нас у Беларусі ўсё так добра.

І хто крычаў на ўсю Беларусь на сэлектарных нарадах па сельскай гаспадарцы, дэманструючы сваю ўпэўненасьць, сваю незвычайную перавагу над эканамічнымі законамі, над іншымі людзьмі? А разьлічваемся за гэта мы, коштам на прадукты. А беларускія дзеткі, толькі невялічкая частка зь іх, могуць сабе дазволіць абеды ў школьных сталоўках.

Беларуская рэзэрвацыя падточваецца, толькі кіроўныя ўлады ня могуць зразумець, кім і чым. Таму прыдумляюць розныя захады, хаця б забараняюць беларускім дзеткам езьдзіць на аздараўленьне і адпачынак за мяжу. А падточваецца імі ж самімі. У Беларусі надыходзяць нейкія перамены — хоць бы Бог дапамог”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG