Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сёньня — Міжнародны дзень абароны дзяцей. Ён быў заснаваны 60 гадоў таму рашэньнем сэсіі Міжнароднай дэмакратычнай фэдэрацыі жанчын. Радыё “Свабода” акцэнтуе сёньня ўвагу на праблемах шматдзетных сем’яў, у тым ліку — тых, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей.

МАГІЛЁЎ
У шматдзетнай маці-бібліятэкаркі адабралі працу

На Магілёўшчыне каля шасьці тысяч шматдзетных сем’яў атрымліваюць адрасную грашовую дапамогу. Ці адчувальная гэтая дапамога ў сямейных бюджэтах? Адказ на гэтае пытаньне шукаў карэспандэнт “Свабоды” Андрэй Белагубаў.

Вясковая жыхарка зь Бялыніцкага раёну спадарыня Тацяна гадуе адна трох непаўналетніх дзяцей. Дзяржава выплачвае ёй штомесяц дапамогу ў 210 тысяч рублёў. Сама маці беспрацоўная, бо бібліятэку, дзе яна працавала, зачынілі. Іншай працы для яе пакуль не знайшлося. Яна даглядае хворую дачку і атрымлівае за гэта яшчэ 146 тысяч рублёў.

Быў жа час, калі квартплата, электрычнасьць, газ — нам можна было аплачваць пяцьдзясят працэнтаў, цяпер жа ўсе сто.
“Калі дзіцяці купіць чобаты, а яны каштуюць восемдзесят тысяч, дзьвесьце, трыста — вось і ўсё. Што мне можна казаць пра гэтую дапамогу? Недзе сто тысяч мне яшчэ трэба заплаціць камунальных паслугаў. Быў жа час, калі квартплата, электрычнасьць, газ — нам можна было аплачваць пяцьдзясят працэнтаў, цяпер жа ўсе сто”.

Спадарыня Тацяна не атрымлівае дапамогі й на тое, каб сабраць дзяцей у школу. За мяжу дачка, хворая ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, выяжджала толькі аднойчы. Дапамагла ў гэтым няўрадавая арганізацыя.

У камітэце па працы, занятасьці й сацыяльнай дапамозе Магілёўскага аблвыканкаму паведамілі, што на дапамогу дзяржавы могуць прэтэндаваць толькі тыя шматдзетныя сем’і, у якіх даходы не перавышаюць мінімальны пражытковы мінімум у 243 тысячы рублёў.

А на што яшчэ могуць разьлічваць гэтыя сем’і? — пытаюся ў супрацоўніцы камітэту.

“Для шматдзетных сямей ёсьць яшчэ льготныя крэдыты. Ёсьць яшчэ й забесьпячэньне бясплатнымі прадуктамі харчаваньня для дзяцей першых двух гадоў жыцьця”.

Шматдзетная сям’я апазыцыянэра матэрыяльную дапамогу не атрымлівае
Яшчэ шматдзетныя сем’і могуць разьлічваць на пяцідзесяціпрацэнтную зьніжку ў аплаце дзіцячага садка.

Сям’я бабруйскага палітыка Алеся Чыгіра таксама лічыцца шматдзетнай. Алесь і ягоная жонка Дана гадуюць трох дзетак. Абое ня маюць сталай працы. Апальнага ў Бабруйску палітыка і ягоную жонку ніхто афіцыйна на працу браць ня хоча. Матэрыяльнай дапамогі ад дзяржавы яны не атрымліваюць:

“У цэнтры сацыяльнай дапамогі нам сказалі: „калі ёсьць бацька ў сям’і, то дзяржаўная падтрымка не патрабуецца“. Нармальнай сям’і такая дапамога й не патрэбная. Патрэбная дапамога іншая — у аздараўленьні, адукацыі. Тыя грошы, якія выдзяляюцца, — яны сьмешныя проста. Але для некага гэта сэнс жыцьця. Можна нараджаць пяць дзяцей, альбо ўсынавіць, і потым піць за гэтыя грошы. У кожнага, як кажуць, свая праграма”.

БАРАНАВІЧЫ
“Што паказваюць па БТ, таго няма ў рэчаіснасьці”


У Баранавіцкім раёне дзяржаўныя органы фіксуюць зьніжэньне колькасьці шматдзетных сем’яў. Калі яшчэ пяць гадоў таму такіх налічвалася амаль 500, то цяпер — на адну сотню меней. Шмат у чым гэта зьвязана з пагаршэньнем эканамічнага становішча. Расказвае журналіст Анатоль Кругавец.

У сям’і дацэнта Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Яўгена Маліноўскага — сямёра дзяцей. Гаворыць бацька:

“Нам ніякай дапамогі ні з боку дзяржавы, ні з боку ўнівэрсытэту, прадпрыемства, дзе мы з жонкаю працуем, ніколі не адбывалася. Ніхто нам ніколі не прапаноўваў і ніхто не дапамагаў”.

Яшчэ пяць гадоў таму шматдзетная сям’я Маліноўскіх папрасіла грашовы крэдыт на рэканструкцыю свайго прыватнага дому. Улады быццам бы пайшлі насустрач. Але насамрэч вялікая сям’я трапіла ў фінансавую залежнасьць ад дзяржавы і канкрэтна — ад ашчаднага банку.

“Нам казалі: як сямёра дзяцей, то будзе стопрацэнтная выплата дзяржавай. Пасьля высьветлілася, што нам трэба плаціць 50%. На 40 год. Гэта вельмі нязручна. Мы ня можам нічога з пабудовай ні зрабіць, ні прадаць. Фактычна мы належым да іпатэкі”.

Чыноўнікі мудрэй забіраюць, чым даюць нашым сем’ям.
Скардзіцца на долю шматдзетнай маці на сяле Алена Казак:

“Ты што! Нічога нідзе ніколі ні кроплі! Адно што за зямлю ня плацім. Калі два разы атрымала адрасную дапамогу, то засталася безь „дзіцячых“. 50% толькі „дзіцячых“ атрымліваю. Яны мне 200 тысяч дапамогі далі, а за гэтыя 200 тысяч у мяне „дзіцячых“ зрэзалі. Я больш за мільён рублёў такой дапамогі страціла. Яны мудрэй забіраюць, чым даюць гэтым сем’ям. Калі сам не гарбацісься, то ніхто не дапаможа”, — даводзіць Алена Казак.

Выканаўца абавязкаў дырэктара “Тэрытарыяльнага цэнтру абслугоўваньня Баранавіцкага раёну” Ганна Іванова прызнае, што цяпер ва ўмовах фінансавага крызісу шматдзетныя сем’і маюць патрэбу ў дадатковай дапамозе. Але, са словаў чыноўніцы, у мясцовай улады няма на гэта сродкаў:

“Шматдзетных сем’яў у нас 397. У іх пражывае 1338 дзяцей. Дапамога якая была, такая й засталася — гуманітарная дапамога, дзіцячае харчаваньне (для дзяцей да двух гадоў), але гэта для ўсіх дзяцей, ня толькі для шматдзетных…”

Мне не ўдалося адшукаць у Баранавічах сем’і, да якіх бы даходзіла гуманітарная дапамога, якую разьмяркоўваюць дзяржаўныя ўстановы ў Менску. Яўген Маліноўскі выказвае сваё меркаваньне:

“Уся гуманітарная ідзе праз дэпартамэнт. І куды яна ідзе, невядома. Ва ўсялякім разе, мая сям’я ніколі не атрымлівала гэтай гуманітаркі. Мы працуем абое на паўтары стаўкі, і гэтага нам толькі на хлеб хапае”.

СМАРГОНЬ
“Былі бедныя, імі і засталіся…”

У Смаргонскім раёне на Гарадзеншчыне цяпер 137 дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах, прыёмных і апякунскіх сем’ях. Аб праблемах адной зь іх распавядае Міхал Карневіч.

Алена і Мікалай Новікавы ўжо сёмы год удваіх утрымліваюць дзіцячы дом сямейнага тыпу. Зараз разам зь імі жывуць шэсьць прыёмных дзяцей і трое сваіх.

Сям’я Новікавых узяла да сябе ў хату першых дзетак яшчэ ў 1997 годзе. У 2007-м іх разбудаваны за грашовыя крэдыты асабняк афіцыйна атрымаў назву “Дом сямейнага тыпу”.

З сумам Мікалай Новікаў прыгадвае, як яму давялося пахадзіць па мясцовых чыноўніках, каб дапамаглі падвесьці газ, забясьпечыць неабходным абсталяваньнем, мэбляй, сродкамі на гаспадарчае абслугоўваньне будынка й гэтак далей.

Новікаў: “Ды калі мы і прасілі мяккі куточак, то не для сябе ж, нам ён навошта — для дзяцей была патрэба”.

Зараз дзетак трэба накіроўваць на адпачынак. Некаторым зь іх пашчасьціць паехаць на аздараўленьне ў Італію, іншым у аддзеле адукацыі райвыканкаму прапаноўваюць пуцёўкі ў розныя аздараўленчыя лягеры.

Новікавы зьвярнуліся ў райана, каб іхніх дзетак усіх разам накіравалі ў аздараўленчыя лягеры на 56 дзён.

Новікаў: “На першую, другую, трэцюю зьмену даюць платныя пуцёўкі, а на чацьвёртую — бясплатную. Але абавязкова трэба быць у папярэдніх зьменах, бо калі не паедзеш на платныя, то бясплатную не атрымаеш…”

У Беларусі няма такога лягеру і наагул такога спосабу, каб накіраваць на адпачынак дзіця адразу на 56 дзён.
Смаргонскія чыноўнікі заўпарціліся і на гэты раз: маўляў, на такі тэрмін у нас пуцёвак няма. Кажа супрацоўніца РАНА Галіна Матчэня:

“У нас у Беларусі няма такога лягера і наагул такога спосабу, каб дзяцей накіраваць на адпачынак безь перапынку адразу на 56 дзён”.

Новікавым прапануюць на гэты тэрмін перадаць дзяцей у іншыя сем’і, якія гэты пэрыяд самі ня будуць адпачываць. Спадар Новікаў на гэта адказвае, што ў Італію бяруць чужых дзяцей і могуць трымаць 56 дзён, а ў Беларусі гэта вырашыць немагчыма…

Наагул, спадар Новікаў пакрыўджаны на чыноўнікаў. Ён распавядае, што пра лёс ягонай сям’і пісалі ў цэнтральных газэтах, але, маўляў, ад самага пачатку замест дапамогі з РАНА ён атрымлівае адны адпіскі і адмовы.

Новікаў: “Мы ж ужо дзіцячы дом, ня проста шматдзетная сям’я. Пераназвалі нас па-іншаму, але як не было нічога, так і няма. Былі бедныя, так і засталіся бедныя”.



Даведка “Свабоды”


У Беларусі два мільёны 920 тысяч сямей. 98 тысяч сямей гадуюць трох і болей дзяцей. Калі ў сям’і ёсьць дзеці да трох гадоў, а бацькі зарабляюць мала, то яны могуць разьлічваць на дзяржаўную дапамогу ў памеры васьмідзесяці працэнтаў ад мінімальнага пражытковага мінімуму (на сёньня МПМ — 243.570 рублёў).

У Францыі сем’і з чатырма дзецьмі ня плацяць падаткаў. Ільгота распаўсюджваецца на ўсіх грамадзянаў незалежна ад іхніх прыбыткаў, нават на мільянэраў.

У Швэцыі шматдзетная сям’я атрымлівае істотную прагрэсіўную дапамогу, памер якой павялічваецца з нараджэньнем чарговага дзіцяці.

У Нямеччыне ў шматдзетных сем’ях за нараджэньне кожнага дзіцяці маці атрымлівае дадатковы падатковы бонус. 179 эўра ў месяц дзяржава плаціць на кожнае дзіця.

У Фінляндыі дзяржава дорыць кожнай маці “пакет” для нованароджаных, які ўтрымлівае ўсё, што трэба дзіцяці цягам першага году жыцьця. Кошт такога “пакета” — некалькі соцень эўра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG