Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым тлумачацца рэзкія заявы расейскага міністра фінансаў Аляксея Кудрына аб стане беларускай эканомікі, якія прагучалі падчас візыту расейскай урадавай дэлегацыі ў Менск? Чаму пасьля далучэньня Беларусі да “Ўсходняга партнэрства” Масква ў адносінах зь Менскам вырашыла ўжываць пугу, а ня пернік? Якія варыянты дзеяньняў мае цяпер кіраўніцтва Беларусі?

Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце” разважаюць: з Менску – палітоляг Андрэй Ляховіч, з Масквы – аналітык Віталь Портнікаў, з Бэрліну – палітоляг Марцін Шон.

Дракахруст
: Галоўная сэнсацыя падчас візыту ў Беларусь расейскай урадавай дэлегацыі на чале з прэм’ерам Уладзімерам Пуціным адбылася ў кулюарах менскіх сустрэчаў. Па меншай меры публічная сэнсацыя. Пра што гаварылі 3 гадзіны Лукашэнка з Пуціным, невядома. А вось міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын у гутарцы з журналістамі не выбіраў выразаў. Мала таго, што паводле яго Расея адкладае выдзяленьне Беларусі апошняй траншы крэдыту на 500 мільёнаў даляраў. Кудрын заявіў, што ў канцы гэтага – на пачатку наступнага году Беларусь можа наагул стаць неплатаздольнай дзяржавай.

Вось яшчэ некалькі заяваў расейскага міністра:

– у першым квартале году Беларусь на падтрымку курсу патраціла траціну золатавалютных рэзэрваў, і калі разьвіцьцё пойдзе такімі тэмпамі, то пры канцы трэцяга кварталу валюты ў яе проста не застанецца;

– адміністрацыйны рэсурс Беларусі падмяняе рынкавыя мэханізмы;

– пазыцыя Беларусі ў адносінах да Расеі ўтрыманская;

– у Беларусі ідзе адцягваньне крызісных зьяваў штучным шляхам.

Кудрын да таго ж нагадаў, што і МВФ затрымлівае выдзяленьне Беларусі чарговай траншы крэдыту. Расейскі міністар фактычна паўтарыў тое, што ў эфіры “Свабоды” шмат разоў казалі беларускія незалежныя эканамісты. Дый яшчэ – і Кудрын, і Пуцін даволі жорстка адкінулі просьбы-патрабаваньні беларускага боку захаваць ранейшы рэжым доступу беларускіх тавараў на расейскі рынак. Што ўсё гэта азначае: у расейскага кіраўніцтва толькі цяпер адкрыліся вочы на сутнасьць эканамічнай палітыкі афіцыйнага Менску, колькасьць ранейшых сумневаў і дакораў перайшла ў якасьць, крызіс прымушае расейскае кіраўніцтва ставіцца да расейскіх рэсурсаў больш абачліва ці што? У чым прычына такога дэмаршу?

Ляховіч
: Я лічу, што гэты візыт Пуціна ўкладаецца ў вялікую геапалітычную гульню Расеі, якую яна цяпер пачынае. Расеі патрэбны “Белтрансгаз”. І сапраўдныя перамовы цягам трох гадзінаў ішлі не аб жанчынах і футболе, а менавіта аб “Белтрансгазе”.

Расея высачыла заяву намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура аб немагчымасьці падзелу акцыяў “Белтрансгазу” ў прапорцыі 50:50, адрэагавала на заяву Лукашэнкі аб тым, што кожны інвэстар, які прыходзіць у Беларусь, абавязкова павінен выконваць шэраг умоваў (“У тым ліку і “Газпром”, – падкрэсьліў Лукашэнка). І Расея хоча ўдакладніць гэтае пытаньне.
Расея можа паставіць пытаньне продажу кантрольнага пакету акцыяў “Белтрансгазу”...


Па-другое, Расея бачыць, што цяпер у Беларусі сапраўды могуць быць эканамічныя цяжкасьці, і з заявы Кудрына, што ў нас пры канцы трэцяга кварталу ня будзе золатавалютных рэзэрваў, вынікае, што Расея можа паставіць пытаньне продажу кантрольнага пакету акцыяў “Белтрансгазу”, вылучаючы гэта ўмовай выдзяленьня дадатковых крэдытаў і падтрыманьня Беларусі праз сыстэму дзяржзакупак.

Заявы Кудрына і Пуціна сьведчаць пра тое, што расейцы тут гулялі ў добрага і кепскага паліцыянтаў. Пуцін казаў, што Расея працягне падтрымліваць Беларусь крэдытамі і заўсёды падставіць плячо Беларусі. Пры гэтым Пуцін казаў, што Кудрын лібэральны міністар і таму агучвае свае лібэральныя ідэі. Але цалкам адкідаць тое, што казаў Кудрын, нельга. Фактычна тое, што казаў Кудрын, – гэта тое, што хацела сказаць Расея, але не хацела казаць вуснамі Пуціна – што яе ў сытуацыі крызісу цікавяць кантрольныя пакеты акцыяў беларускіх прадпрыемстваў, у першую чаргу “Белтрансгазу”.

Імкненьне Расеі ўзяць пад кантроль “Белтрансгаз” мае наўпроставае дачыненьне і да расейска-ўкраінскіх адносінаў. У 2017 годзе канчаецца тэрмін арэнды Севастопалю як базы Чарнаморскага флёту Расеі. Расеі патрэбны вагары ціску на Ўкраіну, каб падоўжыць гэтую арэнду. Самы моцны вагар – гэта пастаўкі газу, але гэты вагар будзе сапраўды дзейсны, калі Расея зможа пастаўляць газ у Эўропу празь іншыя маршруты.

Дракахруст: Віталь Портнікаў, а якая вашая трактоўка гэтага дэмаршу Аляксея Кудрына і залагоджваньня дэмаршу Ўладзімерам Пуціным?

Портнікаў
: Мне здаецца, недарэчы казаць, што можна неяк разьдзяліць Кудрына і Пуціна. Аляксей Кудрын – гэта чалавек Уладзіміра Пуціна. Ён знаходзіцца на чале расейскага фінансавага ведамства выключна дзякуючы прэм’ер-міністру Расейскай Фэдэрацыі, іншыя расейскія кіраўнікі робяць усё магчымае, каб спадара Кудрына пазбавіцца. Таму міністар фінансаў ня робіць нічога, не ўзгадніўшы сваіх дзеяньняў і тым больш публічных заяваў з прэм’ерам Расейскай Фэдэрацыі.

Кудрын – гэта і ёсьць Пуцін, Кудрын сказаў тое, што Пуцін сказаў спадару Лукашэнку падчас іх асабістай размовы. А вось тут пытаньне, чаму яна была такой жорсткай? Расея, безумоўна, раздражнёная Беларусьсю. Гэта ня новае раздражненьне, але цяпер да яго дадаўся новы фактар – манэўраваньне Аляксандра Лукашэнкі. І гэта не навіна, ён імкнуўся манэўраваць і раней, але цяпер гэтыя яго манэўры атрымалі стрыманую ўхвалу Захаду. Я маю на ўвазе “Ўсходняе партнэрства”.
Усё гэта было б кепска, калі б аналіз Аляксея Кудрына гэтак жа не падыходзіў да самой Расеі, як і да Беларусі...


Тут варта прыгадаць словы прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева падчас саміту Расея – Эўразьвяз у Хабараўску. Ён сказаў наконт “Усходняга партнэрства”, што Эўразьвяз спрабуе стварыць канструкцыю для краін, якія варожа ставяцца да Расеі. Але на саміце партнэрства былі тры найбліжэйшыя саюзьнікі Расеі – Малдова, Беларусь і Армэнія. Гэта важна, што Расея нібыта не заўважыла, што туды прыехалі і яе саюзьнікі, ці яна лічыць, што яны не такія ўжо вялікія яе саюзьнікі.

Сам той факт, што Аляксандар Лукашэнка можа весьці ўласную гульню, што беларуская дэлегацыя можа знаходзіцца за адным сталом з дэлегацыяй Грузіі, Украіны і Азэрбайджану, што Лукашэнка за дзень да саміту “Ўсходняга партнэрства” сустракаецца зь Віктарам Юшчанкам, чалавекам, які выклікае вострую алергію ў Дзьмітрыя Мядзьведзева і Ўладзіміра Пуціна, і дзякаваць украінскаму прэзыдэнту і казаць “мы заўсёды разам з Украінай” – гэта ня можа не выклікаць абурэньня. І тады Аляксандра Лукашэнку імкнуцца паставіць на месца. Яму кажуць, што яго краіну чакае дэфолт, гавораць, што без расейскай падтрымкі яму канец, яму раяць ня весьці ніякіх гульняў з Захадам, а проста прыняць расейскія ўмовы. Па вялікім рахунку, гэта перавод на фінансавую мову прапановы ўвайсьці ў Расею шасьцю абласьцямі, якая ў 2002 годзе прагучала ад тады яшчэ прэзыдэнта Расеі Пуціна і, можна сказаць, уратавала беларускую дзяржаўнасьць, назаўжды паставіўшы кропку на ўсёй камэдыі з аб’яднаньнем Расеі і Беларусі.

Усё гэта было б кепска, калі б аналіз Аляксея Кудрына гэтак жа не падыходзіў да самой Расеі, як і да Беларусі. Гэтак жа, як ня будзе грошай у Беларусі, у той жа момант, калі не раней, ня будзе грошай у Расеі. Расею, як і Беларусь, чакае такі самы эканамічны крах, які будзе суправаджацца і палітычным крахам яе недзеяздольнай кіроўчай сыстэмы.

Дракахруст: Марцін Шон, а як гэты канфлікт бачыцца зь Нямеччыны? І ці не атрымліваецца так, што калі ўжо Заходняя Эўропа, Нямеччына ўвязаліся ў гульню перакупляньня Лукашэнкі, дык і перакупляць давядзецца рэальнымі грашыма? Ну вось не далі расейцы 500 мільёнаў даляраў, ня выключана, што заўтра беларускія прадстаўнікі прыедуць у Бэрлін і скажуць: “Бачыце, мы за вас жа цярпім. Плаціце”.

Шон
: Зразумела, што Лукашэнку трэба шукаць дадатковыя варыянты фінансаваньня рубля і беларускай эканомікі ў становішчы крызісу. Пытаньне ў тым, ці сапраўды Расея мае намер ня выплаціць гэтых 500 мільёнаў. Нельга ж забывацца пра тое, што Расея прапанавала выплаціць гэтыя грошы расейскімі рублямі, так што яна гатовая даць грошы, але хоча адначасна і падтрымліваць сваю валюту і не губляць уласных валютных рэзэрваў. Я не выключаю, што бакі яшчэ дамовяцца.
Раней ці пазьней хтосьці мусіць плаціць ...


Але Лукашэнку трэба ўдакладніць, зразумела, неафіцыйна, у якім аб’ёме Захад можа фінансаваць яго добрае да Захаду стаўленьне, бо раней ці пазьней хтосьці мусіць плаціць: альбо Расея будзе плаціць за прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, альбо Эўразьвязу давядзецца плаціць за ляяльнасьць яму. Што з гэтага атрымаецца, пакуль няясна, але мне здаецца, што ў Эўразьвязу ёсьць сур’ёзная зацікаўленасьць трымаць Беларусь на сваім баку.

Лукашэнка спрабуе працягваць курс, з аднаго боку, не прызнаваць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі і атрымаць за гэта грошы з Захаду і ў той жа час казаць Маскве, што мы вашыя саюзьнікі, мы вас падтрымліваем, і паспрабаваць праз праграмы вайсковага супрацоўніцтва трымаць пры сабе свайго “вялікага брата”.

Дракахруст: Ужо ўсе нашыя суразмоўцы закранулі ўступленьне Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства” і надзвычай нэрвовую рэакцыю на гэта Масквы. Марцін казаў пра вельмі вострую праблему прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Так выглядае, што беларускія ўлады сваім далучэньнем да “Партнэрства” разьлічвалі на рэакцыю, адваротную той, якую агучыў Кудрын. Расею мог ахапіць страх страціць апошняга саюзьніка, і яна магла б пачаць ставіцца да пажаданьняў гэтага саюзьніка больш лагодна, чым раней. А атрымалася – менш лагодна. Чаму? Можа, Лукашэнка проста пралічыўся? Ён не чакаў такой рэакцыі Масквы?

Портнікаў: Мне здаецца, Лукашэнка не разьлічваў, што ён будзе атрымліваць грошы за свой удзел ва “Ўсходнім партнэрстве” і за тое, што ён прызнае Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Калі б было жаданьне прызнаць, то яно даўно было б рэалізаванае: як мы разумеем, у Аляксандра Лукашэнкі няма інстытуцыянальных праблемаў з прызнаньнем. Было б жаданьне.
Ніякай стабільнай, такой, што мае будучыню, Расейскай Фэдэрацыі не існуе больш. А вось Беларусь яшчэ можа ўратавацца...


Але вы цалкам слушна сказалі пра фінансавую схему прызнаньня грузінскіх аўтаноміяў. У гэтым сэнсе Расея павінна выступаць, як Тайвань. Тайвань, калі ён імкнецца да прызнаньня сваёй дзяржаўнасьці як гістарычнага Кітаю, плаціць грошы краінам, якія гатовыя гэтую дзяржаўнасьць прызнаваць. Нават некаторыя эўрапейскія краіны, такія, як Македонія, спрабавалі прызнаць Тайвань у абмен на вялікую фінансавую дапамогу. Але ў Расеі няма такіх грошай, як у Тайваню. І ня трэба думаць, што Аляксандар Лукашэнка гэтага не разумее. Ён жыве ў рэальным сьвеце. Нам гэты сьвет можа не падабацца, погляды беларускага прэзыдэнта на гэты сьвет нам ня вельмі падабаюцца, але гэта рэальны сьвет. А спадары Пуцін і Мядзьведзеў жывуць у сьвеце ірэальным, у сьвеце ўласных фантазіяў. І гэта дазваляе спадару Лукашэнку гуляць зь імі ў розныя гульні такога кшталту і манэўраваць. Не таму, што ён лічыць, што яны рэальна паглядзяць на рэчы і дадуць яму грошы ў абмен на нейкія рашэньні, а таму, што яму трэба ратавацца ў рэальнай сытуацыі. Яны працягваюць кіраваць стабільнай, устойлівай краінай, якой больш не існуе на палітычнай мапе сьвету. Ніякай стабільнай, такой, што мае будучыню, Расейскай Фэдэрацыі не існуе больш. А вось Беларусь яшчэ можа ўратавацца.

Дракахруст: Андрэй, а на ваш погляд чаму не рэалізаваўся сцэнар, паводле якога далучэньнем да “Ўсходняга партнэрства” Беларусь падвысіць сваю “капіталізацыю”, сваю прыцягальнасьць у вачах Расеі, якая захоча ўтрымаць свайго апошняга саюзьніка і пачне яго ўлагоджваць, у тым ліку і фінансава. Ці не атрымалася так, што Менск у пастку трапіў такой гульнёй?

Ляховіч: Расея пры Пуціну, у адрозьненьне ад Расеі пры Ельцыну, не дае пернікаў, не вылучаючы ўмоваў. Аб безумоўнай падтрымцы, аб улагоджваньні гаворкі пры Пуціну не ідзе.

Дракахруст: Марцін, наколькі я разумею, у Эўразьвязу ёсьць два ў нечым супрацьлеглыя матывы: пашырыць свой уплыў і пры гэтым траціць як мага меней грошай. Ня выключана, што “Ўсходняе партнэрства” ў той форме, у якой паўстала, па змаўчаньні задавальняла і аб’яднаную Эўропу, і Лукашэнку: Эўропа ня траціць шмат грошай, а Лукашэнка падвышае сваю “капіталізацыю” ў вачах Масквы, так што ўплыў Эўропы пашыраецца, а плаціць за гэта Расея. Чаму такая прыгожая схема, на якую, магчыма, разьлічвалі і Эўропа, і Лукашэнка, ня выйшла?

Шон: Я згодны, што гэта вельмі прыгожая схема. Мне здаецца, што дагэтуль яна вельмі ўдала ажыцьцяўлялася. Але зразумела, што ў
У нейкі момант Расея павінна была ўцяміць, у якой ролі яна апынулася, што яна робіцца часткай гульні свайго суседа, што ня вельмі прыемна...
нейкі момант Расея павінна была ўцяміць, у якой ролі яна апынулася, што яна робіцца часткай гульні свайго суседа, што ня вельмі прыемна. І наступіў момант, калі Масква захацела паказаць Беларусі межы такой палітыкі і паставіць яе на месца. Відаць, вырашылі адзін раз ясна сказаць: “Хлопцы, у нас ёсьць дамоўленасьці, гаворка ідзе пра вялікія грошы, і мы ў любы момант можам спыніць нашы пералічэньні на вашыя рахункі”.

Зараз надыходзіць вырашальны этап у гэтай гульні. Цікава, наколькі здолее Аляксандар Лукашэнка ў такой сытуацыі супакойваць Маскву і дамовіцца зь ёй без таго, каб страціць значную долю эканамічнага сувэрэнітэту, і наколькі ў яго атрымаецца працягнуць палітычную гульню з Захадам.

Дракахруст: Марцін, на ваш погляд, якія цяпер ёсьць варыянты ў афіцыйнага Менску? Беларусь прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, выйдзе з “Усходняга партнэрства”, будзе прасіць тэрміновай грашовай дапамогі на Захадзе, будзе ўлагоджваць Расею – якія варыянты?

Шон: Тэарэтычна варыянтаў шмат, некаторыя зь іх вы пералічылі. Можна пайсьці назад, але гэта ня мае сэнсу. Мне здаецца, што і
Рэзкіх крокаў адыходу ад Захаду я не чакаю...
прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ня мае вялікага сэнсу, бо страчваецца ўвесь сымбалічны і палітычны капітал, які быў назапашаны за апошняга паўгоду, калі вяліся перамовы з Захадам аб збліжэньні. Выйсьці з “Усходняга партнэрства”, калі было дасягнута такое, ад чым год-два таму ніхто ня мог і марыць – гэта таго ня варта. Усё залежыць ад таго, наколькі катэгарычна Расея будзе ставіць пытаньне, але мне здаецца, што ў Масквы не такія ўжо вялікія магчымасьці.

Зразумела, Беларусь залежыць ад Масквы, Масква дае вельмі шмат грошай і зьяўляецца саюзьнікам першага гатунку. Але і ў Менску ёсьць чым чыніць ціск на Маскву. Я на месцы Аляксандра Лукашэнкі паспрабаваў бы знайсьці дадатковае фінансаваньне, магчыма і на Захадзе: ня варта забывацца, што і МВФ даў зразумець, што могуць быць яшчэ дадатковыя крэдыты. І калі Менск пойдзе па тым эканамічным сцэнары, які акрэсьліў МВФ, то магчыма, што будуць дадатковыя грошы і адтуль. Я не выключаю, што Лукашэнка здолее дамовіцца і з Расеяй аб апошняй траншы таго крэдыту. Так што рэзкіх крокаў адыходу ад Захаду я не чакаю.

Дракахруст: Віталь, а можа Лукашэнку варта проста патрываць? Вось прыехаў расейскі мядзьведзь у Менск, лапамі памахаў, а потым ізноў у берлагу заляжа і будзе больш лагодны.

Портнікаў: Сёньня ў Расеі шмат хто лічыць, што трэба проста пачакаць, каб усё стала, як раней, гэта значыць, пры высокіх цэнах на
Для Аляксандра Лукашэнкі важна, як і раней, не прымаць рашэньня, а абяцаць, як мага больш абяцаць. І з Захадам тое самае...
нафту. І гэтыя чаканьні, мне здаецца, шмат у чым вызначаюць тактыку расейскага палітычнага кіраўніцтва. Але наўрад ці беларускае палітычнае кіраўніцтва мае магчымасьць і раскошу жыць у такім салодкім чаканьні таго, што ўсё будзе добра. Таму для Аляксандра Лукашэнкі важна не чакаць, а рабіць нейкія дзеяньні. Я мяркую, што гэтыя дзеяньні будуць, але яны ня будуць аднабаковыя. Лукашэнка, хутчэй за ўсё, будзе дзейнічаць у абодвух кірунках, ён будзе працягваць дыялёг з Расеяй, наўрад ці гэта прывядзе да прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, бо няма ніякага сэнсу ў гэтым рашэньні. Гэтае рашэньне самой Расеі было яе грубай палітычнай памылкай. Расейская Фэдэрацыя са сваім прызнаньнем Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі – гэта краіна, якая знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі. Для Аляксандра Лукашэнкі важна, як і раней, не прымаць рашэньня, а абяцаць, як мага больш абяцаць. І з Захадам тое самае.

Тут узьнікае наступнае пытаньне – а хто ж дасьць грошы? І гэта ўжо пытаньне платаздольнасьці крэдытораў. Мне здаецца, што сёньня больш рэальна атрымаць грошы на Захадзе, чым у Расеі. Але ёсьць і іншая магчымасьць: атрымаць крыху там і крыху тут і пратрываць пэўны час. А потым думаць, што рабіць зь беларускай эканомікай. Без рашэньня гэтай праблемы будучыня Беларусі выглядае вельмі праблематычнай.

Ляховіч: Я мяркую, што афіцыйны Менск працягне свой курс паміж Захадам і Расеяй, каб не пускаць у Беларусь ні расейскага бізнэсу,
Я цалкам выключаю магчымасьць, што рэжым прызнае незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі...
расейскіх алігархаў, ні хвалі дэмакратызацыі з боку Захаду. У цяперашніх умовах Лукашэнка мае падставы разьлічваць на працяг падтрымкі з боку Расеі. Як бы Расея ні фыркала, яна вымушаная падтрымліваць Лукашэнку, маючы непрыемнасьці ў Грузіі і Ўкраіне. І цяпер Лукашэнка мае магчымасьць атрымліваць крэдыты з боку Захаду. Гэтая гульня будзе працягнутая.

Я цалкам выключаю магчымасьць, што рэжым прызнае незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, бо рэжым вельмі добра ведае, што непрызнаньне – прынцыповая ўмова дыялёгу з Захадам. А цяпер рэжым зацікаўлены ў тым, каб палепшыць адносіны з Захадам, каб зьняць шэраг прынцыповых вострых пытаньняў у адносінах з Захадам. І ствараць сабе праблемы гэтым прызнаньнем рэжым ня будзе.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG