Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура ня вызначылася адносна справы Аўтуховіча


Мікалай Аўтуховіч. Фота з архіву Свабоды

Мікалай Аўтуховіч. Фота з архіву Свабоды

У пракуратуры Беларусі дагэтуль ня вырашылі, ці падаўжаць расьсьледаваньне справы Мікалая Аўтуховіча, які працягвае галадоўку, а таксама Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі.

Сёньня ў пракуратуры Беларусі павінны былі вырашыць, ці працягваць расьсьледаваньне справы супроць трох жыхароў Ваўкавыску і як быць далей зь фігурантамі справы — Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам: вызваляць пад падпіску аб нявыезьдзе ці па-ранейшаму трымаць за кратамі. Як паведаміў кіраўнік прэсавай службы Пётар Кісялёў, рашэньне яшчэ не прынятае:

“Не, нічога пакуль новага няма. Пэўна, яшчэ вырашаюць”.

Кіраўнік прэсавай службы МУС Сьвятлана Бароўская, якая на мінулым тыдні казала, што па зьвесткі аб здароўі Мікалая Аўтуховіча варта зьвярнуцца да яе ў панядзелак, 1 чэрвеня, таксама ніякай інфармацыі не паведаміла:

“Нічога невядома. У мяне цяпер ідзе нарада зусім па іншым пытаньні, заўтрашнім”.

Мікалай Аўтуховіч галадуе 47-ы дзень. Паводле кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску Ганса-Ёгана Шміта, які наведаў Аўтуховіча ў сьледчым ізалятары 29 траўня, галадоўнік ацэньвае сваё самаадчуваньне як “здавальняючае”. Зь мінулай пятніцы зь Мікалаем Аўтуховічам ніхто не сустракаўся. Адвакат Павал Сапелка кажа, што спачатку яму трэба даведацца ў сьледчага пра пэрспэктывы сьледзтва.

Карэспандэнт: “Вы не былі ў яго сёньня?”

Адвакат Сапелка: “Не, спачатку мне трэба ўдакладніць пытаньні па справе”.

Сьледчы Віталь Кухарчык, які вядзе справу Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі, па-ранейшаму адмаўляецца кантактаваць з журналістамі.

Сваякі Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі кажуць, што ў справе няма зрухаў, і не выключаюць, што да аднаго абвінавачаньня могуць далучыць іншае — адносна гранатамёта, які нібыта знайшлі ў Ваўкавыску. Аднак пэўнасьці наконт гэтага эпізоду ні ў кога няма.

Дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла атрымала ліст ад бацькі, напісаны ўжо пасьля таго, як у сьледчым ізалятары адбылося іх спатканьне. Паводле Людмілы, настрой у яе бацькі значна палепшыўся:

“Мы хадзілі на спатканьне ўсёй нашай вялікай сям’ёй. Гэтаму ён быў вельмі зьдзіўлены. Вядома, цяпер ягоны настрой на тое, каб хутчэй выйсьці, павялічыўся. А мы будзем рабіць, што можам”.

Між тым сваякам Юрыя Лявонава спатканьняў не дазвалялі.

Юры Лявонаў працаваў намесьнікам дырэктара ваўкавыскай фірмы “Ніка-транс”, якую ўзначальваў Мікалай Аўтуховіч. У 2004 годзе Лявонаў быў асуджаны разам з Аўтуховічам нібыта за ўхіленьне ад падаткаў. Падпалкоўнік у адстаўцы Ўладзімер Асіпенка ў той час працаваў у падатковай інспэкцыі Ваўкавыску і публічна выказаўся ў падтрымку Аўтуховіча і Лявонава.

Цяпер Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньне ў падпале дому міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае прэтэнзіяў да Аўтуховіча. Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку падазраюць у судзеяньні Аўтуховічу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG