Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Эрыксан: Трэба разьвіваць Усходняе партнэрства


Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан

Падчас свайго старшынёўства ў Эўразьвязе, якое пачнецца з 1 ліпеня, Швэцыя будзе аддаваць вялікую ўвагу дачыненьням Беларусі і Эўразьвязу.

Пра гэта заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Адказваючы на пытаньне “Свабоды”, ён сказаў, што цяпер трэба разьвіваць ініцыятыву “Ўсходняе партнэрства”.

Стэфан Эрыксан на ўсе пытаньні журналістаў адказваў па-беларуску. І што адметна, нават карэспандэнты дзяржаўных выданьняў, улічваючы гэтую акалічнасьць, зьвярталіся да яго на беларускай мове.

Амбасадар адзначыў, што на саміце ў Празе ініцыятыва Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства” ўзяла добры старт:

“Што тычыцца Беларусі, то мы будзем надаваць шмат увагі менавіта дачыненьням Эўразьвязу зь Беларусьсю. Ініцыятыва “Ўсходняе партнэрства” ўжо стала праграмай. І цяпер, натуральна, разам з усімі краінамі Эўразьвязу і Эўракамісіяй мы будзем рабіць так, каб за тым добрым пачаткам, які быў закладзены ў Празе, ажыцьцявіць рэальныя дзеяньні, як на карысьць Беларусі, так і Эўразьвязу. Каб яны разьвіваліся”.

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў ня лічыць, што з пачаткам старшынства Швэцыі ў Эўразьвязе адбудуцца кардынальныя зьмены ў дачыненьнях паміж эўрапейскай супольнасьцю і Беларусьсю. Але пэўныя акцэнты зьявяцца, цьвердзіць палітоляг:

“Рэчышча дачыненьняў зададзена. Гэта — “Усходняе партнэрства”. І далейшыя дачыненьні Эўразьвязу зь Беларусьсю будуць менавіта ў гэтых рамках. Але чым будзе напоўнена “Ўсходняе партнэрства” — гэта яшчэ вялікае пытаньне. Тут многае залежыць як ад Эўразьвязу — колькі ён будзе даваць грошай, якія праекты ён распачне першымі, — так і ад беларускага боку: як яны пойдуць на супрацоўніцтва, якія праекты яны гатовыя распачаць перш-наперш?

Так, Швэцыя — ініцыятар “Усходняга партнэрства”. Але, як мне бачыцца, Швэцыя больш прынцыпова выступае за захаваньне павагі да правоў чалавека ў Беларусі. Таму я мяркую, што швэдзкае прэзыдэнцтва будзе трошкі больш жорстка размаўляць з афіцыйным Менскам наконт павагі да правоў чалавека. І пра абумоўленасьць разнастайных крокаў у межах “Усходняга партнэрства”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька кажа, што АГП ужо пачала працаваць са швэдамі, не чакаючы 1 ліпеня:

“Мы праводзілі ўжо перамовы на тое, каб выкарыстаць гэты час для таго, каб высьветліць інструмэнты рэалізацыі праграмы “Ўсходняга партнэрства”. Гэта вельмі важна, каб не складаць нешта падобнае да апошніх няўдалых праграм Эўразьвязу, калі ўсе яны павінны былі ўзгадняцца зь беларускім урадам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG