Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію кіраўнікам вядучых расейскіх мэдыяў. Антырасейскія выказваньні кіраўніка Беларусі, якія прагучалі напрыканцы мінулага тыдня, выклікалі рэзананс у Расеі.


Аляксандар Лукашэнка загадаў сваім чыноўнікам ня кланяцца перад Расеяй, а “шукаць сваё шчасьце ў іншай частцы плянэты”. Так ён адрэагаваў на выказваньні міністра фінансаў Расеі Ўладзімера Кудрына, які спрагназаваў дэфолт у Беларусі. А.Лукашэнка абвінаваціў расейскага міністра ў спробе пасеяць паніку ў краіне. Ён заявіў, што Кудрын “цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі, якія тут на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць вучыць працаваць”. У расейскіх мэдыях адзначылі, што кіраўнік Беларусі фактычна абвясьціў пра разрыў партнэрскіх стасункаў з Расеяй.

Вядомы расейскі палітык Канстанцін Затулін лічыць, што падобныя заявы сьведчаць пра паглыбленьне раздражнёнасьці як з боку А.Лукашэнкі, так і з боку Расеі:

Канстунцін Затулін
“Усё ж вышэйшае расейскае кіраўніцтва ўстрымліваецца ад таго, каб даваць такія ацэнкі, якія дазволіў сабе прэзыдэнт Беларусі. Іншая рэч, што ў расейскім кіраўніцтве знаходзяцца асобы, я маю на ўвазе Кудрына, якія атрымоўваюць карт-блянш на выказваньні. Сытуацыю не назавеш здаровай, нармальнай, але гэта не разрыў стасункаў. І гэта яшчэ ня ёсьць незваротным пагаршэньнем стасункаў. Справа ў тым, што працягваецца, па вялікім рахунку, гандаль, які вядзе Беларусь у зьвязку са сваёй геапалітычнай арыентацыяй. Флірт Беларусі з Захадам пачаўся не са словаў Кудрына, а нашмат раней, калі Беларусь атрымала ад МВФ крэдыт на вельмі жорсткіх умовах, якія прыняла бязмоўна, спадзеючыся, што гэта будзе ацэнена на Захадзе”.

Паводле спадара Затуліна, афіцыйны Менск патрабуе крэдытаў у Расеі, нібы дэпрэсіўны расейскі рэгіён. Таксама ён мяркуе, што Беларусь больш ня хоча выглядаць безаглядным прыхільнікам Расеі.

“Калі Лукашэнка цяпер Захаду робіць камплімэнты дзеля паляпшэньня стасункаў, то з Расеяй ён гаворыць усё больш узбуджаным і крыклівым тонам. Сам па сабе гэты тон не да твару прэзыдэнту, які так доўга знаходзіцца на пасадзе. Гэта больш падобна да хлапечага голасу, які ламаецца. Гэта выглядае надзвычай непрыемна. Я спадзяюся, што ў Расеі і далей будуць трымаць паўзу і ня будуць на гэта рэагаваць. Безумоўна, Кудрын ня меў рацыі, калі вынес гэта на публічнае абмеркаваньне. Але яшчэ больш ня мае рацыі Лукашэнка, які вырашыў скарыстаць гэтую нагоду, каб уторкнуць шпільку Расеі. Я ня думаю, што гэта ў цэлым паляпшае ня толькі двухбаковыя стасункі, але і аўтарытэт Лукашэнкі”.

Паводле маскоўскага палітоляга Кірыла Коктыша, дагэтуль ніводнае з эмацыйных выказваньняў А.Лукашэнкі радыкальна не ўплывала на стан беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Кірыл Коктыш
“Таму, я думаю, і цяпер пыл асядзе. І больш ці менш будзе аднаўляцца тая структура, якая была. Але, канечне ж, на горшых для Беларусі ўмовах. Расея адмяніла прывілеі, якія распаўсюджваліся на беларускую прамысловую прадукцыю. Беларуская прадукцыя можа канкураваць толькі на агульных умовах. І гэты захад, у ліку іншых, меў сваім наступствам назапашваньне на складах каля месячнай нормы прамысловай вытворчасьці. Складаецца ўражаньне, што Расея страціла зацікаўленасьць ва “Ўсходнім партнэрстве”. Ёсьць нейкае расчараваньне, а з другога боку — разуменьне, што без расейскага рынку ніяк становішча Беларусі не вырашаецца”.

Паводле аглядальніка выданьня “RusEnergy” Міхаіла Круціхіна, чакаецца, што 10 чэрвеня ўсё ж пачнецца будаўніцтва Балтыйскай нафтаправоднай сыстэмы БТС-2 у абыход Беларусі. У выніку Беларусь панясе страты на тарыфах па транзыце расейскай нафты.

Ён мяркуе, што ў А.Лукашэнкі няма магчымасьці паўплываць на тое, каб Расея адмовілася ад гэтай ідэі.

“Я думаю, што ў Лукашэнкі ня хопіць палітычнага ціску на Расею, бо ў гэтым зацікаўленыя некаторыя групы расейскіх бізнэсоўцаў, такія, як будаўнікі тэрміналу ва Ўсьць-Лузе на Балтыцы. Гэта спадар Цімчанка, які, па некаторых дадзеных, мае прамы выхад на расейскае кіраўніцтва”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG