Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Дашуком перанесены


Максім Дашук

Максім Дашук

Працэс над адным з фігурантаў “справы 14-ці” Максімам Дашуком, які сёньня павінен быць пачацца ў судзе Маскоўскага раёну Менску, адкладзены на няпэўны тэрмін.


Прычына -- хвароба аднаго з народных засядацеляў на працэсе.

Максім Дашук – адзін зь фігурантаў “справы 14-ці”. Яму выставілі абвінавачаньне ў парушэньні ўмоваў адбыцьця пакараньня (артыкул 415 Крымінальнага кодэксу). Максіму пагражае зьняволеньне тэрмінам ад шасьці месяцаў да трох гадоў.

Абвінавачаньне Максіму Дашуку было выстаўлена сёлета 23 лютага. Паводле праваахоўных органаў, Дашуку было вынесена некалькі папярэджаньняў за парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня ў выглядзе “хатняга” арышту.

Паводле М.Дашука, усе папярэджаньні былі вынесеныя за тое, што ён не знаходзіўся ў кватэры ў патрэбны час. Хлопцу дазвалялася выходзіць з хаты толькі дзьве гадзіны на суткі, а трэба было дапамагаць маці, бо бацька памёр яшчэ ў красавіку.

У дзень выстаўленьня абвінавачаньня моладзевы актывіст быў зьмешчаны ў менскі СІЗА. Але на наступны дзень пракурор прыняў рашэньне зьмяніць зьняволеньне на падпіску аб нявыезьдзе.

Нагадаем, што непаўналетні Максім Дашук у 2008 годзе быў асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Максіма Дашука вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG