Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на візыт пераможцы Эўрабачаньня-2009 Аляксандра Рыбака ў Менск. Аўтары тэлефанаваньняў дзеляцца навінамі свайго жыцьця, а таксама працягваюць дыскусію пра Аляксандра Мілінкевіча з нагоды зьяўленьня ў “Народнай Волі” публікацыі са спробай дыскрэдытаваць яго.


Пры канцы мінулага тыдня Менск паведаў пераможца Эўрабачаньня — 2009 Аляксандар Рыбак. Нарвэскі сьпявак беларускага паходжаньня ўдзельнічаў у судзействе конкурсу “Новыя галасы Беларусі” на канале АНТ, а таксама сьпяваў на канцэрце ў Палацы рэспублікі. СМС-паведамленьне: “Вельмi смешна, калi БТ называе А.Рыбака сваiм! Брыдка! Iхнi -- Пеця Ялфімаў!”

Пётар Ялфімаў — сьпявак, які на сёлетнім конкурсе Эўрабачаньня прадстаўляў Беларусь. У фінал Ялфімаў ня выйшаў.

Працягнем праграму тэлефанаваньнем, у якім слухач дзеліцца навінамі свайго жыцьця.

Спадар: “Надакучыла жыць пад прыгонам. Няма слоў... Адна паказуха. Кароў няма каму выганяць. Пастухоў няма... Заробку няма, толькі домікі. Дырэктар стаў у Азярцах, Глыбоцкі раён, Віцебская вобласьць. Стаў, домік пабудаваў і ўсё на гэтым. Каб за працу заплацілі — ні халеры”.

Наш слухач вершаванымі радкамі выказваецца пра ўладу і прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Лявонцій:

“Яго Вялікасьць не прызналі,
Ня даў ім Бог на гэта дар.
І хутка некуды прапалі
Навек Захаранка й Ганчар.

А ён — каліф не на гадзіну,
А на паўвека ёсьць разьлік —
Стаў нам даводзіць, што адзіны
Ён Беларусі ратаўнік.

І што ж? Працуючы заўзята,
Кіруючы працяглы час,
Ён ад прыстойнае зарплаты
І пэнсіі ратуе нас.

Ратуе нас ад нашай мовы,
Ад нашых даўніх каранёў,
Ратуе дбайна і талкова
Ад беларускасьці асноў.

Ад дэмакратыі ратуе:
Навошта ўсім свабоду мець?
Занадта мудры ўсім дыктуе,
Што можна сьмець, а што ня сьмець.

Каго любіць і ненавідзець,
Каму пашану, каму ў дол.
Ды ўсё гучней гучыць: “Ізыдзі!”,
Гучыць “Ізыдзі!” навакол.

Ды дабрадзей яго ня чуе,
Ва ўладу ўпіўшыся кляшчом,
Ён працьвітаньне нам вяшчуе,
Жабрацтва сеючы кругом.

Ды Бог усё на сьвеце бачыць,
Ды Бог, вядома ж, не цяля,
За ўсе, за ўсе грахі аддзячыць,
Надыдзе час, ён круцяля”.


19 траўня газэта “Народная воля” надрукавала артыкул “Отбеливатель-М”, у якім робіцца спроба дыскрэдытаваць аднаго зь лідэраў апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Аўтар выказвае вэрсію, што існуе плян “Саляна — Лукашэнка”, паводле якога Аляксандар Мілінкевіч нібыта будзе ўцягнуты ва ўладу, а Аляксандар Лукашэнка атрымае новы легітымны прэзыдэнцкі тэрмін.

Аляксандар Мілінкевіч назваў артыкул паклёпніцкім і запатрабаваў абвяржэньня.

Слухачы працягваюць выказваць сваё стаўленьне да асобы Аляксандра Мілінкевіча.

Галіна: “Тэзіс Мілінкевіча “Беларусь вяртаецца ў Эўропу” разьлічаны, верагодна, на тых, хто зь нейкіх прычын незнаёмы з геаграфіяй. Нідзе, акрамя Эўропы, Беларусь і не была. Яна займае сваё месца ў Эўропе зь першага дня свайго заснаваньня. Гэта геаграфічна. Эканамічна — сам Лукашэнка сказаў, што 50 адсоткаў беларускіх тавараў прадаецца ў Эўропе, палітычна бліжэй, чым на адлегласьці насоўкі, наблізіцца да Эўропы Беларусі не дазволіць Расея. Так што эўрапеізаваць Беларусь, спадар Мілінкевіч, няма неабходнасьці, яна і бяз вас эўрапейская... Але тут ужо які прэзыдэнт, такая і Беларусь. Новы прэзыдэнт патрэбны. Ідэальны прэзыдэнт Беларусі — Зянон Пазьняк ці Аляксандар Казулін. Але Лукашэнка пазбавіўся ад моцных супернікаў”.

Спадар Мікалай: “У незалежнай прэсе зьявіліся зьедлівыя артыкулы з крытыкай Аляксандра Мілінкевіча. Але мне здаецца, што менавіта Мілінкевіч праклаў шлях Беларусі ў Эўропу праз “Усходняе партнэрства” і правільна ацаніў рэальную сытуацыю ў змаганьні за свабоду”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG