Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менская міліцыя затрымала сябраў аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Любоў Каменеву, Зьмітра Тамковіча і Ірыну Губскую.

У першы дзень тыднёвай кампаніі за здаровую сям’ю, якую ладзяць сябры аргкамітэту дзеля стварэньня БХД, міліцыянты затрымалі за расьцяжку супраць абортаў трох чалавек. У затрыманых актывістаў узялі пісьмовыя тлумачэньні, адбіткі пальцаў і адпусьцілі. Цягам тыдня ў 40 гарадах Беларусі ўдзельнікі кампаніі будуць вывешваць расьцяжкі, ладзіць пікеты і пэрформансы.

Супрацоўнікі службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі затрымалі лідэра маладых хрысьціянскіх дэмакратаў Любоў Каменеву, актывістаў аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Зьмітра Тамковіча і непаўналетнюю Ірыну Губскую ў той момант, калі маладыя людзі спрабавалі вывесіць расьцяжку на праспэкце Пераможцаў.

Любоў Каменева: “Мы спрабавалі вывесіць расьцяжку, на якой было напісана: “Дзякую Богу і тваёй маме, што яна не зрабіла аборт”. Да нас падышоў чалавек у цывільным. Ён паказаў нам свае дакумэнты супрацоўніка службы бясьпекі прэзыдэнта. Выклікаў супрацоўнікаў ДАІ, а тыя адвезьлі нас у міліцыю. У міліцыі ў нас узялі адбіткі пальцаў і тлумачэньні“.

Зьміцер Тамковіч таксама здаваў адбіткі пальцаў у міліцыі. Ён паведаміў, што ня ведаў пра тое, што менавіта праспэктам Пераможцаў павінен быў праехаць картэж Аляксандра Лукашэнкі празь некалькі хвілінаў пасьля таго, як над ім мелася зьявіцца расьцяжка.

“Супрацоўнік службы бясьпекі падышоў адразу да нас. Магчыма, ён падумаў, што на расьцяжцы ёсьць абраза Аляксандра Лукашэнкі. Магчыма, міліцыянты таксама падумалі, што мы хацелі абразіць Лукашэнку. Але мы ім патлумачылі, што наша акцыя была ў рамках кампаніі супраць абортаў. У нас узялі адбіткі пальцаў і адпусьцілі”.

Тыднёвую кампанію “Моцная сям’я — моцная Беларусь” распачалі ў Дзень абароны дзяцей актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец паведаміў, што ідэю правядзеньня кампаніі падказалі лічбы статыстыкі.

“У нас з тысячы зарэгістраваных шлюбаў афіцыйна развальваецца 721. 30% мужчын маюць алькагольную залежнасьць, паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя. У нас штогод праводзіцца каля 60 тысяч абортаў і адно зь першых месцаў па самагубствах.

Усё гэта мы зьвязваем зь бездуховасьцю, якая разбурае сям’ю. Дзяржава мала што робіць, каб гэтую сытуацыю стрымаць”.

Сэрыя акцый у рамках кампаніі “Моцная сям’я — моцная Беларусь” пройдзе ў 40 гарадах краіны. Актывісты БХД будуць ладзіць пікеты, прагляды фільмаў, пэрформансы, міжканфэсійныя канфэрэнцыі і творчыя конкурсы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG