Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – апошняя частка “азбукі паводзінаў”, што некалькі месяцаў гучала на хвалях Радыё Свабода пад агульнай назваю “Як?” Як жыць, як любіць, як рабіць прамаўлялася не дзеля парады, а зь нязьменнай запытальнай інтанацыяй. Я насамрэч ня ведаю – як гэта ўсё адбываецца ў зьмененым часе і толькі спрабую разгледзець пэўныя заканамернасьці ў навакольным жыцьці. Зразумела, што ў кожнага свой досьвед, але людзі, якія жывуць у адну эпоху, верагодна маюць і нейкую супольную этыку. А ці эвалюцыянуюць этыка і сам чалавек адносна таго, якімі мы іх ведалі ў даўнейшыя часы ды ў кнігах клясыкаў?

Зьменены чалавек

Самі клясыкі найчасьцей падкрэсьлівалі, што – не, сутнасьць чалавечая не эвалюцыянуе. Леў Талстой, кажуць, напрыканцы дзён сваіх дзівіўся: столькі тоўстых кніг напісаў, а чалавек не зьмяняецца, ня лепшае. Ці -- Алаіза Пашкевіч, памятаеце? – “Дзевятнасьце сотняў, як Езус радзіўся. І за гэту пору мужык не зьмяніўся”.

Пасьля гэтых выказваньняў мінула сто гадоў. Сёньняшні чалавек стаў больш тэхнічна аснашчаным і шчыльней сацыялізаваным, чым той Цётчын мужык. Але пры гэтым у істоце сваёй – ва ўчынках і пачуцьцях – наш сучасьнік больш нагадвае пэрсанажаў анімалістычных тэлеканалаў. Можна з аднолькавым захапленьнем глядзець сэрыял пра сурыкатаў і сэрыял пра мэксіканскія любоўна-грашовыя ці расейскія мянтоўска-бандыцкія жарасьці – і паўсюль бачыць адныя простыя схемы паводзінаў.

Нормы этыкі застаюцца ў цэлым тыя самыя, іншая рэч, што больш прымітыўным у этычным вымярэньні становіцца чалавек. Ужо няма такіх складаных псыхалягічных драм, як трыццаць, пяцьдзесят, сто гадоў таму, і на ўроку не разьбіраюць, што б на месцы героя зрабіў ты. Мудрагелістасьць сышла ў інфраструктуру, а ў душы засталася арытмэтычная прастата.

Цынізм як неад’емная рыса палітыкі

Можна весьці дыялёг з “крывавым рэжымам”, прызнаючы, што цынізм закладзены ў самой прыродзе палітыкі – галоўнае, нікому пра гэта не казаць. Бо ёсьць рэчы, якія закладзены ў правілы гульні паміма тваёй волі і ўсё, што табе застаецца, -- згаджацца на прапанаваныя абставіны. Да прыкладу, ты агітуеш супраць абортаў і пры гэтым наразаеш сьвіны антрэкот. Здавалася б, што тут парадаксальнага? А тое, што ў цябе няма права казаць ад імя найвышэйшае справядлівасьці, бо нельга заклікаць да незабойства й займацца пры гэтым трупаедзтвам. Па самым вялікім рахунку, і твае словы пра зьніклых у кантэксьце наразаньня антрэкоту перастаюць быць абсалютным аргумэнтам. Іншыя гэта ўсё калі не ўсьведамляюць, дык адчуваюць і таму трактуюць твае словы не як аксіёму, а як тваю палітычную гульню.

Альбо вось – чутае шмат разоў ганарыстае самапіяраньне якога-небудзь студэнта “я вучуся ў прэстыжным унівэры, я атрымліваю эўрапейскую адукацыю”, але пры тым ледзьве ня ў кожным слове – памылка, бо чыстапісаньне перастала быць прэстыжным. Хоць чыстапісаньне – як чыстаплотнасьць, як першая прыкмета чысьціні намераў і чысьціні прынцыпаў.

Нядаўна на адным быццам прасунутым сайце давялося чытаць гутарку з Алесем Бяляцкім пра самыя пачаткі легальнага беларускага руху ў 1980-я гады. Гэта часы, сьведкам якіх давялося быць і мне таксама. Сёньня такі матэрыял – па ідэі, ужо крыніца, на які будуць спасылацца гісторыкі найноўшай мінуўшчыны, які будуць аналізаваць палітолягі, які прачытаюць аматары мэмуарыстыкі... Прызнаюся, калі дачытваў гэты тэкст, я быў чырвоны ад сораму. Быццам нехта наўмысна зганіў і Бяляцкага, і той маладзёвы рух, а найперш – прафэсію журналіста й літаратара. Абрыўкі фраз Бяляцкага, мэханічна зьнятыя з дыктафону, ніхто й не перачытваў сьвежым вокам, а так і выставіў на сайце, прыляпіўшы загаловак, натуральна, з памылкай. Бяляцкі, рух і прафэсія былі абсалютна цынічна выкарыстаныя зь мэтамі, цалкам супрацьлеглымі тым, што меліся на ўвазе – даць інфармацыю. У выніку – ані гістарычнай крыніцы, ані прадмету аналітыкі, ані, тым больш, мэмуарнае чытанкі. Чытач, як рыбка, чапляецца за прынаду, а ўцякае з парваным блясною ротам.

Згадваю гэты прыклад, а магу яшчэ шмат падобных у розных сфэрах – у дакумэнтальным кіно, напрыклад, у радыёжурналістыцы, само сабой, у палітыцы, -- прыкладаў, якія сьведчаць, што цынізм стаў ня толькі нормай, але й кіраўніцтвам да дзеяньня. І сёньня ўжо не разьбярэш, дзе яго болей – у сфэрах дэмакратычнай апазыцыі ці ў праўладных структурах. Што ў проста народзе, які не фігуруе ні там, ні там, яго шмат меней, гэта дакладна.

А можа быць, сьпіраль гісторыі – гэта й ёсьць пагружэньне ў цынізм і вынырваньне зь яго? Пагружэньне й вынырваньне... І насамрэч ніякай лінейнай эвалюцыі этыкі няма?

У чым прывабнасьць нашаніўства?

Пра тое, што чалавек робіцца ўсё больш простым у этычным вымярэньні сьведчыць поўны заняпад публікацыяў “на тэмы маралі” і ўвогуле адсутнасьць увагі да этыкі, найперш, у навуковым асяродку. Вось такі прыклад.

У свой час я задаўся пытаньнем – у чым прыцягальная сіла “Нашае Нівы” – газэты, якая стварыла беларускую нацыянальную ідэю. Ну не ў барацьбе ж супраць чорнае сотні або за вызваленьне сельскага пралетарыяту. Апошняй барацьбой маё пакаленьне было літаральна перакормленае на ўсіх ступенях адукацыі.

Адказ на гэтае пытаньне знайшоўся ў артыкуле сучасьніка той першай “Нашай Нівы”. Ён пісаў:

“Перад намі, як бачым, зьява нечувана цікавая: перараджэньне рэвалюцыйна-грамадзкага руху ў рух нацыянальны. І гэтая трансфармацыя адбываецца незалежна ад волі яе ініцыятараў. Сацыялістычны агітатар ішоў “у народ” абуджаць нянавісьць да пана і пратэст супраць дзяржаўнага ўладкаваньня... Сеяў нянавісьць да іншых, а ўзышла зь яе любоў больш сьвядомая да сваіх”. (Канец цытаты)

Што гэта значыць? Тое, што беларуская ідэя ў інтэрпрэтацыі нашаніўцаў была найперш ідэяй этычнай. І гэты яе зарад рабіў і робіць беларушчыну прывабнай на працягу ўсяго мінулага стагодзьдзя, аж да сёньняшніх дзён. Ён кліча да лепшага жыцьця і вынікае з народнае мудрасьці – няважна, якой ты нацыянальнасьці, абы чалавек быў добры. Ён яднае вакол беларускай ідэі і багатых і бедных, і левых і правых, і пасьпяховых і лузераў з фрыкамі. І так будзе заўсёды, калі беларушчына ня страціць свой этычны зарад.

Калі ж адбываецца наадварот – пачынаецца дзяленьне людзей паводле якіх-заўгодна прыкметаў на нашых і нянашых, беларушчына зараз ператвараецца ў садзьмуты балён – не ўздымаецца ў неба і вока ня радуе.

А зусім нядаўна давялося прачытаць кніжку дасьледчыка Андрэя Ўнучка “Наша Ніва” і беларускі нацыянальны рух”. Талкова напісаная праца, але галоўны акцэнт на тым самым – на сацыяльна-палітычнай сытуацыі, у якой разумныя нашаніўцы выбудоўвалі падмуркі сваёй ідэі. Кніжка дасьведчаная й па-навуковаму салідная, дарэчы, без памылак, але без акцэнту на этычным вымярэньні, таму ніяк і не перададзена ў ёй і не растлумачана прывабнасьць нашаніўства.

Этычны выбар

Прамінуўшы гэты момант, дасьледнік Андрэй Унучак фактычна прамінуў і наступны, рэлігійны. Ён напісаў пра пазыцыю “НН” паміж праваслаўем і каталіцтвам, згадаў пра тое, што лідэры “Нашай Нівы” былі масонамі, але, на жаль, не паглыбіўся ў іхныя рэлігійныя шуканьні. А гэтая тэма, верагодна, увесь час дыскутавалася ў рэдакцыі – якое веравызнаньне найлепшым чынам магло б быць зьнітаванае з этыкай нацыянальнае ідэі.

Урэшце, шукаючы нешта адно, нашаніўцы мусілі выпрабаваць гэта на сабе і разышліся ў розныя храмы. Аляксандар Уласаў і Гяльляш Леўчык былі мэтадыстамі, Францішак Аляхновіч – кальвіністам. Спачуваў кальвінізму і Антон Луцкевіч. Нарачоная Івана Луцкевіча Юліяна Мэнке была лютаранкай. Зь лютаранскай сям’і паходзіла і жонка Якуба Коласа Марыя. Калі дадаць сюды каталікоў, праваслаўных, мусульман, юдэяў і згадаць захопленага будызмам Ігната Канчэўскага, -- атрымаем паказальную карціну, якую толкам яшчэ ніхто не аналізаваў.

Нацыянальнае ўсьведамленьне беларуса дае магчымасьць найпаўней раскрыцца ягоным чалавечым якасьцям. А пра які рытуал веры мы маглі б сказаць тое самае?

Вось, бадай, і ўсе тры аспэкты, якія сёньня зводзяцца да пытаньняў – як жыць, як любіць, як рабіць? Гэта пытаньні выбару. Яны падставовыя. Бязь іх не адкажаш на астатнія пытаньні – як галасаваць, як пікетаваць, чытаць, агітаваць або спрачацца.

Будучы беларусамі ад нараджэньня, мы сапраўды выбіраем, ці быць нам беларусамі, ці кімсьці іншым ці проста нікім. Маючы зададзенасьць сям’і і ўлады на веравызнаньне, мы ўсё адно яго выбіраем паводле ўласных адчуваньняў таго, што нам бліжэй. Нарэшце, мы выбіраем прафэсію – не халтуру, якую будзем усё жыцьцё цынічна рабіць адно дзеля грошай, а работу, якая будзе нам па душы і ад якой будзе карысьць.

Гэты выбар – этычны. І робячы яго, мы этычна эвалюцыянуем – кожны сам па сабе. Але праз гэты пэрсанальны выбар мы становімся народам, які здольны будзе некалі зрабіць і выбар супольны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG