Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя скрытыкавала плян Квасьнеўскага

  • Тацяна Поклад

Аляксандар Квасьнеўскі

Аляксандар Квасьнеўскі

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі і незалежныя экспэрты зь Беларусі скрытыкавалі “Эўрапейскую альтэрнатыву для Беларусі”. Справаздачу з такой назвай падрыхтавала рабочая група па Беларусі Міжнароднага цэнтра за дэмакратычныя пераўтварэньні.


Паводле прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, справаздача не ўлічвае беларускія рэаліі і неадэкватна ацэньвае апазыцыю. Дыскусія адбылася ў часе сустрэчы ў Вільні 30 траўня з прадстаўнікамі групы і яе кіраўніком, экс-прэзыдэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім.

“Група Квасьнеўскага”, у якую уваходзяць пераважна былыя кіраўнікі дзяржаваў і зьнешнепалітычных ведамстваў, прааналізавала сытуацыю ў Беларусі і выступіла з прапановамі кантактаў з афіцыйным Менскам. Прадстаўнікі “групы Квасьнеўскага” мелі намер абмеркаваць падрыхтаваны дакумэнт зь беларускімі ўладамі. Аднак афіцыйны Менск адмовіўся ад сустрэчы.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі скрытыкавалі “Эўрапейскую альтэрнатыву для Беларусі”.

Анатоль Лябедзька, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якая гатовая распрацаваць сваю альтэрнатыўную справаздачу, адзначыў, што цяпер, напярэдадні сустрэчы “групы Квасьнеўскага” зь кіраўніком зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Хавіерам Салянам, да беларускіх незалежных палітыкаў і экспэртаў прыслухаліся.

Анатоль Лябедзька
“Нам трэба змагацца за тое, каб у сваіх рэкамэндацыях гэтая група ўлічвала пазыцыі прыхільнікаў перамен у Беларусі”, -- сказаў А.Лябедзька пасьля дыскусіі ў Вільні, у выніку якой “група Квасьнеўскага” падрыхтуе справаздачу для кіраўніцтва зьнешняй палітыкі Эўразьвязу.

У дыскусіі ў Вільні бралі ўдзел незалежныя экспэрты і апазыцыйныя палітыкі зь Беларусі, у іх ліку А.Лябедзька, А.Казулін, А.Саньнікаў, Ю.Губарэвіч, В.Сіліцкі, а таксама рэктар ЭГУ А.Міхайлаў, які ўваходзіць у рабочую "групу Квасьнеўскага".

А.Лябедзька прыехаў з канкрэтнымі прапановамі, у тым ліку і адносна тых мэханізмаў, якімі Эўразьвяз можа ўплываць на сытуацыю з дэмакратыяй у Беларусі, дзе па-ранейшаму парушаюцца правы чалавека і зьяўляюцца новыя палітвязьні.

“Было шмат крытыкі, яны яе прынялі. Мы дамовіліся пра тое, што трэба такія камунікацыі зрабіць пастаяннымі. Сталыя сустрэчы раз у 4-6 месяцаў і пастаянныя камунікацыі праз электронную пошту і скайп. Я сказаў пра нашае жаданьне падрыхтаваць даклад, які можа ў значнай ступені дапоўніць тое, што зроблена “групай Квасьнеўскага”, -- група гатовая інтэграваць гэта і зрабіць часткай сваёй наступнай працы. З усіх бакоў ёсьць станоўчы вынік, мы дамовіліся пра мэханізм супрацы”.

Экс-прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі сказаў, што менавіта, каб выслухаць меркаваньні беларускіх апазыцыйных палітыкаў і незалежных экспэртаў, ён і яго калегі па рабочай групе па Беларусі Міжнароднага цэнтра за дэмакратычныя пераўтварэньні і сустрэліся у Вільні.

Адносна магчымасьці дыялёга Эўропы зь беларускімі ўладамі з удзелам беларускай апазыцыі А. Квасьнеўскі адзначыў:

“Лічу, што ў Беларусі у выніку дыялёгу павінна быць больш дэмакратыі, а ня менш, -- а раз больш дэмакратыі, то і будзе дыялёг, у тым ліку і з удзелам апазыцыйных асяродкаў”.

Юрась Губарэвіч, намесьнік старшыні руху “За свабоду” адзначыў пасьля сустрэчы, што было выказана шмат крытыкі ў адрас справаздачы “групы Квасьнеўскага” з боку беларускіх удзельнікаў сустрэчы, але “па асноўных пытаньнях была дасягнутая згода – у прыватнасьці, адносна таго, што дыялёг паміж Эўропай і рэжымам А.Лукашэнкі мусіць быць жорстка абумоўлены”:

Юрась Губарэвіч
“Удзельнікі зь Беларусі па-рознаму ацэньвалі чаканьні у сувязі з супрацоўніцтвам з Эўразьвязам. Пераважная бальшыня тых, хто прыхільна ставяцца да больш шчыльнага супрацоўніцтва з Эўропай, хацелі б павялічэньня наўпроставых кантактаў, спрашчэньня атрыманьня і зьніжэньня коштаў візаў, магчымасьцяў для больш вольнага выезду для рэалізацыі бізнэсу, міжасобовых кантактаў, культурніцкіх абменаў. Гэта тое, што хацелі б у першую чаргу беларусы атрымаць ад такога супрацоўніцтва”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG