Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага праваабаронцу будуць судзіць 10 чэрвеня


Леанід Сьвецік
Леанід Сьвецік

Абласны суд прызначыў дату працэсу над Леанідам Сьвецікам, супраць якога КДБ высунуў абвінавачаньне ў распальваньні міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці.

Крымінальную справу мае разьбіраць судзьдзя Віцебскага абласнога суду Галіна Урбановіч. 11 тамоў справы супраць праваабаронцы Леаніда Сьвеціка тычацца зьяўленьня лістоў з пагрозамі ад імя віцебскай філіі “Русского Національного Едінства”, якія цягам 2006—2007 гадоў атрымлівалі тутэйшыя грамадзкія і апазыцыйныя актывісты.

Праваабаронца па-ранейшаму цьвердзіць, што ня мае дачыненьня да гэтых лістоў. Распачатую супраць яго абласной управай КДБ крымінальную справу лічыць перасьледам за сваю праваабарончую дзейнасьць — ён кансультаваў віцебскіх актывістаў, якія атрымлівалі лісты ад імя РНЕ і патрабавалі, каб міліцыя і Камітэт дзяржбясьпекі адшукалі тых, хто пагражае ім расправай за палітычныя погляды і праявы беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці. Аднак на працягу двух гадоў гэтыя структуры адмаўляліся заводзіць крымінальныя справы, аргумэнтуючы сваё рашэньне тым, што РНЕ — незарэгістраванае грамадзкае ўтварэньне.

20-га траўня мінулага году справу ўсё ж завялі, аднак спачатку сьведкам, потым падазраваным і ўрэшце абвінавачаным стаўся сам віцебскі праваабаронца. Абласная управа КДБ высунула супраць яго абвінавачаньне адразу па двух артыкулах крымінальнага кодэксу, але абласная пракуратура вырашыла, што няма дастатковых падставаў, каб вінаваціць Леаніда Сьвеціка ў паклёпе на прэзыдэнта РБ, і судзіць яго будуць толькі за распальваньне міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці.

Праваабаронца зьвярнуўся ў суд з шэрагам хадайніцтваў. Ён прасіў, каб судзьдзя Галіна Ўрбановіч зьмяніла падпіску аб нявыезьдзе на больш мяккую меру стрыманьня — на абавязацельства яўкі па выкліку, і каб яму вярнулі забраную падчас ператрусу 23 траўня мінулага году аргтэхніку. Аднак судзьдзя не задаволіла гэтыя хадайніцтвы.

Леанід Сьвецік кажа, што дамагчыся яму ўдалося толькі знаёмства са справай, у якую ўнесла ўдакладненьні пракуратура, і дазволу суддзі на аднадзённую паездку ў Менск:

"Суддзя Ўрбановіч даслала мне паведамленьне, што са справай я магу знаёміцца з 1-га да 4-га чэрвеня. І што 3-га чэрвеня я магу паехаць у Менск. Я хацеў паехаць, каб сустрэцца з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыі ды найлепей падрыхтавацца да абароны ў судзе. Аднак паездка ў Менск пад пытаньнем, бо я апасаюся, што могуць быць нейкія правакацыі".

Свае засьцярогі спадар Сьвецік тлумачыць тым, што, згодна з заканадаўствам, па кожным ягоным хадайніцтве мусіла быць вынесеная афіцыйная пастанова. Што да дазволу на паездку ў Менск, то судзьдзя даслала яму проста пісьмовы адказ, што яна “ня супраць” гэтае вандроўкі. І праваабаронца не выключае, што з прычыны адсутнасьці афіцыйнай пастановы яго ў любы момант могуць прызнаць парушальнікам падпіскі аб нявыезьдзе.

Паведамленьне пра пачатак судовага працэсу атрымалі і віцебскія актывісты, якія праходзяць у справе “лістоў ад РНЕ” ў якасьці пацярпелых. Сярод тых, хто ў свой час атрымаў гэткія лісты, — рэдактар газэты “Вітебскій курьер” і бюлетэня “Курьер із Вітебска” Ўладзімер Базан, былая старшыня абласной арганізацыі АГП Алена Залеская, вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда і шэраг мясцовых сябраў КХП БНФ.

Калі суд прызнае Леаніда Сьвеціка вінаватым, паводле артыкула 130, часткі 1 Крымінальнага кодэксу яму пагражае тэрмін зьняволеньня да 5 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG