Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У крызіс людзі эканомяць практычна на ўсім — на абедах, на летнім адпачынку, на шопінгу. Імкліва скарачаецца колькасьць фундатараў, ад якіх наўпрост залежыць будучыня хворых і адзінокіх людзей. Які сапраўдны кошт сусьветнага крызісу для беларусаў?

На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які рэгулюе разьмяшчэньне замежнымі арганізацыямі cродкаў у беларускіх банках. Дакумэнт падпісаны ў мэтах стварэньня спрыяльных умоваў для разьмяшчэньня замежнымі арганізацыямі грошай у банках Беларусі на дэпазытных рахунках. Цяпер замежнікі могуць адкрываць рахункі ў банках, і пры гэтым не рэгістравацца ў падатковых органах Беларусі, не падаваць падатковую дэклярацыю пра прыбыткі.

Як лічыць эканаміст Уладзімер Карагін, ведаючы праблемнасьць беларускай эканомікі і непрадказальнасьць уладаў чакаць масавага дэсанту ў Беларусь багатых людзей не выпадае:

Уладзімер Карагін
“Самі людзі не пацягнуцца, таму што пра Беларусь ведаюць перадусім з дрэннага боку. Значыць, трэба пра такія захады шырока інфармаваць замежныя дзелавыя колы, замежных прадпрымальнікаў. Гэтаксама можна прагназаваць, што гэтая мера не спадабаецца шмат якім урадам, якія таксама намагаюцца прыцягнуць грошы ў свае краіны. Бо калі да нас прыходзіць, то аднекуль жа сыдзе! Адпаведна, гэта ня вельмі прыхільна будзе сустрэта ў замежжы. Але, па вялікаму рахунку, я разьлічваю, што гэта крок станоўчы — бо лепш замежныя грошы, чым недахоп сродкаў. Гэта скрайне важна для беларускага бізнэсу. І ўвогуле калі на тое пайшло, грошы ж не пахнуць”.

Грошай бракуе ня толькі банкаўскім установам. Праўдападобна, што сёлета істотна адкарэктуюць свае пляны і звычайныя беларускія сем’і.

Міністэрства гандлю Беларусі падлічыла, што насельніцтва краіны ў час эканамічнага крызісу стала менш траціць на сталоўкі, кавярні і рэстарацыі. Паводле афіцыйных дадзеных, у сярэднім за месяц прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня зарабляюць каля 80 мільёнаў рублёў. Гэта прыкладна па 600 рублёў на чалавека, што адпавядае кошту адной булачкі.


На Гарадзеншчыне рэстараны і кавярні найчасьцей пустуюць.

У Вялікай Бераставіцы, дзе цяпер 20 тысяч насельнікаў, адзін рэстаран і тры невялічкія кавярні. Усе гэтыя ўстановы дагэтуль у дзяржаўнай уласнасьці.

Дырэктарка рэстарану Сьвятлана Пісанка распавядае, што крызіс адчулі і тут. Удзень местачкоўцы да іх практычна не заходзяць: рэстаранам карыстаюцца тыя, хто прыяжджае ў камандзіроўку:

“Грошай у людзей няма, таму і попыт, канечне, заўважна зьменшыўся”.

Дырэктарка таксама кажа, што наагул яны імкнуцца абслугоўваць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія замаўляюць абеды для сваіх рабочых. У выходныя тут адзначаюць вясельлі, дні нараджэньня ды іншыя сьвяты. Дзякуючы такім замовам і выжываюць.

У Слоніме — 50 тысяч жыхароў. Тут тры рэстараны і некалькі кавярняў.

Мясцовы журналіст Сяргей Чыгрын найперш кажа, што такіх устаноў замала для гораду. А па-другое, ён ведае, што сэрвіс слонімцаў не задавальняе.

“Сэрвіс на вельмі нізкім узроўні: мэню не разнастайнае, дый нясмачна гатуюць. Абслугоўваньне не вытрымлівае крытыкі. Адзін мой знаёмца распавядаў, што яму прынесьлі віно ў шчарбатым графіне. Ён зьвярнуўся да афіцыянткі, а яна яму параіла, каб ён наліваў з таго боку, дзе няма шчарбінкі”.

Нягледзячы на тое, што старажытная Гародня яшчэ ўражвае беларускіх ды замежных турыстаў, хутка, смачна і даступна ў цэнтры гораду паесьці нерэальна. Мясцовы жыхар Уладзімер Хільмановіч скардзіцца:

“Зараз, па сутнасьці, няма такіх пунктаў, нават у цэнтры гораду, дзе можна было б хутка, смачна і якасна пад’есьці. Горадня ў гэтым сэнсе абсалютна няразьвіты горад, і яе нельга параўнаць з гарадамі Літвы і Польшчы, дзе гэты сэрвіс на высокім узроўні”.

У Гомелі цяпер зачыненыя рабочыя сталоўкі на аўтарамонтным й вагонарамонтным заводах, прадпрыемстве вымяральных прыбораў ды іншых. Як правіла, у былых сталоўках разьмяшчаюцца крамы побытавай тэхнікі ды розных будаўнічых матэрыялаў. Зачыніліся кавярні “Дарожная”, “Пунсовая кветачка”. Меркаваньне спадара Міхаіла, які жыве ў мікрараёне “Стары аэрадром”:

“Нязручна тут. Няма месцаў адпачынку — зайсьці ў кавярню, пасядзець. Частку былой кавярні арандуе МТС, а больш нічога й няма”.

У кавярнях, якія ёсьць, — высокія кошты. Да прыкладу, кавярня “Бамонд” прапануе фірмовы салат за 25 тысяч рублёў, філе сьвініны з грыбамі — звыш 30 тысяч. Наведнікаў тут надзвычай мала.

Былая рэстарацыя “Беларусь” побач з аблвыканкамам пасьля рэканструкцыі пераўтворана ў культурна-забаўляльны цэнтар “Эўропа”. Тут — казыно, більярд, начны клюб. Сярэдні кошт заказу — 95 тысяч рублёў.

Шараговыя гараджане такія абноўленыя пункты грамадзкага харчаваньня абмінаюць. Маладыя гамельчукі наагул прызвычаілася бавіць час зь півам у дварах.


Днямі пачаліся праверкі дзіцячых летнікаў перад сэзонам адпачынку. Паводле Рэспубліканскага цэнтру аздараўленьня дзяцей, большасьць устаноў збудаваныя 30 гадоў таму, а некаторыя працуюць яшчэ з паваеннага часу. Знайсьці грошы на мадэрнізацыю ва ўмовах крызісу не ўдаецца. Сёлета толькі кожны трэці беларускі школьнік зможа трапіць у загарадны летнік.

На Магілёўшчыне ня прыме дзяцей яшчэ адзін аздараўляльны лягер. Гэта — 720 месцаў. Адкрыцьцё пяці летнікаў застаецца пад пытаньнем. У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць дзяцей, якія атрымаюць пуцёўкі, зьменшыцца амаль на 900 чалавек. Як кажа супрацоўнік абласнога ўпраўленьня цэнтру аздараўленьня, за лета дзіця можа пабыць у лягеры толькі адну зьмену — 18 дзён:

“Ёсьць пастанова ўраду, дзе агаворана, што дзіця мае права толькі на адну пуцёўку. У нас дастаткова базы, каб у гэтых лягерах аздаравіць усіх ахвочых дзяцей. Датацыя — 225 тысяч — ідзе ў лягер, куды едзе дзіця, астатнія грошы пералічвае прадпрыемства, а дзесяць працэнтаў плацяць бацькі”.

Магілёўскія прадпрыемствы пазбаўляюцца ад сваіх летнікаў, бо ня могуць забясьпечыць іх функцыянаваньне. 18 траўня абвясьціў пра продаж сваёй аздараўляльнай установы завод штучнага валакна.

Ня ўсе летнікі ўкамплектаваныя пэрсаналам. Ахвочых працаваць за 300 тысяч рублёў у месяц няшмат.
Супрацоўніца заводзкай адміністрацыі: “У нас няма сродкаў, каб адрамантаваць і ўтрымліваць гэты аб’ект, таму мы прадаём яго. Мы прапаноўвалі гораду з вобласьцю прыняць яго на балянс бязвыплатна. Калі былі сродкі й спансіраваліся пуцёўкі, там адпачывалі дзеці з забруджаных раёнаў. На гэта выдзяляліся сродкі з рэспубліканскага бюджэту”.

Ня ўсе летнікі ўкамплектаваныя пэрсаналам. Ахвочых працаваць за 300 тысяч рублёў у месяц няшмат.

Татальная эканомія часта вядзе да дрэнных наступстваў. У Магілёве часткова правалілася глеба каля новага падземнага пераходу, які злучае дзьве цэнтральныя магістралі — вуліцу Ленінскую і праспэкт Міру.

У выніку аварыі ўтварылася яміна глыбінёй два мэтры і дыямэтрам больш за тры. Пасярод прагалу апынуўся асьвятляльны слуп. Працай ратавальнікаў кіраваў старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў. Паказальна, што яшчэ нядаўна ўлады хваліліся, што збудавалі пераход датэрмінова і зь вялікай эканоміяй грошай. Гаворыць супрацоўніца гарвыканкаму:

“Залева была ў нас дужа цяжкая. У нас дамоў дужа шмат пазалівала. Цяпер кіраўніцтва гарадзкое зьбіраецца, будуць думаць, якія прымаць меры й што рабіць дзеля ліквідаваньня”.

На пераход патрацілі 10 мільярдаў рублёў, зэканомілі — 11. На чым і пагарэлі.
Падземны пераход адкрылі летась 19 сьнежня. Яго збудавалі за паўгода. Мэтады будоўлі ўлады называлі наватарскімі, бо звычайна на такія аб’екты адводзіцца каля 12 месяцаў. На пераход патрацілі 10 мільярдаў рублёў, зэканомілі — 11. На чым і пагарэлі, — прызнаецца прадстаўніца выканкаму. Да таго ж, будаўнікі, калі рабілі пераход, не праклалі ліўневай каналізацыі.

“Каб тэрміны вызначаліся іншыя, то такога б не адбылося. Канечне, ён вырашае праблему транспарту. Заўжды было нешта, аднак панікі было менш”.

Пераход у Магілёве пачыналі будаваць як найвялікшы ў рэгіёне і найбольш арыгінальны ў Беларусі. Для ўнутранага аздабленьня закупілі граніт і мармур, электрычны ліфт. Будоўлю ўлады называлі адной з галоўных.

У Беларусі ў час крызісу скарачаецца дабрачынная дапамога тым, хто ў патрэбе. Паводле дадзеных Міністэрства юстыцыі, сёлета не працуе практычна кожны другі з раней зарэгістраваных грамадзкіх фондаў. У гарадах Беларусі спынена дзейнасьці больш як 50-ці філіяў дабрачыннага Фонду дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.

У крызіс імкліва зьмяншаецца колькасьць фундатараў. У Зэльвенскім раённым Цэнтры карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі зараз папраўляюць сваё здароўе 4 дзіцяці зь цяжкімі парушэньнямі разьвіцьця. 30 дзеткам аказваецца комплексная карэкцыйная дапамога.

Акрамя гэтага, у раёне 278 дзетак з асаблівасьцямі псыхічнага разьвіцьця, 72 дзіцяці-інваліды, якія знаходзяцца пад наглядам спэцыялістаў Цэнтру.

Зэльвенскі цэнтар утрымліваецца на бюджэтныя сродкі, але заўсёды добра дапамагалі й фундатары, якіх з пачаткам крызісу паменела — распавядае намесьніца дырэктара, спадарыня Сьвятлана:

“Стала складаней. Мы вось ужо лісты фундатарам напісалі, бо 1 чэрвеня Дзень абароны дзяцей, дык яны сказалі чакаць, і пакуль няма адказу”.

Спадарыня Сьвятлана распавядае, што, нягледзячы на крызіс, іхнай установе дапамог прыватны прадпрымальнік спадар Макей: даў сродкі на добры рамонт.

А вось Слонімскі дзіцячы хосьпіс існуе толькі на ахвяраваньні дабрачынных арганізацый і прыватных асобаў. Нядаўна стала вядома, што арганізацыі нават няма чым заплаціць за камунальныя паслугі. Справа трошкі зьмянілася, калі тэму падхапілі журналісты — людзі і асобныя арганізацыі адгукнуліся на закранутыя праблемы. Кажа кіраўнічка хосьпісу Людміла Назарава:

“Вядома, у прадпрыемстваў з гэтым ёсьць пэўныя праблемы, бо яны павінны яшчэ зьвяртацца ў вышэйстаячыя арганізацыі па дазвол, каб нам дапамагчы. Але ня ўсе гэта хочуць рабіць”.

Спадарыня Назарава кажа, што пошук фундатараў працягваецца, бо сродкаў, якія ёсьць цяпер на рахунку, хопіць толькі на некалькі месяцаў.



Паводле апошніх зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, ужо больш як паўтысячы заводаў і фабрык у Беларусі ня маюць чыстага прыбытку. І колькасьць стратных прадпрыемстваў ва ўмовах крызісу павялічваецца. Прадпрыемствы ўсё часьцей карыстацца банкаўскімі крэдытамі, каб плаціць хоць бы некаторую частку гарантаванага заробку тым працаўнікам, якім знаходзяцца цяпер у змушаных адпачынках.
XS
SM
MD
LG