Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наш часопіс ператварыў беларускую мову ў моду


Ірына Віданава

Ірына Віданава

Ірына Віданава нарадзілася ў Менску. Дзесяць гадоў таму скончыла гістарычны факультэт БДУ. Пазьней займалася ў асьпірантуры, дасьледавала гісторыю Беларусі. З 1998 да па 2003 год была галоўнаю рэдактаркаю часопіса “Студэнцкая Думка”. Выкладала гісторыю Беларусі ў Ліцэі пры БДУ, працавала выкладчыкам на катэдры “Гісторыі старажытных часоў і сярэдніх вякоў Беларусі” гістфакультэта БДУ.

Два гады вучылася ў ЗША, дзе скончыла магістратуру па спэцыяльнасьці “Грамадзкая палітыка і міжнародныя адносіны”. Цяпер займаецца незалежнымі аналітычнымі праектамі.
— Маё зьяўленьне ў якасьці грамадзкага рэдактара на Свабодзе, як і большасьць падзеяў у маім жыцьці ў апошнія 10 гадоў, зьвязаныя з праектам, які для мяне распачаўся як цікавы студэнцкі экспэрымэнт, а пераўтварыўся ў прафэсію. 13 красавіка 1999 г. незалежны моладзевы часопіс “Студэнцкая Думка”, які выдаваўся тарашкевіцай, быў зарэгістраваны Міністэрствам інфармацыі. Дата хоць і вельмі ўмоўная, але добрая нагода адсьвяткаваць 10-я ўгодкі. Таксама даволі ўмоўныя, бо ўпершыню часопіс з такой назвай быў выдадзены беларускімі студэнтамі ў Заходняй Беларусі ў 1924 г.

У зарэгістраваным выглядзе часопіс праіснаваў няпоўных чатыры гады, бо быў пазбаўлены рэгістрацыі ў лістападзе 2003 г. Яшчэ два гады ён выдаваўся ў андэграўндзе, але пры гэтым бясплатна распаўсюджваўся ў кавярнях і крамах. Пасьля таго, як у лістападзе 2005 г. людзі ў цывільным адначасова канфіскоўвалі апошні друкаваны нумар “Думкі” ва ўсіх месцах распаўсюду і казалі, што часопіс быў надрукаваны “атручанай фарбай”, мяне многа разоў пыталіся, чаму рэакцыя рэжыму была настолькі жорсткай у дачыненьні да непалітычнага па сваім зьмесьце моладзевага выданьня.

Кароткі адказ: таму што і тады, і зараз
Усё незалежнае, беларускае, моладзевае, нестандартнае і створанае па ўласнай ініцыятыве разглядаецца гэтай сыстэмай як варожае.
усё незалежнае, беларускае, моладзевае, нестандартнае і створанае па ўласнай ініцыятыве разглядаецца гэтай сыстэмай як варожае. Але менавіта з-за пералічаных вышэй якасьцяў такія праекты, як “Думка”, ніколі ня могуць быць цалкам зьнішчанымі. Яны будуць адраджацца ў новых формах, бо застаюцца ідэі, каштоўнасьці, творчая энэргія і, галоўнае, людзі.

Пра каштоўнасьці. Тое, што “Думка” можа быць толькі па-беларуску, было абсалютна натуральным для тых, хто яе ствараў у 1920-я і ў 1990-я гады. Але я ганаруся тым, што мы здолелі “заразіць” беларускасьцю тых маладзёнаў, для якіх, на жаль, родная мова была амаль як замежная. Калі нашыя чытачы кажуць, што “першае, што ў часопісе зьдзіўляла і чапляла, была мова — стылёвая, выкшталцоная і цікавая” альбо “што часопіс ператварыў беларускую мову ў моду”, то мы існавалі не дарма.

Мы шмат экспэрымэнтавалі — з кантэнтам, дызайнам і мовай таксама. Мы пісалі пра новыя грамадзкія і культурніцкія зьявы, а для іх вызначэньня часам прыдумлялі словы. Нас цікавіла мода, соцыюм, мэдыі і гарадзкая культура. Тое, што яшчэ было ледзь заўважным ці абсалютна новым, але на наш погляд мела вялікі патэнцыял і павінна было выбухнуць. Калі ў 2005 годзе студумкаўцы віншавалі вікіпэдыю з народзінамі і адзначалі ўсяго 800 артыкулаў у беларускай Вікі, то цяпер іх колькасьць дасягнула 19,289 на тарашкевіцы і 15,356 на наркамаўцы.

Але самым галоўным для часопісу былі людзі. Мы шукалі і паказвалі тых, чые імёны яшчэ не былі вядомымі, але якія займаліся незвычайнымі справамі, насіліся з новымі ідэямі і не баяліся быць непадобнымі да іншых. За 10 год да праекта далучылася блізу 300 чалавек. І я хачу падзякаваць усім, хто ствараў, чытаў, падтрымліваў і крытыкаваў “Думку”, тым, хто разам з намі канструяваў Новую Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG