Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, летась беларускія непаўналетнія мацяркі нарадзілі 1383 дзіцяці. У той жа час для Беларусі, як і для многіх эўрапейскіх дзяржаваў, у цэлым характэрная тэндэнцыя павелічэньня сярэдняга ўзросту ўступленьня ў шлюб і нараджэньня дзіцяці. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэньні дзіцяці ў 2008 годзе быў амаль 27 гадоў.


Летась 14 немаўлятак нарадзілася ў 14-гадовых мам, 98 — у 15-гадовых. 16-гадовыя нарадзілі 327 дзетак, прычым у 12 юных маці гэта былі ўжо другія роды. Мэдыкі занепакоеныя: роды ў непаўналетніх мацярок — сур’ёзная праблема для здароўя і маці, і дзіцяці. Галоўны акушэр-гінэколяг Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Барсукоў:

Арганізм непаўналетняй не гатовы да родаў
“Самі роды юных дзяўчат, якія нараджаюць першы раз (да 18 гадоў) паводле працэнту ўскладненьняў заўсёды вышэй, чым у жанчын, якія лічацца функцыянальна дасьпелымі для нараджэньня дзіцяці. Акушэрскі траўматызм і мацярынскі, і ў народжаных дзетак значна вышэйшы. Арганізм непаўналетняй гатовы да зачацьця і выношваньня, але не гатовы да родаў”.

Лекар нэанатоляг-рэаніматоляг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру “Маці і дзіця” Андрэй Вітушка ўвесь час сутыкаецца з сур’ёзнымі паталёгіямі ў немаўлятак, якіх нараджаюць маладзенькія мамы:

“У мамаў-падлеткаў часьцей нараджаюцца неданошаныя дзеці. Гэта цягне за сабой цэлы комплекс асаблівасьцяў у разьвіцьці і праблем
Часта падлеткі да апошняга хаваюць сваю цяжарнасьць.
са здароўем. Дзеці ў такіх мамак звычайна не зусім жаданыя, гэта таксама адбіваецца на іх здароўі. З пэўнасьцю даказана, што настрой маці падчас цяжарнасьці, жаданьне ці нежаданьне таксама ўплываюць на здароўе плода, ну і, адпаведна, на працэс родаў і на здароўе нованароджанага дзіцяці. І яшчэ адна праблема: часта падлеткі да апошняга хаваюць сваю цяжарнасьць, і калі высьвятляюцца нейкія паталёгіі, заганы разьвіцьця, цяжкія спадчынныя хваробы ў плода — так ужо позна выявілася, што немагчыма нічога зрабіць”.

Раньняя цяжарнасьць, раньнія роды — і сур’ёзная сацыяльная праблема. Шмат якія дзяўчаты не гатовыя да такой адказнасьці, ня здольныя самастойна даглядаць дзіця. Па-другое, часьцяком яны не заканчваюць школу. Але вось што сказала нам прадстаўніца Міністэрства адукацыі:

“Я б не казала, што такая праблема існуе ў Беларусі. У Міністэрства адукацыі і органаў упраўленьня адукацыі такой статыстыкі няма. Усе гэтыя пытаньні вырашаюцца ў рабочым парадку. Калі дзяўчаткі зацяжаралі, яны проста вызваляюцца ад выпускных экзамэнаў”.

Сёлетняя выпускніца Кацярына распавядае:

“Мабыць, таму, што я вучуся ў гімназіі, у нас такіх выпадкаў не было. Але сярод сваіх аднагодак я чула ня раз пра тое, што і замуж выходзяць, і дзяцей нараджаюць. Распавядалі знаёмыя дзяўчаты: “аднаклясьніца замуж выходзіць, таму што нараджае”.

У Беларусі цяпер ёсьць падлеткавыя гінэколягі, створаныя цэнтры даверу для падлеткаў. Галоўны акушэр-гінэколяг краіны Аляксандар Барсукоў сур’ёзна вывучаў прычыны і наступствы раньніх цяжарнасьцяў у падлеткаў, знаёміўся з расейскім і замежным досьведам:

“Як правіла, раньні пачатак полавага жыцьця ў дзяўчат-падлеткаў абумоўлены альбо тым, што ў яе няпоўная сям’я, альбо ў сям’і
Дзяўчаты па настойлівасьці партнэраў ідуць на сэксуальныя адносіны.
адсутнічае ўвага бацькі да дачкі. Адносінаў даверу няма. Яна пачынае шукаць інтарэс у процілеглага полу. А псыхалёгія і фізіялёгія маладых людзей іншая — у іх гіпэрсэксуальнасьць. Таму, як правіла, гэтыя дзяўчаты не па сваёй віне ці жаданьні, а па настойлівасьці партнэраў ідуць на сэксуальныя адносіны”.

У Беларусі цяпер няма выпадкаў, калі непаўналетнія маці адмаўляюцца ад дзяцей. Па-першае, згодна з заканадаўствам дзеці, народжаныя непаўналетнімі, ня могуць ісьці на ўсынаўленьне, таму што мама на момант адмовы ад бацькоўскіх правоў мае толькі частковую прававую дзеяздольнасьць — з прычыны ўзросту.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня Натальля Пасьпелава распавяла, што калі прыходзяць дакумэнты на дзіця, ад якога адмаўляецца маці, і па даце нараджэньня маці відаць, што яна непаўналетняя, яны просяць супрацоўнікаў радзільні, органаў апекі па месцы жыхарства правесьці працу з бацькамі дзяўчынкі:

“І ў нас 100% выпадкаў, калі людзі з органаў апекі паразмаўлялі з бацькамі непаўналетніх парадзіх, і літаральна ўсе бацькі праявілі грамадзянскую сьвядомасьць, чалавечую падтрымку: маўляў, што ты, дурнічка, баялася нам сказаць, што зацяжарала... Усе забралі дзетак і шчасьлівыя”.

Сапраўды, у асноўным падлеткі знаходзяць паразуменьне ў сям’і, бацькі з радасьцю дапамагаюць. Натальля Пасьпелава распавяла некалькі гісторый. У адной сям’і бацька выхоўваў дзяўчынку адзін — маці памерла. Дачка ў 16 гадоў зацяжарала. Бой-фрэнд адмовіўся прызнаць дзіця. І бацька дзяўчынкі вельмі перажываў, што не дагледзеў дачку, не зьбярог, вырашыў сам усынавіць унука. Яшчэ адна гісторыя — пра 42-гадовую “маладую бабульку”, у якой зацяжарала 16-гадовая дачка:

“Жанчына патэлефанавала нам і кажа: “Я б хацела ўсынавіць дзіця, адразу ж, як толькі яна народзіць. Я хацела б разарваць яе праваадносіны зь дзіцем, яно ёй не патрэбна, яна абсалютна эмацыйна да гэтага “плода каханьня” ставіцца дрэнна, ня будзе добра гэтаму дзіцяці. Але гэта мая кроў, я буду яго ўсынаўляць”. І я кансультавала яе, што маленькая мама адразу адмовіцца ад дзіцяці на карысьць сваёй маці”.

Дарэчы, закон гэта дазваляе, калі гаворка ідзе пра сваякоў, якія хочуць усынавіць дзіця. Галоўны акушэр-гінэколяг Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Барсукоў падкрэсьлівае, наколькі важна для дзяўчынкі-падлетка адчуваць падтрымку і разуменьне:

“Добра, калі яна нарадзіла без праблем, зьявілася сям’я, і бацькі да гэтага паставіліся нармальна. Але ж бываюць такія цяжкія праблемы: дзяўчынка ў стрэсе, яна мітусіцца, яна баіцца сказаць пра сваё становішча, зацягваецца час, калі немагчыма зрабіць перарываньне цяжарнасьці... Мы цяпер укараняем найноўшыя мэтады — так званы бясьпечны мэдыкамэнтозны аборт. Наша мэта — нават калі здарылася непажаданая цяжарнасьць — мінімальна траўматызаваць арганізм гэтай дзяўчынкі”.

У Менску ёсьць дабрачынная грамадзкая арганізацыя “Здаровы выбар. Надзея. Ратаваньне”. Пры ёй працуе клюб “Маленькая маці”, куды можа зьвярнуцца кожная дзяўчынка па дапамогу. Якія праблемы ўзьнікаюць у юных мам, якая ім патрэбная дапамога, як яны ўпраўляюцца са сваімі клопатамі і праблемамі — тэма наступнага досьледу...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG