Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Кудрын цалкам кансалідаваўся з адмарозкамі


Аляксей Кудрын пасьля паседжаньня саюзнага саўміну ў Менску 28 траўня

Аляксей Кудрын пасьля паседжаньня саюзнага саўміну ў Менску 28 траўня

Сёньня Аляксандар Лукашэнка нэрвова адрэагаваў на ўчорашнія выказваньні міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына, які заявіў, што Беларусь наблізілася да мяжы неплатаздольнасьці, ды зьвязаў выдзяленьне Менску апошняй траншы расейскага крэдыту памерам у 500 мільёнаў даляраў з антыкрызіснымі дзеяньнямі беларускага ўраду. Лукашэнка загадаў беларускаму ўраду “ня кланяцца перад Расеяй і шукаць шчасьця ў іншай частцы плянэты”.

СЛУХАЦЬ:


Сёньня ў Менску прайшла нарада па пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі — мерапрыемства, якое загадзя не анансавалася і якое, відавочна, стала адказам на вынікі ўчорашняга візыту ў Менск прэм’ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна. Адкрываючы нараду, Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад урадоўцаў перастаць выпрошваць у Расеі падтрымку і пачаць наладжваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва па іншых кірунках.

“Не атрымліваецца ў Расеі — ня трэба кланяцца, ня трэба ныць і плакаць. Трэба шукаць сваё шчасьце ў іншай частцы плянэты. Я гэта сьвядома публічна кажу. Вы ўчора назіралі цікавую сытуацыю, калі прэзыдэнт сядзіць з Уладзімерам Уладзімеравічам Пуціным і абмяркоўвае на сяброўскай ноце пытаньні, пачынаючы ад асабістых, прыватных і заканчваючы дзяржаўнымі. А ў гэты час Кудрын дае прэсавую канфэрэнцыю, сутнасьць якой — пасеяць паніку ў Беларусі”, — заявіў кіраўнік Беларусі.

Аляксандар Лукашэнка нават заявіў, што Кудрын “цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі, якія тут на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць вучыць працаваць”.

Абурылі Аляксандра Лукашэнку ўчорашнія выказваньні міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына. Апошні заявіў у Менску, што Расея можа “сутыкнуцца зь неплатаздольнасьцю беларускай эканомікі ў канцы году альбо ў наступным годзе”. Магчыма, асабліва разьюшыла Лукашэнку тая гульня ў добрага і кепскага сьледчага, якую прадэманстравалі Ўладзімер Пуцін і Аляксей Кудрын — пакуль Кудрын ставіў пахавальныя дыягназы беларускай эканоміцы, Пуцін хваліў беларускія дасягненьні і абяцаў, што Расея заўсёды падставіць плячо. Паводле Лукашэнкі, “учора Пуцін сказаў, што на падлёце да Менску абмяркоўваў з Кудрыным сытуацыю. І тут Кудрын выбухнуў тырадай. Што — гэта не было ўзгоднена? Усё гэта было ўзгоднена!”

Лукашэнка заклікаў урад “будаваць сваю эканоміку і палітыку як сувэрэнная дзяржава” і выкарыстоўваць альтэрнатыўныя Расеі магчымасьці ўзьдзеяньня на сытуацыю і на тыя выклікі, якія Беларусі ствараюць, у тым ліку і ў Расеі”.

Уладзімер Мацкевіч
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч адзначае, што беларускае кіраўніцтва ўсё больш разумее абмежаванасьць расейскага рынку і неабходнасьць арыентавацца на рынкі заходнія:

“Даўно зразумела, што расейскі рынак для Беларусі вычарпаны. Далейшае павялічэньне гандлю з Расеяй ужо немагчымае. Таму трэба пераарыентоўвацца на заходнія рынкі. Нават не на краіны трэцяга сьвету, а менавіта на заходнія — там ёсьць грошы, там ёсьць спажывецкі рынак, туды трэба прасоўваць свае тавары.

Да таго ж Расея патрапіла ў вялізарны крызіс, і іхнія магчымасьці вельмі малыя, каб даваць камусьці крэдыты. А рэзкія выказваньні Лукашэнкі — справа звыклая. Сёньня зрабіў, заўтра забраў назад, і гэтак далей”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG