Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштавалі былога кандыдата ў дэпутаты з АГП


Тыдзень знаходзіцца пад вартай бізнэсовец з Магілёўшчыны, удзельнік выбарчай кампаніі 2008 году Андрэй Бандарэнка. Яго вінавацяць у крадзяжы 20 мільёнаў рублёў.

СЛУХАЦЬ:


Тыдзень знаходзіцца пад вартай бізнэсовец з Магілёўшчыны, удзельнік выбарчай кампаніі 2008 году Андрэй Бандарэнка. Вядома, што яго вінавацяць у крадзяжы дваццаці мільёнаў рублёў. Кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі заяўляе, што бізнэсовец — сябар партыі, і яго затрыманьне лічыць палітычна матываваным.

Андрэя Бандарэнку затрымалі 27 траўня, калі ён вяртаўся ў Беларусь з Польшчы, куды, паводле старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, вымушаны быў зьехаць, каб уратавацца ад палітычнага перасьледу:

“Ужо падчас выбарчай кампаніі ў яго ўзьнікалі пэўныя праблемы. Потым яму адкрыта далі зразумець, што дадзена заданьне пад яго капаць. Гэтым займалася пракуратура. Усё ішло па нарастаючай, і мы прынялі калектыўнае рашэньне, каб ён зьехаў з краіны. Чаму ён вярнуўся, я пакуль дакладнай інфармацыяй не валодаю. Можа, таму, што некалькі дзён таму ў яго нарадзілася дачка”.

У выбарчай кампаніі 2008 году Андрэй Бандарэнка ўдзельнічаў як незалежны кандыдат:

“Нам было цікава проста для аналізу, як будзе рэагаваць улада ня толькі на людзей з адзінага сьпісу, але й на незалежных кандыдатаў, якія ідуць не ад улады. На яго працавалі нашыя актывісты”, — зазначае Анатоль Лябедзька.

Андрэй Бандарэнка балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Асіповіцкай выбарчай акрузе № 89. Асноўным яго канкурэнтам быў старшыня Клічаўскага райвыканкаму Сяргей Крыжэвіч.

“Якраз у Клічаўскім раёне праблемы былі сур’ёзныя. Там затрымлівалі актывістаў і ўлёткі зьнішчалі. Затрымліваўся нават падчас збору подпісаў і сам будучы кандыдат. Былі звароты ў пракуратуры. Андрэй нават зьвяртаўся з гэтымі праблемамі ў адміністрацыю прэзыдэнта”, — кажа кансультант Бандарэнкі ў выбарчай кампаніі, сябра палітычнай рады АГП Юры Варонежцаў.

Што да бізнэсу Бандарэнкі, то спадар Варонежцаў называе яго пасьпяховым:

“У яго даволі пасьпяхова ўсё разьвівалася. У яго фірма, і, па-мойму, ня першая. У прынцыпе, у яго не было праблемаў пакуль ён не заняўся палітычнай дзейнасьцю. Ён паверыў на нейкім этапе, што ўдачу ў бізнэсе можна перанесьці ў палітыку”.

Арышт Андрэя Бандарэнкі Анатоль Лябедзка называе палітычна матываваным і заяўляе, што АГП будзе дамагацца яго вызваленьня:

“У мяне былі сустрэчы з кіраўніком офісу АБСЕ спадаром Шмітам. Я яго праінфармаваў пра вядомыя нам калізіі. Учора была сустрэча з амбасадарам Швайцарыі, я яму таксама выклаў гэтую сытуацыю. Калі справа ня будзе закрыта, то ёсьць верагоднасьць, што ў Беларусі зьявіцца яшчэ адзін палітычны вязень”.

+
Андрэй Бандарэнка нарадзіўся ў 1973 годзе на Кіраўшчыне. Падчас мінулых выбараў працаваў дырэктарам дэпартамэнту па разьвіцьці і зьнешнеэканамічных сувязях акцыянэрнага таварыства “Белвысотстройгрупп”. Пра арышт Бандарэнкі сваякі даведаліся на наступны дзень, 28 траўня, калі міліцыянты прыйшлі зь ператрусам.
XS
SM
MD
LG