Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь трапіць у савецка-расейскую купель”


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007
Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу 29 траўня.

СЛУХАЦЬ:


28 траўня ў Менску адбылося паседжаньне Савету міністраў гэтак званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Па выніках перамоваў кіраўнік ураду Расеі
Ўладзімер Пуцін заявіў, што ягоная краіна працягне падтрымку Беларусі. Пуцін нагадаў, што ў 2007 годзе Расея выдала Беларусі 1,5 мільярда даляраў крэдыту, пры канцы 2008-га — яшчэ 1 мільярд, і на пачатку 2009-га — 500 мільёнаў даляраў.

Спадар, Барысаў: “Крэдыты, якія дае нам Расея, дужа рызыкоўныя. А як будзем даўгі аддаваць? Бо грошы трэба лічыць. Стан беларускай эканомікі ўсё больш мае мінус, толькі адно ідзе з плюсам — гэта маршрут у рэсурсы іншай краіны, яе яжовыя рукавіцы. Беларусы не прыбалты, не латышы, а калі яшчэ Крэмль упрэ на пасаду прэзыдэнта свайго чалавека і свой рубель, Беларусь стане губэрняй, канчаткова замест Эўропы патрапіць у савецка-расейскую купель”.

Спадар: “На сустрэчы прэзыдэнта Беларусі з прэм’ер-міністрам Пуціным, прэзыдэнт Беларусі прызнаў, што ў Беларусі ёсьць наяўнасьць крызісу. Вельмі цікава, ці ёсьць у цяперашняй беларускай улады плян выхаду з крызісу?”

На пытаньне слухача адказвае эканаміст Сяргей Балыкін:

Сяргей Балыкін
“Плян ёсьць. Але наколькі ён эфэктыўны — гэта іншае пытаньне. Кожны будуе нейкія пляны, але, на жаль, нашая дзяржава будуе свае пляны ў тым кірунку, у якім яна будавала іх раней: дзяржаўнае рэгуляваньне эканомікі і адсутнасьць істотнай лібэралізацыі. Нягледзячы на заявы пра лібэралізацыю ў нашай краіне, робіцца ня так ужо і шмат. Нейкія другасныя моманты вырашаюцца. Але такія першасныя пытаньні, як разьвіцьцё прадпрымальніцтва, абарона ўласнасьці, свабода цэнаўтварэньня — гэтага няма”.

Слухачы працягваюць сачыць за лёсам зьняволеных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў: Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.

Спадарыня Ларыса, Менск: “Тое, што зараз адбываецца з прадпрымальнікамі: галадоўкі, пратэсты — гэта ўсё вынік таго, што ў нас як урад, так і наша насельніцтва ў большасьці нэгатыўна ставяцца як да прадпрымальнікаў, так і да фэрмэраў. Лічаць іх багатымі, а багатых мы проста ня любім. Не разумеюць таго, што чым болей багатых, тым меней бедных. Багатыя становяцца мэцэнатамі, і ў бальшыні выпадкаў могуць дапамагаць бедным, тым, хто з тае ці іншае прычыны ня можа цалкам сябе забясьпечыць. Так што, прадпрымальнікі, — сканчайце галадоўку! Такія людзі павінны працаваць, а не сядзець у турме”.

Тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG