Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы супраць саюзнай дзяржавы


Прыхільнікаў інтэграцыі з Эўропай цяпер сярод беларусаў больш, чым жадаючых інтэгравацца з Расеяй. Болей за палову жыхароў Беларусі выказваюцца супраць саюзнай дзяржавы.

Прыхільнікаў інтэграцыі з Эўропай цяпер сярод беларусаў больш, чым ахвотных інтэгравацца з Расеяй. Болей за палову жыхароў Беларусі выказваюцца супраць саюзнай дзяржавы. Гэта выцякае з вынікаў сацыялягічнага апытаньня, якое правёў зарэгістраваны ў Літве Беларускі Інстытут стратэгічных дасьледаваньняў.

Канкрэтныя лічбы выглядаюць так. 74,1% выказваюцца за тое, каб Беларусь заставалася самастойнай дзяржавай. 14,4% згодныя ўвайсьці ў склад Расеі. 20,4% падтрымліваюць ідэю стварэньня саюзнай дзяржавы.

Аналітык Аляксандар Класкоўскі так тлумачыць, чаму прыхільнікаў саюзнага будаўніцтва застаецца ўсё меней:

Аляксандар Класкоўкі
“Пачнем з таго, што банальна вымірае і памяншаецца значна тое пакаленьне, якое пакутвала на настальгію па сьветлай мінуўшчыне. Для новага пакаленьня саюзная дзяржава, гэта як нейкі рэмэйк Савецкага Саюзу, своеасаблівая экзотыка. І яно не ўспрымае такія ідэі, як брацкая інтэграцыя, славянская інтэграцыя і г.д. Гэтыя лёзунгі сёньня ўжо не працуюць, ня коцяць, як кажа моладзь”.

Маскоўскі навуковец Кірыла Коктыш, чалец рады “АСПЭКТ” — Асацыяцыі палітычных экспэртаў і кансультантаў — лічыць, што “праект саюзнай дзяржавы ад пачатку быў піяр-акцыяй”:

Кірыл Коктыш
“Справа была ў тым, у якой форме Расея магла гарантаваць свой нафтавы і газавы транзыт праз Беларусь. І адзіная магчымасьць рэальнага аб’яднаньня была толькі на прыканцы 90-х гадоў, калі стала ясна, што Ельцын сыходзіць, а фігура Пуціна яшчэ не акрэсьлілася. І беларукі прэзыдэнт на той момант бачыў нейкія шанцы для сябе ачоліць саюзную дзяржаву. Але не да гэтага часу, ні пасьля ніякага рэальнага аб’яднаньня не магло адбыцца”.

Аляксандар Класкоўскі адзначае таксама: нэгатыўнае стаўленьне беларусаў да саюзнага будаўніцтва фармуецца і пад уплывам беларускага кіраўніцтва:

“Народ бачыць, што ўся гэта рыторыка павісла ў паветры і што амаль перад кожнай сустрэчай на высокім узроўні адбываецца інфармацыйная вайна — ідзе абмен ударамі, бакі тузаюць адзін аднаго, спрабуюць выбіць розныя саступкі. Афіцыйны кіраўнік Беларусі часта бярэ на ўзбраеньне рыторыку, якую раней ужываў толькі БНФ, кшталту расейскі імпэрыялізм нас душыць, хоча ўсё скупіць тут ціхай сапай. І масавы электарат усьлед за афіцыйным лідэрам пачынае разумець небясьпеку гэтага імпэрскага паглынаньня”.

Больш за траціну апытаных заявілі, што Беларусь павінна стаць краінай Эўразьвязу. Кірыла Коктыш так рэагуе на гэта паведамленьне:

“Калі гэта колькасьць павялічылася, то гэта чаканьне таго, што Беларусь можа злавіць нешта карыснае для сябе на эўрапейскім напрамку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG