Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтую гульню расейскія прадстаўнікі сёньня згулялі бліскуча. У кулюарах у размове з журналістамі расейскі міністар фінансаў Аляксей Кудрын не выбіраў словаў, характарызуючы стан эканомікі саюзнай дзяржавы.


Ён казаў пра магчымасьць неплацежаздольнасьці Беларусі ўжо праз паўгода, пра ўтрыманскае стаўленьне да Расеі, пра тое, што адміністрацыйны рэсурс у Беларусі падаўляе рынкавыя мэханізмы, пра тое, што набіраньне крэдытаў толькі заганяе беларускія эканамічныя праблемы глыбей. Словам Апакаліпсіс заўтра. Да таго ж менавіта Кудрын агучыў рашэньне Масквы пачакаць з выдачай апошняй траншы крэдыту ў памеры 500 мільёнаў даляраў, і ён жа прыгадаў, што і МВФ прытрымаў выдачу чарговай порцыі свайго крэдыту.

А потым на сцэну выйшаў добры сьледчы – Пуцін. Ён і падчас перамоваў з Лукашэнкам казаў нейкія ветлівыя словы, а на выніковай прэсавай канфэрэнцыі нібыта абверг свайго міністра фінансаў “Нейкія крайнія ацэнкі – недарэчныя” і “Расея, калі спатрэбіцца, заўсёды падставіць плячо Беларусі”.

Гэта відавочная гульня. Кудрын -- палітычна адна з самых палітычна блізкіх Пуціну асобаў у Расеі. Нядаўна прэзыдэнт Мядзьведзеў публічна параіў Кудрыну пашукаць іншую працу. І што – і нічога, міністар застаўся на сваёй пасадзе.

Шчыраваньні Кудрына – даволі моцны ўдар па крэдытнай рэпутацыі Менску
Як жа прачытаць гэтае супярэчлівае пасланьне? А супярэчнасьці няма. Кудрын выклаў эканамічную ацэнку становішча, магчымы, сапраўды, крыху згусьціўшы фарбы. А Пуцін – сказаў пра плячо, намякнуў, што Масква можа ўсе гэтыя эканамічныя высновы адкласьці ўбок і кіравацца іншымі, палітычнымі чыньнікамі. Але не за так, зусім не за так.

Я б яшчэ адзначыў той чыньнік, што шчыраваньні Кудрына – даволі моцны ўдар па крэдытнай рэпутацыі Менску. Скажы такое Пуцін – гэта і адказнасьць, і прамы канфлікт з беларускімі ўладамі. Аднак гэта была б ацэнка палітыка. А мала чаго яны гавораць. А Кудрын – вельмі аўтарытэтны і паважаны чалавек ва ўсясьветнай фінансавай супольнасьці. І калі , скажам, заўтра беларускія прадстаўнікі прыйдуць прасіць крэдыт у які-небудзь заходні банк, там пры абгаворваньні ўмоваў прыгадаюць ацэнку аднаго з ўсясьветных фінансавых гуру, бо каму як не яму ведаць стан справаў у саюзнай Расеі дзяржаве. А гэта істотна адаб’ецца і на ўмовах крэдыту і на самай магчымасьці яго атрыманьня.

І гэтая гульня у добрага і злога сьледчага вельмі нагадвае абцугі, які шчыльна сьціскаюцца вакол Беларусі.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG