Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці зьвязана справа Аўтуховіча з выбухам у Менску?


На месцы выбуху

На месцы выбуху

Неўзабаве споўніцца год, як на праспэкце Пераможцаў у Менску на афіцыйнае сьвята Дзень рэспублікі прагучаў выбух.

Як ідзе расьсьледаваньне? Ці спраўджваюцца меркаваньні пра тое, што выбух на праспэкце Пераможцаў будзе выкарыстаны ўладай для рэпрэсій супроць апазыцыйных палітыкаў?

10 месяцаў і 25 дзён мінула ад часу, калі сярод сьвяточнага натоўпу, у цэнтры Менска, на адлегласьці сто мэтраў ад Аляксандра Лукашэнкі грымнула бомба, схаваная ў пачак ад соку “Садочак”. Увесь час, што мінуў ад 4 ліпеня 2008 году, міліцыя не спыняла расьсьледаваньня. Ва ўсякім разе гэткія заявы працягваюць гучаць ад міліцыі. Аднак выніку расьсьледаваньня няма, сказаў сёньня супрацоўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка.

Уладзімер Навумаў
“Калі б нешта было, ужо б без напаміну ўвесь гай бы тут шумеў. Мы б ужо прэсавую канфэрэнцыю даўно склікалі. Праца працягваецца. Міністар Навумаў у свой час акрэсьліў, наколькі вялікія межы гэтай працы. Таму пакуль яна працягваецца. А нейкай дадатковай інфармацыі мы даць ня можам”.

2-га сакавіка былы міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў казаў журналістам, што расьсьледаваньне выбуху на праспэкце Пераможцаў ідзе хуткімі тэмпамі. Маўляў, зьбіраюцца адбіткі пальцаў у грамадзянаў ды правяраюцца асобы, якія калісьці мелі дачыненьне да зброі. Нібыта гэткім чынам падначаленыя былога міністра выйшлі на “групоўку”, на чале якой стаяў былы “аўганец” ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Мікалай Аўтуховіч
“Падчас адпрацоўкі Ваўкавыску была атрыманая інфармацыя, якая потым пацьвердзілася, што захоўваліся выбуховыя рэчы ды зброя, плянавалася гэта выкарыстаць. Гэта рабіла група асобаў, у якую ўваходзіць і грамадзянін Аўтуховіч. Зараз мы пра гэта маем значна больш інфармацыі”.

Нагадаю, далей спадар Навумаў паабяцаў “праз некалькі месяцаў” завяршыць сьледзтва справы Аўтуховіча і накіраваць яе ў суд, дзе можна будзе зьведаць падрабязнасьці. Аднак мінула амаль тры месяцы, а расьсьледаваньне не завершанае. Мікалай Аўтуховіч ужо 43 дні трымае галадоўку пратэсту, дамагаючыся дакладна таго, што паабяцаў Уладзімер Навумаў: каб справу накіравалі ў суд. Альбо, патрабуе Аўтуховіч, каб яго вызвалілі пад падпіску пра нявыезд і далей працягвалі расьсьледаваньне колькі заўгодна.

Разам з былым дырэктарам ваўкавысскай фірмы “Ніка-транс” Мікалаем Аўтуховічам 8 лютага быў арыштаваны ягоны намесьнік Юрый Лявонаў. Яго таксама спачатку абвінавацілі ва ўдзеле ў падпале дому былога начальніка раённай міліцыі. Дачка Лявонава Юля Міхнюк згадвае.

“Тады 8 лютага тата мне пазваніў перад арыштам, папрасіў прывезьці рэчы і на сустрэчы сказаў: ты будзеш сьмяяцца, але мяне падазраюць у падрыве дому Кацубы.
Ты будзеш сьмяяцца, але мяне падазраюць у падрыве дому Кацубы.
Адразу ні пра які выбух ў Менску гаворка не ішла. Кацуба — наш былы начальнік раённай міліцыі, які зараз працуе дырэктарам друкарні. У 2005 годзе ў яго быў гэты падпал. Я асабіста зь ім сустракалася. Ён казаў, што не разумее, чаму гэта ўсё зноў узьнікла, бо вінаватыя сядзяць ў турме, яму ўжо страты кампэнсаваныя. Справу, маўляў, даўно закрылі і да майго бацькі ён ніякіх прэтэнзіяў не мае”.

Паводле Юлі Міхнюк менскія сьледчыя ў справе выбуху на праспэкце Пераможцаў з’явіліся у Ваўкавыску ўжо пасьля арышту яе бацькі і Мікалая Аўтуховіча ды Ўладзімера Асіпенкі. Яны пачалі з таго, што шмат мужчын выклікалі позвамі на сустрэчу. Пад такі нібыта “допыт” падпаў і муж Юлі Міхнюк.

“Майго мужа і мужа маёй сястры гэтак выклікалі ў РАУС. Допыт быў, але ў вуснай форме, што нельга рабіць. Яны мусяць усё запісваць пад пратакол. У майго мужа ўзялі адбіткі пальцаў, хаця раней ён ужо здаваў, і яшчэ узялі сьліну. Я згодна, што ўсе абавязаны здаваць, але нашым міліцыянтам. А там чамусьці сядзелі ў Менску, на позьве яшчэ іх прозьвішчы былі ўказаныя.”

Юля Міхнюк кажа, што недзе праз два месяцы падобныя сьледчыя дзеяньні закончыліся,а пра іх вынікі ёй пэўна нічога невядома. Адзінае, пра што загаварылі ў горадзе, гэта пра нейкую знаходку каля завода “Мэталіст”.

“Кажуць, што прыяжджала група па разьмініраваньню і каля “Мэталіста”, гэта такі завод на Чырвонаармейскай вуліцы, знайшлі ці то гранату, ці то міну, ці насамрэч там быў гранатамёт. Я ня ведаю. Але вось чаго я баюся, што “прыклеяць” гэтую знаходку да справы Аўтуховіча і майго бацькі. Тады будзе для іх «крышка»”.

Сама Юля Міхнюк ня верыць, што яе бацька захоўваў гранатамёт ці быў датычны да падрыхтоўкі падпалаў альбо нават тэрактаў.

Алег Воўчак
Праваабаронца Алег Воўчак — былы сьледчы. Паводле яго крыніц, апэратыўныя зьвесткі пра тое, што ў Ваўкавыску пэўны чалавек захоўвае гранатамёт, з’явіліся яшчэ да арышту Аўтуховіча і Лявонава. Як мяркуе Алег Воўчак, гэтая інфармацыя сапраўды магла зацікавіла менскіх сьледчых, але Аўтуховіч можа ня мець да гэтага ніякага дачыненьня.

“Проста калі б былі ў іх пэўныя доказы, гэтая справа б вырашылася за паўмесяца. Калі б былі сьведкі, адбіткі пальцаў. Але мы бачым, што становішча сьледчых незайздроснае. Яны самі ня ведаюць, ці далучаць гэтую справу пра гранатамёт да ранейшага абвінавачаньня Аўтуховічу”.

Алег Воўчак нагадвае, што гэтак жа няпэўна паводзілі сябе сьледчыя ў справе выбуху на праспэкце Пераможцаў як толькі пачалося сьледзтва. Адразу арыштавалі некалькі дзесяткаў чалавек, у асноўным актывістаў апазыцыі, але праз пэўны час усіх давялося вызваліць, зьняўшы зь іх падазрэньні ў датычнасьці да выбуху. Алег Воўчак не выключае, што гэтак жа будзе са справай Аўтуховіча, Асіпенкі і Лявонава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG