Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калісьці ў Горадні будзе музэй БНР, але напэўна ня зараз…


Андрэй Чарнякевіч і Аляксандар Пашкевіч

Андрэй Чарнякевіч і Аляксандар Пашкевіч

Сёньня ўвечары ў Горадні былі шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько і гісторык Аляксандар Пашкевіч. Яны прывезьлі новыя кнігі незалежных выдаўцоў і нумар часопіса Arche, прысьвечаны гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Як вядома, Горадня лічыцца другой сталіцай БНР. Сустрэча адбылася ў памяшканьні гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай школы.

Часопіс Arche — ня першае выданьне, якое друкуе матэрыялы па гісторыі БНР. Я папрасіў гісторыка Аляксандра Пашкевіча сказаць — чым адметны гэты нумар часопісу, у якім 630 старонак?

Пашкевіч: “Самая вялікая праца ў часопісе, гэта — збор дакумэнтаў, прысьвечаны дзейнасьці надзвычайнай місіі БНР у Нямеччыне, падрыхтаваны Уладзімерам Сакалоўскім. Ёсьць шэраг артыкулаў беларускіх аўтараў, сярод якіх вылучаецца аб’ёмам і грунтоўнасьцю артыкул Андрэя Чарнякевіча, прысьвечаны беларускаму руху ў Горадні канца 1918 — пачатку 1921 году. Ёсьць некалькі перакладных артыкулаў замежных дасьледчыкаў, перакладзеных зь літоўскай мовы, зь нямецкай, якія тым самым робяцца больш даступнымі для беларускіх дасьледчыкаў”.

Гарадзенскай часткай гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі займаецца мясцовы дасьледчык Андрэй Чарнякевіч.

Чарнякевіч: “За апошні час высьветлілася вельмі шмат цікавых падрабязнасьцяў, зьявіліся новыя дакумэнты, напрыклад, пратакол Беларускага губэрнскага зьезду за лістапад 1918 году, успаміны Ўладзімера Крынскага. Гэта гарадзенскія матэрыялы, але знаходзяцца яны ў Маскве. Успаміны Крынскага друкаваліся ў „Беларускай дарозе“ — так, здаецца, газэта называлася ў Беластоку. І значна пашырыўся абсяг пошуку, гэта ўжо не 1921 год, а — канец 1920-30-х гадоў, і можна казаць пра гісторыю беларускага руху ў міжваенны пэрыяд”.

Андрэй Чарнякевіч вывучыў усе старыя камяніцы ў гістарычнай забудове, якія зьвязаныя зь беларускім рухам у Горадні. Што ён думае наконт магчымасьці стварыць у горадзе мэмарыяльную шыльду, прысьвечаную БНР?

Чарнякевіч: “Шчыра кажучы, такой думкі не было, задума нерэальная сёньня. Магчыма мы занадта скептычна да гэтага ставімся, але ўлічваючы пазыцыю ўладаў, тым больш гарадзенскіх, адносна спадчыны БНР, мне здаецца, што тут варта карыстацца палітыкай дробных крокаў. Ёсьць прызнаныя асобы, гэта той жа Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, калі пра Грамаду казаць. А што тычыцца шыльды БНР, я ўпэўнены, што калісьці ў Горадні будзе музэй БНР, але напэўна ня зараз”.
XS
SM
MD
LG