Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таваразварот паміж Беларусьсю й Расеяй скараціўся на 42%


Уладзімер Пуцін, Сяргей Сідорскі

Уладзімер Пуцін, Сяргей Сідорскі

Адкрываючы паседжаньне саюзнага саўміну, кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі зазначыў, што абедзьвюм краінам у найбліжэйшай пэрспэктыве давядзецца працаваць ва ўмовах сусьветнага крызісу.

У сувязі з гэтым ён заклікаў расейскі бок больш ляяльна адносіцца да імпарту беларускіх тавараў. Паводле ягоных словаў, сёлета ў першым квартале таваразварот паміж краінамі ўпаў на 42 працэнты ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. А адмоўнае сальда двухбаковага гандлёвага балянсу для Беларусі склала 71 мільярд расейскіх рублёў.

У сувязі з гэтым Сідорскі заявіў, што Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці свайго экспарту ў Расейскую Фэдэрацыю з мэтай выраўноўваньня гэтага балянсу. Беларусь гатовая пастаўляць на расейскі рынак такую прадукцыю, якая будзе дапаўняць расейскую эканоміку, зазначыў кіраўнік беларускага ўраду, заявіў кіраўнік ураду.

Беларусь гатовая пайсьці на некаторыя саступкі. У праватнасьці, Сяргей Сідорскі паведаміў, што падрыхтаваны плян, згодна зь якім усе віды кантролю на межах будуць перанесеныя на зьнешнія межы так званай саюзнай дзяржавы і рэальны мытны саюз будзе створаны да 1 сакавіка 2010 году.

Расейскі прэм’ер-міністар Уладзімер Пуцін, адкрываючы паседжаньне, быў нешматслоўным. Ён заявіў пра неабходнасьць разьвіцьця эканамічных адносін з мэтай мінімізацыі нэгатыўных наступстваў фінансавага крызісу.
XS
SM
MD
LG