Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Заходняя Беларусь

  • Міхаіл Раманоускі

Удзельнічае гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі. Эфір 28 траўня 2009 году.

Заходняя Беларусь — неафіцыйная назва беларускіх зямель, якія ў выніку польска-савецкай вайны, Рыскай дамовы 1921 году і далучэньня ў 1922 годзе Сярэдняй Літвы апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі. Назва ўжывалася ў процівагу ўсходняй частцы беларускага абшару — Савецкай Беларусі (БССР). Паводле пагадненьня паміж СССР і Нямеччынай і ў выніку апэрацыі савецкіх войскаў праз 17 дзён пасьля пачатку Другой усясьветнай вайны 17 верасьня 1939 году Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР.

Пра Заходнюю Беларусь існуе багата стэрэатыпаў. Паводле савецкіх хрэстаматыяў, панская Польшча захапіла беларускі абшар і вынішчала там усё няпольскае, акаталічвала і апалячвала. Паводле іншых стэрэатыпаў, у Заходняй Беларусі жылося спрадвеку лепей, культурней і сытней. І нават цяпер эўрапейскі культурны ўплыў нібыта яшчэ захоўваецца.


Сяргей Харэўскі
Вячаслалў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі: Найперш, ці слушна мы адмерваем гісторыю Заходняй Беларусі ад Рыскай дамовы 1921 году?

Сяргей Харэўскі: Не. Бо калі браць гісторыю ХХ стагодзьдзя, дык разьдзяленьне Беларусі адбылося падчас Першай усясьветнай вайны. Ужо ў 1915 годзе палова краіны было акупавана нямецкімі войскамі і іх саюзьнікамі. Такім чынам, рэальны падзел, у выніку якога перарваліся многія гаспадарчыя, культурны ды й чалавечыя повязі, адбыўся за 6 гадоў да польска-савецкіх пермоваў у Рызе.

Ракіцкі: 6 гадоў — таксама нямала… А што істотнага зьмянілася ў жыцьці Заходняе Беларусі за часы першай нямецкай акупацыі?

Харэўскі: Беларушчына перарасла з асьветна-культурніцкага праекту ў палітычна-дзяржаўны. На тэрыторыі, што адышла да Нямеччыны, выходзіла беларуская прэса, без цэнзуры ладзіліся мастацкія выставы, свабодна ствараліся беларускія клюбы, бібліятэкі, школы. Калі ж у 1917 годзе адбыўся бальшавіцкі пераварот, дык жыхары беларускіх абшараў імкліва пачалі самаарганізоўвацца, і ідэя ўласнай беларускай дзяржавы стала рэалістычнай.

Ракіцкі: То бок, прыход палякаў можна таксама называць акупацыяй?

Харэўскі: Так. Зрэшты, так гэта называюць літоўцы і ўкраінцы.
Каб не было акупацыі польскай, была б толькі савецкая акупацыя.
Але трэба разумець: каб не было акупацыі польскай, была б толькі савецкая акупацыя. Адназначна. І толькі разам, плячом да пляча з палякамі, удалося спыніць расейска-бальшавіцкую арду.

Ракіцкі: І як жылося беларусам пад польскай акупацыяй? Тое, што мы чыталі ў савецкіх кніжках пра прымусовае апалячваньне і акаталічваньне заходніх беларусаў, міт ці праўда?

Харэўскі: Так і было. Польская дзяржава прыклала нямала намаганьняў, каб навязаць тутэйшым людзям польскасьць праз моладзевыя арганізацыі, школу, прэсу. Касьцельныя ўлады рабілі ўсё, каб вытруціць беларушчыну з касьцёлу, павысылаць куды далей тутэйшых ксяндзоў. На іх месцы ехалі ксяндзы з Польшчы. Панаехала безьліч “каляністаў-асаднікаў”з карэннай Польшчы, якім улады раздавалі беларускую зямлю. Слушна пісаў Ігнат Абдзіраловіч: “гвалт, прымус, зьдзек, вырываньне душы беларуса ідзе разам з усімі атрыбутамі прыемнага заходняга твару”.

Ракіцкі: Але міжваенная Польшча, у склад якой уваходзіла Заходняя Беларусь, усё ж мела больш рэальных дэмакратычных інстытутаў, чым СССР, куды ўваходзілі ўсходнія беларускія тэрыторыі.

Харэўскі: Гаварыць у 1920-1930-я гады пра нейкую дэмакратыю ня толькі ў Польшчы, але і ўвогуле ў Эўропе, было б у пэўнай ступені перабольшваньнем. Быў рэальны перасьлед беларускіх арганізацыяў. Не было да 1930-х гадоў дэмакратычных выбараў. Зь іншага боку, у міжваеннай Польшчы была адкрытая судовая сыстэма, ніхто не прапаў бязь зьвестак, было насычанае рэлігійнае жыцьцё: У Заходняй Беларусі да 1939 году дзейнічала 446 касьцёлаў, 542 царквы, 387 сінагог, 14 манастыроў. Сьвятарскую паслугу выконвалі 617 каталіцкіх, 606 праваслаўных сьвятароў, 293 рабіны, 32 мулы.

Ракіцкі: У рэлігійным жыцьці мы выявілі розьніцу велізарную. Гэта не магло не ўплываць і на фармаваньне мэнтальнасьці. У пляне разьвіцьця культуры, адукацыі, таксама, напэўна ж, была розьніца?

Харэўскі: У міжваенны час у Заходняй Беларусі быў сапраўдны будаўнічы і адукацыйны бум. Пра размах можна меркаваць па дзяржаўным пляне на 1938-39 год. Толькi ў Браслаўскiм павеце аб’ектаў грамадзкага i сацыяльнага прызначэньня плянавалася ўзьвесьцi 144. То бок, менавіта ў самай далёкай правінцыі, на крэсах, будаваліся шпіталі і школы, пошты і вакзалы. У выніку, напрыклад, у Палескім ваяводзтве, цяперашняя Берасьцейкая вобласьць, дзе было 85% непісьменных, паводле апошняга расейскага перапісу, да 1931 году непісьменнасьць была амаль ліквідаваная. Разам з тым, як мы казалі, вытручвалася ўсё няпольскае. 711 тысяч людзей назвалі сябе ў перапісе “тутэйшымі”, альбо 68% (!), хоць якіх 50 ці нават 20 гадоў перад тым, тамтэйшы люд выразна ідэнтыфікаваў сябе беларусамі альбо ўкраінцамі.

Ракіцкі: І, напэўна ж, заходнебеларуская культура адчула на сабе большы эўрапейскі ўплыў, чым усходнебеларуская? Да прыкладу, пры ўсіх камуністычных поглядах паэта Максіма Танка, ягоная паэзія вытанчаная, вобразная, мэтафарычная, філязофская. Эўрапейская?

Харэўскі: Гэтаксама, як і паэзія Ларысы Геніюш, проза Янкі Брыля, Аляксея Карпюка, Вячаслава Адамчыка. Так, гэта праўда. Абсалютна несавецкімі да канца дзён заставаліся такія выбітныя нашы мастакі, сьвядомыя беларусы, як Язэп Драздовіч, Міхась Сеўрук, Пётра Сергіевіч. У Заходняй Беларусі кшталтаваўся наш нацыянальны беларускі стыль у архітэктуры, дзякуючы Лявону Вітану-Дубейкаўскаму, які ў свой час вучыўся ў Варшаве і Парыжы. Тысячы маладых беларусаў пасьпелі да 1939 году павучыцца ў Эўропе, падыхаць яе паветрам.

Ракіцкі: Ці была ўжо настолькі вялікая розьніца паміж Усходам і Захадам Беларусі ў паваенныя гады?

Харэўскі: Адрозьненьні былі, і гэта тлумачыцца ня толькі тым часам, да 1939 году. Калі Заходняя Беларусь была адасобленая ад астатняга краю, пачала закладацца індустрыяльная база БССР. Заводы і фабрыкі актыўна высмоктвалі рабочую сілу з рэгіёнаў, а дадаткова сюды — на ўдарныя будоўлі — набрыдалі людзі з Расеі й Украіны.
У Заходняй Беларусі, далей ад Расеі, лепей захавалася культура вытворчасьці, патрабавальнасьць да ўзроўню жыцьця, да асабістай свабоды, да рэлігіі.
А беларускія вёскі спустошваліся і саветызаваліся. Беларусы на захадзе болей заставаліся індывідуалістамі на ўласных гаспадарках. Калектывізацыя ў заходніх раёнах прайшла толькі ў сярэдзіне 1950-х. То бок, на 40 гадоў пазьней, чым ва ўсходніх раёнах. І гэта адбілася на мэнталітэце людзей. У Заходняй Беларусі, далей ад Расеі, лепей захавалася культура вытворчасьці, патрабавальнасьць да ўзроўню жыцьця, да асабістай свабоды, да рэлігіі. Каб 20 гадоў таму ў Заходняй Беларусі правялі рэстытуцыю й прыватызацыю зямлі, то гэтая б розьніца захавалася. Цяпер позна. Людзі пакідаюць калгасную зямлю паўсюдна.

Ракіцкі: А ў сэнсе нацыянальнай сьвядомасьці, актыўнай беларушчыны, як выглядала сытуацыя пасьля вайны? Як уласна беларусы сустрэлі саветаў? Як вызваліцеляў? Ці як акупантаў?

Харэўскі: Па-рознаму. У заходніх, каталіцкіх, раёнах як акупантаў. Калектывізацыя, мабілізацыя ў Чырвоную Армію, сельгаспастаўкі, антыцаркоўная палітыка, дзікая русыфікацыя стваралі базу для антысавецкага падпольля.

Ракіцкі: Я родам з Заходняй Беларусі, зь Віленшчыны. Мая памяць захавала культуру заходнебеларускіх мястэчак — з дагледжанымі панадворкамі, сьвяточнымі кірмашовымі днямі і рэлігійнымі фэстамі, з незачыненымі на замок дзьвярыма, без расейскага брыдкаслоўя… Інакш Заходняя Беларусь галасавала і на першых прэзыдэнцкіх выбарах. У Ашмяне, Смаргоні, Маладэчне, Глыбокім, Браславе, Мёрах ад 20 да 30 і болей працэнтаў людзей аддалі свае галасы за Пазьняка. Усход даваў такія лічбы Лукашэнку і Кебічу. Як доўга захоўвалася заходнебеларуская мэнтальнасьць на заходнебеларускіх тэрыторыях? Ці адчуваецца яшчэ падзел на заходнікаў і ўсходнікаў у нашай правінцыі?

Харэўскі: Іншая, несавецкая мэнтальнасьць у заходніх раёнах была заўважная яшчэ гадоў дваццаць таму. Але новыя адміністрацыйныя падзелы, калі склейваліся заходнія раёны з усходнімі, індустрыялізацыя 1960-70-х гадоў, калгасны лад, савецкая войска і школа той падзел сьціралі. Пасьля Чарнобылю і распаду СССР гэтыя працэсы яшчэ больш паскорыліся. У тым ліку і коштам ратацыі кіроўных кадраў з усходу на захад і наадварот. Адрозьненьні ў сацыяльным, культурным, палітычным сэнсах паміж, напрыклад, Стаўпецкім і Барысаўскім раёнамі цяпер не заўважныя. Цяпер засталіся адно рэгіянальныя, ляндшафтныя, дыялектычныя асаблівасьці. Беларусы, заходнія і ўсходнія, моцна перамяшаліся ў буйных гарадох — Менску, Магілёве, Віцебску, Наваполацку. Багата людзей з “чарнобыльскіх” раёнаў перасялілі ў заходнія раёны. Там, дзе ўжо не было праваслаўных, напрыклад у Сапоцкіне, Жодзішках ці ў Астраўцы, зьявіліся расейскія цэрквы. І наадварот, там дзе ніколі не было касьцёлаў, у Нароўлі, Брагіне ці Сьветлагорску, яны паўсталі. Па ўсёй Беларусі стаяць, як і стаялі, помнікі Леніну, засталіся савецкія ўшчэнт норавы ва ўладзе, камуністычныя назвы вуліцаў, разваленыя калгасныя гаспадаркі, палітычная пасіўнасьць.
За апошнія 15 гадоў розьніца між Заходняй Беларусьсю і Ўсходняй сьцёртая канчаткова.
І абыякавасьць да беларушчыны за апошнія 15 гадоў таксама па ўсёй краіне амаль аднолькавая. Быў шанец на пачатку 1990-х сытуацыю зьмяніць, але…. Таму за апошнія 15 гадоў розьніца між Заходняй Беларусьсю і Ўсходняй сьцёртая канчаткова.

Ракіцкі: І сёньня, роўна праз 70 гадоў пасьля ўзьяднаньня, Заходняя Беларусь існуе ў сьвядомасьці людзей толькі на ўзроўні міту?

Харэўскі: І так, і не. Безумоўна, ёсьць розіца паміж “чыстымі” і чарнобыльскімі раёнамі. Ёсьць яшчэ велмі сымпатычныя анклявы на Палесьсі і на паўночна-заходнім памежжы. Яшчэ можна сустрэць калярытных старых людзей, натрапіць на старасьвецкія могілкі, ці ўбачыць пад нагамі рэшткі старога польскага бруку. Яшчэ жывуць людзі, якія цудоўна памятаюць пачатак калектывізацыі на абшарах Заходняй Беларусі, антысавецкую партызанку. Але яны ўжо не вызначаюць культурны, сацыяльны, духоўны стан рэгіёну. А мяркуючы па моладзі, і гэта ненадоўга. У іхняй постсавецкай сьвядомасьці такога міту ўжо няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG