Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Віданава нарадзілася ў Менску. Дзесяць гадоў таму скончыла гістарычны факультэт БДУ. Пазьней займалася ў асьпірантуры, дасьледавала гісторыю Беларусі. З 1998 да па 2003 год была галоўнаю рэдактаркаю часопіса “Студэнцкая Думка”. Выкладала гісторыю Беларусі ў Ліцэі пры БДУ, працавала выкладчыкам на катэдры “Гісторыі старажытных часоў і сярэдніх вякоў Беларусі” гістфакультэта БДУ.

Два гады вучылася ў ЗША, дзе скончыла магістратуру па спэцыяльнасьці “Грамадзкая палітыка і міжнародныя адносіны”. Цяпер займаецца незалежнымі аналітычнымі праектамі.
Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Ірына Віданава. Сёньня Ірына разважае пра рэстарацыі, як частку сучаснай гарадзкой культуры.

— Мы жывем на высьпе пасярэдзіне эўрапейскага мацерыка, адгароджаныя фізычнымі і палітычнымі межамі, а таксама бар’ерамі, убудаванымі ў нашую сьвядомасьць.

У школе мы ўсе вывучаем замежныя мовы, але падчас сацыялягічнага апытаньня, праведзенага НІСЭПІ два гады таму, менш за 13 % рэспандэнтаў сказалі, што валодаюць ангельскай мовай, яшчэ 6 % — нямецкай, 5 % — польскай і каля 2 % — францускай.

Яно і ня дзіўна, калі 67 % беларусаў ніколі не былі ў краінах Эўразьвязу, а больш за палову ні разу ў жыцьці не размаўлялі з замежнікамі.

Апошнія, дарэчы, нават у двухмільённым Менску часам пачуваюцца як на бязьлюднай высьпе. У нашай сучаснай сталіцы, дзе назвы вуліц напісаныя выключна кірыліцай, яны навігуюць з дапамогай запамінальных будынкаў (КДБ), скульптур (напрыклад, Ленін на плошчы Незалежнасьці) і адмысловых арыенціраў кшталту вялікага экрану на Кастрычніцкай плошчы.

Выбар рэстарацый, большасьць зь якіх зачыняецца аб 11-й вечара, звужаецца да мінімуму праз наяўнасьць (дакладней, адсутнасьць) англамоўнага мэню і/ці афіцыянтаў. А набыцьцё прадуктаў у крамах, асабліва тых, дзе спачатку трэба назваць, потым прабіць і нарэшце атрымаць набытае па чэку, — гэта сапраўдная прыгода для замежнага турыста.

Але ўсё тое можна сьпісаць на мясцовую экзотыку, якая дадае ўражаньняў і адрэналіну. Маю дацкую знаёмую зьдзівіла іншае: “Людзі ў Менску нават не спрабавалі камунікаваць са мной. Чулі ангельскую мову, разводзілі рукамі і адварочваліся,” — крыху з сумам адзначыла яна.

Для мяне адным з індыкатараў адкрытасьці краіны зьяўляецца магчымасьць зьдзейсьніць сусьветнае кулінарнае падарожжа ў межах аднаго гораду. Паход у італійскі, мэксыканскі, тайскі ці лібанскі рэстаранчык — гэта ня толькі фэерыя смаку, але шанец праз стравы, музыку ды інтэр’ер дакрануцца да розных культур.

Самы смачны пад-тай (і ўсяго за 7 даляраў) я ела ў кавярні на тры столікі на рагу майго дому ў Балтыморы. Гаспадар адкрыў сьціплую кавярню гадоў 20 таму, але па-ранейшаму размаўляе з моцным акцэнтам. Ён гатуе з азартам і асабіста ведае сваіх кліентаў ды іх густы. Ён вельмі ганарыўся, што менавіта ў яго рэстаранчыку я ўпершыню наважылася пасмакаваць тайскую ежу.

У Менску, дзе большасьць рэстарацый прапануе беларускае альбо аморфнае “эўрапейскае” мэню, мне на хапае разнастайнасьці, у тым ліку кулінарнай.

Вялікі кубак капучына з газэтай у руках раніцай у нядзелю; гарачая дыскусія зь сябрамі за келіхам ахалоджанага махіта; выбух станоўчых эмоцыяў ад зьедзенай стравы ў любімай рэстарацыі й добрай кампаніі…

Усё гэта — маленькія радасьці жыцьця, якія, як і вялікія ідэі, натхняюць на дзеяньне і надаюць энэргіі.

Гэта таксама частка сучаснай гарадзкой культуры, якая, дзякуючы энтузіястам і адмыслоўцам, прасочваецца і ў мой родны, часам дзіўнаваты, але такі любімы Менск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG