Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы любяць Лукашэнку, а яшчэ больш Пуціна


Такія вынікі апытаньняў, якія правялі сацыёлягі Research & Branding Group у Кіеве. У гэтае аб’яднаньне ўваходзяць некалькі дасьледчыцкіх груп, якія спэцыялізуюцца на пытаньнях вывучэньня грамадзтва і рынку.

Усеўкраінскія дасьледаваньні мелі назву “Блізкае і далёкае замежжа вачыма ўкраінцаў”. Яны праводзіліся мэтадам прыватных інтэрвію ў 24 абласьцях краіны, а таксама ў Крыме. У апытаньнях узялі ўдзел 2079 рэспандэнтаў.

Як вынікае з апытаньняў, у сваіх сымпатыях да беларускага прэзыдэнта прызналіся 56% апытаных, а 11% выказалі сваё нэгатыўнае стаўленьне. Расейскі прэм’ер Пуцін атрымаў адпаведна 58% галасоў “за” і 16% “супраць”. Трэцяе месца заняў крамлёўскі лідэр Мядзьведзеў (адпаведна 55% і 14%).

Найменшай жа сымпатыяй сярод апытаных карыстаецца прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі. Станоўчае стаўленьне да яго выказалі 11%, а адмоўнае 45%.

Сярод заходніх лідэраў самы папулярны, паводле апытаньняў, — амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама. На другім месцы — нямецкая канцлерка Ангела Мэркель. Далей ідуць кіраўнікі Францыі і Польшчы — Нікаля Сарказі і Лех Качыньскі.

Што да стаўленьня рэспандэнтаў да ўсясьветных дзяржаў, то найлепшыя пазыцыі тут мае Расея. Другой паводле папулярнасьці стала Беларусь, а трэцяй — Нямеччына.

На пытаньне, у якой краіне ці аб’яднаньні вы хацелі б жыць, большасьць (35%) адказала: у аб’яднаным зьвязе Расеі, Украіны, Беларусі і Казахстану. 23% выказаліся за жыцьцё ў незалежнай Украіне, 20% — за жыцьцё ў ЭЗ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG