Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 траўня Прэзыдыюм палітрады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі прыняў рашэньні аб пачатку працэдуры абраньня адзінага кандыдата ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары і аб намеры правесьці ўвосень Кангрэс дэмакратычных сілаў. Ці дазваляе сёньняшні стан беларускай апазыцыі гаварыць пра тое, што яна здолее вылучыць адзінага кандыдата? Ці рэальны варыянт, што Аляксандар Мілінкевіч і Мікола Статкевіч дзеля еднасьці апазыцыі адменяць свае, ужо фактычна прызначаныя, Кангрэсы і сканцэнтруюцца на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, прапанаваным АДС? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг і публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“Лідэры АДС на прэсавай канфэрэнцыі далі выразна зразумець, што, на іх думку, трэба правесьці адзін Кангрэс дэмакратычных сілаў, а ня два і ня тры Кангрэсы. Ці прыслухаюцца да іхняга закліку ініцыятары двух розных праэўрапейскіх кангрэсаў — Аляксандар Мілінкевіч і Мікола Статкевіч? Ці магчымы варыянт, што яны дзеля еднасьці апазыцыі адменяць свае, ужо фактычна прызначаныя, форумы і сканцэнтруюцца на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, прапанаваным АДС?”

Класкоўскі: “Пры пэўных ідэальных умовах гэта магчыма, але гарантыяў, безумоўна, няма. Зрэшты, у Статкевіча значна меней часу і рэсурсаў, таму ён хутчэй можа “перадумаць”. А вось Мілінкевіч “гуляе сам па сабе”, і даволі даўно. Я нагадаю, што расколіна ў стасунках паміж ім і вярхоўкай АДС зьявілася задоўга да таго, як Эўропа памяняла свой курс у дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Таму тут ня спрэчка пра тое, хто “большы эўрапеец”. Тут хутчэй калізія паміж прынцыпамі, безь якой ня можа быць сапраўднай палітыкі, і гнуткасьцю, безь якой палітыка пераўтвараецца ў сэктанцтва. Што да ступені гнуткасьці — ці рабіць стаўку на рэвалюцыю, ці на паступовае ўваходжаньне ва ўладу — то драматызм сытуацыі ў тым, што толькі праз гады стане зразумела, хто меў гістарычную рацыю. Але дзейнічаць трэба зараз”.

Цыганкоў: “Ня будзем зазіраць так далёка, а пагаворым пра тое, у якую сытуацыю ставіць Мілінкевіча прапанова АДС аб Кангрэсе. Калі Мілінкевіч правядзе ўсё ж “уласны” праэўрапейскі кангрэс, ці не паставіць ён кропку ў канчатковым, нават фармальным разьдзяленьні паміж рухам “За свабоду” і АДС?”

Класкоўскі: “А зь іншага боку, калі ён будзе разумець, што яго “пракінуць” на агульным кангрэсе, то тады яму няма сэнсу туды ісьці. Каб яго там размазалі па сьценцы? Калі Мілінкевіч адчувае, што ў яго ёсьць пэўная падтрымка, рэсурсы (а такія сымптомы ёсьць, і заява групы маладых палітыкаў гэта даказвае), то тады ён палічыць за лепшае гуляць у сваю гульню”.

Цыганкоў: “Другім важным рашэньнем АДС было рашэньне пачаць працэдуру абраньня адзінага кандыдата ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары. Гэтая працэдура павінна быць зацьверджаная да 1 верасьня. Віктар Івашкевіч на прэсавай канфэрэнцыі нават заявіў наступнае: “Гэта азначае, што над усімі развагамі аналітыкаў пра тое, што будуць дзесяць кандыдатаў, што яны пойдуць пяцьцю ці дзьвюма калёнамі, ставіцца кропка. Будзе адзін кандыдат”. Ці вы б пагадзіліся з такім, скажам, сьмелым меркаваньнем, ці сапраўды сёньняшні стан беларускай апазыцыі дазваляе казаць пра тое, што яна можа вылучыць адзінага кандыдата?”

Класкоўскі: “Памятаю, калі ўвосень я выступаў на адной з апазыцыйных сустрэчаў, то тады мая тэза пра неабходнасьць адзінага кандыдата, пра тое, што ўсялякая іншая мадэль будзе мадэльлю паразы — сустрэла вялікія пярэчаньні. Палітыкі казалі пра тое, што важна вылучыць кандыдата, які будзе адстойваць толькі ідэалёгію сваёй партыі і гэтак далей. Так што не прайшло і году, як АДС дасьпела да гэтай ідэі.

Урэшце, лепей позна, чым ніколі. Іншая рэч, няма гарантыі, што гэты мэханізм спрацуе. Тут таксама ёсьць небясьпека ў тым, што працэдура можа зьесьці рэальнага яркага кандыдата, што ў выніку працэдуры будзе вылучаная зручная для ўсіх, але бляклая для выбарнікаў фігура.

У любым выпадку ў варыянце з адзіным кандыдатам шанцы апазыцыі на тое, каб выглядаць годна на выбарах, падвышаюцца. Прынамсі, гэта дазволіць апазыцыі захаваць твар”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG