Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паплывуць у Беларусь “брудныя” грошы?


Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які значна спрашчае разьмяшчэньне замежнымі арганізацыямі cродкаў у беларускіх банках на дэпазытных рахунках. Аналітыкі кажуць, што з прычыны негатыўнага іміджу Беларусі наплыву замежных інвэстараў ў банкаўскую сыстэму чакаць не выпадае, а грошы, якія ўрэшце сюды трапяць, могуць мець “бруднае мінулае”.


Ад моманту падпісаньня ўказу замежныя арганізацыі могуць адкрываць рахункі ў банках, не рэгіструючыся ў падатковых органах Беларусі і не падаючы падатковую дэклярацыю пра прыбыткі, атрыманыя ад разьмяшчэньня гэтых грошаў. Савет міністраў абавязаны падрыхтаваць адмысловую частку Падатковага кодэксу, якая будзе ўлічваць палажэньні прэзыдэнцкага ўказу № 262. Ці можна лічыць дакумэнт праявай фінансавай лібэралізацыі? І ці існуе рызыка ператварэньня ў афшор, дзе часта акумулююцца “брудныя грошы”? Меркаваньне эканаміста Сяргея Балыкіна:

Сяргей Балыкін
“Гэтая нібыта лібэралізацыя азначае толькі адно: у дзяржаве не хапае валюты. Было б вельмі добра прыцягваць і такія грошы, але ж, магчыма, сюды пойдуць, па-першае, брудныя грошы. А па-другое, грошы могуць увогуле не пайсьці. Чаму? Каб стаць другой Швайцарыяй, Ліхтэнштэйнам ці нават Аўстрыяй, трэба, каб быў давер да нацыянальнай банкаўскай сыстэмы. Але ж беларускія банкі яшчэ не зьяўляюцца сымбалем стабільнасьці, надзейнасьці, як, напрыклад, тыя ж швайцарскія. Кажуць жа — надзейна, як у швайцарскім банку. Пра беларускія банкі, на жаль, так ня кажуць. Можна здымаць бюракратычныя бар’еры на шляху грошай, але ж калі няма даверу, то пойдуць грошы толькі рызыкоўныя ці ўдзельнікі нейкіх схемаў”.

Зрэшты, як паказвае досьвед, і згаданыя спадаром Балыкіным краіны ўжо не такія надзейныя: так, летась банкі Ліхтэнштэйну капітулявалі пад ціскам фіскальных органаў Нямеччыны, фактычна “здаўшы” падаткавікам шэраг уплывовых палітыкаў і дзелавых людзей. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама патрабуе “празрыстасьці” ад банкаў Швайцарыі.

Тым часам у беларускім банкаўскім асяродку навіну пра скасаваньне абмежаваньняў на прыток замежнай валюты сустрэлі з энтузіязмам. Гаворыць старшыня праўленьня “Хоўм Крэдыт банку” Альгердас Табатадзэ:

“Ну, няхай Бог дае, няўжо ж гэта дрэнна? Калі грошы змогуць свабодна перамяшчацца — гэта ж вельмі добра, тут толькі станоўчыя моманты. Таму такія захады трэба толькі вітаць”.

Тым ня меней, як лічыць эканаміст Уладзімер Карагін, ведаючы праблемнасьць беларускай эканомікі і непрадказальнасьць уладаў, чакаць масавага дэсанту ў Беларусь багатых людзей не выпадае:

Уладзімер Карагін
“Самі людзі не пацягнуцца, таму што пра Беларусь ведаюць перадусім з дрэннага боку. Значыць, трэба пра такія захады шырока інфармаваць замежныя дзелавыя колы, замежных прадпрымальнікаў. Гэтаксама можна прагназаваць, што гэтая мера не спадабаецца шмат якім урадам, якія таксама намагаюцца прыцягнуць грошы ў свае краіны. Бо калі да нас прыходзіць, то аднекуль жа сыдзе! Адпаведна, гэта ня вельмі прыхільна будзе сустрэта ў замежжы. Але, па вялікім рахунку, я разьлічваю, што гэта крок станоўчы — бо лепш замежныя грошы, чым недахоп сродкаў. Сёньня Беларусі грошай не хапае; трэба нашы банкі напоўніць грашыма, узмацніць іх фінансавыя магчымасьці. Гэта скрайне важна для беларускага бізнэсу. І ўвогуле, калі на тое пайшло, грошы ж ня пахнуць”.

Ці можа прэзыдэнцкі ўказ паспрыяць вяртаньню ў Беларусь актываў, у розныя часы вывезеных за мяжу мясцовымі прадпрымальнікамі, бізнэсоўцамі, банкірамі? Як лічыць колішні кіраўнік Беларускай фондавай біржы, эканаміст Валерый Кругавы, уладам трэба было нашмат раней абвясьціць лібэралізацыю ў фінансавай галіне. І пачынаць не з зазываньня інвэстараў, а з таго, каб ствараць спрыяльныя ўмовы для сваіх грамадзянаў.
капітал унутры краіны амніставаць трэба ...

“А вось капітал унутры краіны амніставаць трэба. Пэрыядычна некаторыя краіны гэта робяць: Італія рабіла, Польшча спрабавала. Гэткае фінансавае амніставаньне. То бок трэба папросту абвясьціць: калі вы заявіце пра свае капіталы, то ня будзеце плаціць падатак. Ну, дык гэта зусім іншае. Пра такую амністыю ў Беларусі Пракаповіч неяк заікаўся, але далей словаў справа ня зрушылася. Але можаце адразу сказаць: беларускі капітал, які хоча, ужо даўно ў Беларусь вяртаецца, рознымі шляхамі. Трэба будзе — вернецца і больш. А не захоча — ня вернецца. І без усялякіх амністый. Пытацца дазволу ні ў кога ня будзе”.

Бальшыня экспэртаў лічыць, што прыток замежных сродкаў у банкаўскую сыстэму ня будзе маштабным, бо ўсе папярэднія гады Беларусь мела і дагэтуль мае статус краіны з падвышанай эканамічнай рызыкай. Да таго ж, кіраўніцтва Беларусі пазыцыянавала дзяржаву як закрытую для зьнешняга ўплыву, уключна зь немагчымасьцю прыватызацыі прадпрыемстваў, банкаў зь дзяржаўнай доляй уласнасьці. А ламаць стэрэатыпы падчас глябальнага крызісу надзвычай складана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG