Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кіраўнікі апазыцыйных партый захварэлі на “правадырызм”


Падрыхтоўка апазыцыйных палітычных сілаў да прэзыдэнцкіх выбараў — адна з тэмаў сёньняшніх тэлефанаваньняў на “Свабоду”.


Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі абвясьцілі пра пачатак працэдуры абраньня адзінага кандыдата ад дэмсілаў на прэзыдэнцкія выбары. Раней пра свой удзел у выбарах у якасьці кандыдатаў заявілі Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі і Віталь Рымашэўскі. Слухачы “Свабоды” выказваюцца на гэтую тэму.

Алесь Лапіцкі: “Паважаная “Свабода”, ахвяры палітычных рэпрэсій горада Менска падтрымаюць Сяргея Калякіна на прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты ад усіх дэмакратычных сіл, калі ён заявіць у сваёй перадвыбарнай праграме аб скасаваньні ў краіне прэзыдэнцкай формы ўлады. Адказ Сяргея Калякіна на пытаньне слухачоў Радыё Свабода сьведчыць, што Сяргей Калякін і ягоная партыя стаяць на правільным шляху”.

Аляксандар Яцкевіч: “Пакуль хто-небудзь, нават усе разам будуць на Беларусі галасаваць супраць Лукашэнкі, — нічога не атрымаецца. Усё адно будзе зроблена, што выйграе ён. Бо гэтая бюракратычная піраміда, якая цудоўна выбудаваная, ні ў якім выпадку не пахісьнецца. Пакуль яшчэ не пахісьнецца. Гэта трэба, каб пачалі прагніваць яны, вось тады гэта ўсё залічыцца. А пакуль што яны не прагніваюць. І яшчэ доўга-доўга ня будуць прагніваць. А ўсе нашы кандыдаты, колькі іх там ёсьць, яны думаюць, што ашчасьлівяць Беларусь, кожны зь іх. Гэтага не атрымаецца. Трэба адзінага шукаць чалавека і на яго рабіць стаўку. Іначай усё гэта бязглузды фарс”.

Ільля Копыл: “Палітыкі змагаюцца не за дэмакратызацыю Беларусі, а вырашаюць пытаньне, хто зь іх самы варты быць абраным на ролю адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Аналіз паказвае, што кіраўнікі ўсіх партый бачаць у гэтай ролі толькі сябе. Усе захварэлі хваробай, якая называецца правадырызм. Пытаньне пра аб’яднаньне дэмсіл і абраньне адзінага кандыдата па-ранейшаму застаецца на словах. Каб змагацца за ўладу, у першую чаргу трэба змагацца за паўнавартасны доступ да СМІ. Вялікую шкоду ўмацаваньню дэмсіл наносяць стваральнікі новых карлікавых партый, такія, як Сяргей Скрабец, Павал Севярынец і той жа Мікалай Статкевіч. Трэба ўмацоўваць тыя партыі, якія ўжо створаныя”.

Выказваньне камэнтуе адзін з кандыдатаў на ўдзел у выбарах, адзін з заснавальнікаў партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі:

“Нашая партыя БХД мае паўтары тысячы сяброў. Але іншыя — нашмат меншыя, і гэта я кажу са шкадаваньнем. Што тычыцца мяне, то я прэзэнтую не сябе, а палітычную партыю БХД. Што тычыцца іншых кандыдатаў, то ад аб’яднаных дэмсілаў ён павінен быць адзін. Адзінае, што гэты кандыдат павінен прэзэнтаваць дэмакратычныя каштоўнасьці, блізкія нам па духу. Калі гэта будзе чалавек, які выступае за аб’яднаньне Беларусі з Расеяй, то гэта ня мой кандыдат, няхай ён хоць 25 разоў будзе абвешчаны адзіным ад дэмакратычных сілаў ці якіх іншых аб’яднаньняў. Гэта ня той кандыдат, які патрэбны Беларусі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG