Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбуйнейшыя сэрбскія кампаніі “Делта”, “Цептер” и “БК група” атрымалі для сваіх будаўнічых праектаў землі непадалёк ад цэнтру Менску.


Пра гэта паведамляе зь беларускай сталіцы, дзе ад 26 па 28 траўня ў павільёне “Белэкспа” працуе Нацыянальная выстава Сэрбіі, карэспандэнт белградзкага выданьня “Политика”. На адкрыцьцё выставы і дзеля падпісаньня кантрактаў у Менск прыбылі міністар гандлю Слабадан Міласаўлевіч, прэзыдэнт нацыянальнай гандлёва-прамысловай палаты Мілаш Бугарын, прадстаўнікі сэрбскага бізнэсу.

Кошт будучых праектаў — размова ідзе пра жыльлёвае будаўніцтва, а таксама праекты дзелавога цэнтру “Delta city” ды забудову тэрыторыі вакол Нацыянальнай бібліятэкі (“Усходняя брама”) — складзе некалькі мільярдаў эўра.

Як завіў у размове з “Политикай” віцэ-прэзыдэнт “БК групы” і прадстаўнік Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Сэрбіі Драгамір Карыч, “менскія ўлады выдалі пад будоўлю бясплатную зямлю, а беларускія ўлады вызвалілі інвэстараў ад падаткаў”. Драгамір Карыч заклікаў сэрбскіх будаўнікоў прыяжджаць на працу ў Менск. Праект разьлічаны на пяць гадоў, у ім маюць узяць удзел 15 тысяч сэрбскіх будаўнікоў ды іншых спэцыялістаў. Мяркуецца, што будаўнічыя працы могуць пачацца ўжо ў 2010 годзе.

Нагадаем, што падчас адпачынку Аляксандра Лукашэнкі на сэрбскім курорце Капаонік сям’я Карычаў неаднойчы сустракалася зь беларускім кіраўніком. У былых югаслаўскіх краінах братоў Карычаў і дагэтуль называюць “штатнымі банкірамі сям’і Мілошавіча” — галоўнымі ахоўнікамі іхніх грошай.

“Нягледзячы на крызіс, беларускі рынак вельмі прывабны для інвэстараў”, — заявіў учора на адкрыцьці выставы міністар гандлю Слабадан Міласаўлевіч. — “У сваю чаргу, Сэрбія можа прапанаваць свае канкурэтаздольныя прадукты”.

Паводле амбасадара Сэрбіі ў Менску Срэчкі Джукіча, “далучэньне Беларусі да праграмы ЭЗ “Усходняе партнэрства” адчыніла Беларусі дзьверы праз Сэрбію на эўрапейскі рынак”.

Як паведамляе карэспандэнт выданьня “Политика” са спасылкай на прадстаўніка кампаніі “Делта”, для пачатку будаўнічых працаў, фактычна, усё гатова — дазвол атрыманы, будаўнічыя пляцоўкі агароджаныя. Акрамя жыльля і бізнэс-цэнтру, кампанія мае ўзьвесьці гатэль Hilton, краму ІКЕА ды іншыя будынкі.

Яшчэ адна сэрбская фірма, “Цептер”, паводле выданьня, укладзе ў набыцьцё менскай зямлі грашовыя сродкі.

Таксама паведамляецца, што сэрбы ня першы год на беларускім рынку. У Беларусь яны прыйшлі праз расейскія кампаніі, якія практычна акупавалі гэтую краіну.

Як падае “Политика” са спасылкай на міністра гандлю Беларусі Валянціна Чаканава, беларускі бок разьлічвае на тое, што ў маштабных сэрбскіх праектах возьмуць удзел і беларускія будаўнікі, “у выніку чаго беспрацоўе ў Беларусі, якое складае каля 2%, будзе скарочана”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG