Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэканат фінансава-прававога факультэту Баранавіцкага ўнівэрсытэту абвяргае інфармацыю пра адлічэньне актывіста “Маладога фронту” Пятра Рузава. Сам жа хлопец паведаміў, што яго азнаёмілі з загадам аб адлічэньні з фармулёўкай “за парушэньне ўнутранага распарадку”. Пётар лічыць, што падставай для адлічэньня стаў ягоны ўдзел у акцыі, калі ён напісаў на сьцяне “Свабоду Аўтуховічу!”


Актывіст баранавіцкай філіі “Маладога фронту” Пётар Рузаў паведаміў “Свабодзе”, што яго выклікалі сёньня ў дэканат і там далі азнаёміцца з загадам аб адлічэньні. Пётар лічыць, што фармулёўка “за парушэньне правілаў унутранага распарадку” на практыцы для яго азначае “за ўдзел у апазыцыйных акцыях”.

Пётар Рузаў апавёў, што загад аб адлічэньні стаў для яго нечаканасьцю.

“Мяне выклікалі яшчэ да гэтага некалькі разоў у дэканат. Палохалі, казалі, што да дабра гэта ўсё не давядзе... Потым выклікалі перад акцыяй 16-га. Мы тады падавалі заяўку ў гарвыканкам. Відаць, адтуль даслалі паперу ў дэканат”.

Пётар паведаміў, што зь ім двойчы сустракаліся супрацоўнікі КДБ. Яны прыходзілі да хлопца на вучобу і раілі яму спыніць удзел у дэмакратычным руху.

“Яны хацелі высьветліць: хто, што, навошта робіць гэтую акцыю, якую мы рыхтавалі на 16-га. Акцыя была пад лёзунгам супраць карупцыі нашага мэра. Яны мне казалі, што маё жыцьцё можа падзяліцца на “да акцыі” і “пасьля акцыі”. Казалі, што мне ня варта ўдзельнічаць у такіх акцыях, бо гэта можа кепска адбіцца на маёй вучобе і ня толькі вучобе”.

Дэкан фінансава-прававога факультэту Алена Платоненка патлумачыла, што ў Пятра былі заўвагі наконт пропускаў заняткаў. Але яна запэўніла, што прозьвішча Пятра дагэтуль знаходзіцца ў сьпісах навучэнцаў. Дэкан кажа, што пра загад аб адлічэньні нічога ня ведае.

“Ён мае заўвагі па пропусках заняткаў. Была адна вымова, потым — другая. Паводле ўнівэрсытэцкага правіла, пасьля трох вымоваў студэнта можна адлічваць з вучобы.

Але на сёньняшні дзень ён у мяне лічыцца студэнтам. Ён у нас упісаны ў экзамэнацыйныя ведамасьці”.

Цягам навучальнага году ВНУ, гімназіі і школы наведвалі супрацоўнікі КДБ дзеля размоваў са студэнтамі, якія займаюць актыўную грамадзкую пазыцыю. Шмат каго палохалі адлічэньнем, але на практыцы адлічылі з вучобы каля дзясятка чалавек. Паводле правілаў, распрацаваных Міністэрствам адукацыі, студэнтаў, адлічаных зь першага курсу ВНУ, не аднаўляюць на вучобе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG