Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Самае першае ўражаньне ад здымку, які зьмешчаны ў сёньняшнім нумары нямецкага выданьня Вerliner-Кurier, — шчасьлівая маладая пара. Прыгледзеўшыся, бачыш: малады чалавек ня мае ні рук, ні ног.

Трагедыя здарылася ў 1999 годзе ў Воршы. Роўна праз 54 гады пасьля сканчэньня другой усясьветнай вайны 16-гадовы юнак Аляксей Талай падарваўся на старой нямецкай міне.

“У мяне засталося фактычна адно тулава. Я быў хутчэй мёртвы, чым жывы”, — узгадвае сёньня ў Бэрліне Аляксей.

Малады чалавек упэўнены, што ніколі б не вярнуўся да паўнавартаснага жыцьця, калі б не бэрлінская дабрачынная арганізацыя “Hilfe für krebskranke Tschernobyl-Kinder”. Менавіта прадстаўнікі гэтай ініцыятывы, у якую ўваходзяць вядомыя нямецкія мэдыкі, прывезьлі падлетка ў клініку Wandlitz, што непадалёк ад Бэрліну. Тут ён правёў доўгія месяцы. З Аляксеем займаліся лекары і псыхолягі, на сабраныя нямецкімі грамадзянамі ахвяраваньні спэцыялісты зрабілі для юнака дарагія якасныя пратэзы.

Як сьведчыць сам Аляксей, яму ізноў захацелася жыць. Сёньня, як піша Вerliner-Кurier, ад гэтага маладога беларуса зыходзіць адчуваньне вялікай сілы. Ён не зламаўся. Вярнуўшыся дадому з бэрлінскай клінікі, ажыцьцявіў галоўную мару жыцьця — стварыў сям’ю і мае любімую працу. У 2003 годзе Аляксей ажаніўся з Машай, зь якой разам вучыўся ў школе. У іх нарадзіліся двое сыноў, для якіх любімы тата — сапраўдны прыклад у жыцьці.

Аляксей мае свой бізнэс. Цяпер ён будуе інтэрнэт-кавярню. Фінансаваць будаўніцтва дапамагалі мясцовыя ўлады, а таксама сябры і знаёмыя. “Засталося зрабіць электрыку ды тынкоўку”, — кажа Аляксей. У Бэрлін разам з жонкай ён прыбыў для таго, каб замяніць старыя пратэзы, зь якіх ён вырас, на новыя. Іх рыхтуе для беларуса артапэдычная фірма Schmale.

Тым часам бэрлінская чарнобыльская арганізацыя, якая аднойчы ўжо дапамагла Аляксею, зноў заклікала да ахвяраваньняў, каб дапамагчы яму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG