Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобраз дзядзькі Язэпа застаўся ў памяці


Агляд некаторых публікацый у недзяржаўных СМІ

«Вечерний Брест». У вёсцы Вартыцк Іванаўскага раёна некалькі гадоў таму фэрмэрская гаспадарка Федзюковічаў узяла ў арэнду сажалкі, якія некалі належалі мясцоваму СПК, але прыйшлі ў заняпад. Фэрмэры засвоілі тэхналёгію і сталі забясьпечваць раён жывой рыбай. Але некаторым гэта не спадабалася. Мясцовы пэнсіянэр разаслаў скаргі ва ўсе інстанцыі ад імя ўсіх 1266 жыхароў Псышчэўскага сельсавета – маўляў, у Вартыцку будуюць дзікі капіталізм, фэрмэры абагаціліся за чужы кошт... Днямі Іванаўскі райсавет дэпутатаў паставіў кропкі ў гэтым канфлікце. Прынамсі, на бліжэйшыя 25 гадоў: сажалкі перадаюцца ў арэнду фэрмэрскай гаспадарцы да 2034 года.

“Вольнае Глыбокае” публікуе ўспаміны Мікалая Конана зь вёскі Лужкі Шаркоўшчынскага раёна пра свайго роднага дзядзьку Язэпа Драздовіча, які выкладаў у мясцовай школе. Распавядае рэдактар тыднёвіка Ўладзімер Скрабатун:

“Вобраз дзядзькі Язэпа застаўся ў памяці, як вобраз чалавека ня з нашага асяродзьдзя. Апранаўся ён беднавата. За ягоную працу плацілі тым, што кармілі, бо грошай ні ў каго не былою А трэба было яшчэ купіць фарбы і пэнзьлі. У школе ён не адпрацаваў і года, таму што, як казаў мой бацька, ад яго творчай натуры патрабавалі, каб ён складаў плян-канспэкту урока, а яму ня вельмі хацелася гэта рабіць”.

“Ранак плюс”. “Псыхоляг “нумар адзін”. Юлія Вараб’ёва зь Сьветлагорску стала першым у краіне псыхолягам, які атрымала ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя на права аказаньня псыхалягічнай дапамогі. Патрабаваньні даволі жорсткія: профільная адукацыя, стаж працы і катэгорыя, наяўнасьць нежылога памяшканьня для працы, афармленьне дамоваў, журналаў. Больш за тры месяцы давялося зьбіраць дакумэнты, шмат разоў езьдзіць ў сталіцу ў міністэрства, каб атрымаць дазвол займацца прыватнай практыкай. Дарэчы, ва ўсёй рэспубліцы такія ліцэнзіі зараз маюць толькі 3 спэцыялісты.

«Комсомольская правда» в Белоруссии» падрабязна тлумачыць асаблівасьці сёлетняй уступнай кампаніі, публікуе графік цэнтралізаванага тэставаньня.. Галоўная зьмена – у ВНУ сёлета можна будзе паступаць нават з адзінкамі па тэставаньні – летась ніжні парог быў 20 баляў па 100-бальнай сыстэме. Сёлета выпускнікоў будзе на 10 тысяч больш, чым летась: прыкладна 99 тысяч. На бюджэтныя месцы плянуецца набраць 24 тысячы першакурснікаў, 23 тысячы на платныя месцы, 11 тысяч - у прыватныя ВНУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG