Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я быў у Ваўкавыску ўвосень 2003 году ў часе галадоўкі пратэсту Мікалая Аўтуховіча і кіроўцаў фірмы Ніка-транс і штодня ў жывым эфіры расказваў пра хаду галадоўкі. Вось, што мяне найбольш уразіла тады ў той акцыі пратэсту і чым запомніліся Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў...

За сем дзён побыту ў Ваўкавыску, калі я асьвятляў галадоўку, больш за ўсё мяне ўразіла тое, што Мікалай Аўтуховіч проста катэгарычна адмаўляўся ад усялякага палітычнага складніка сваёй справы. Ён казаў, што займаецца бізнэсам, прыносіць карысьць гораду, ня лезе ў палітыку, а тая сытуацыя, што склалася - гэта выключна хібы заканадаўства, гэта неабыякавае стаўленьне да яго з боку падаткавай інспэкцыі.

Усе гэтыя словы ён неаднаразова прамаўляў, седзячы ў сваім кабінэце, і ў той час за ягонай сьпінай на сьцяне вісеў партрэт Аляксандра Лукашэнкі.
Аўтуховіч казаў, што ня лезе ў палітыку.
Ужо пазьней Аўтуховіч зьняў гэты партрэт і павесіў абраз, але гэта было ўжо пазьней. А тады ён усяляк ухіляўся ад размоваў пра палітыку.

Нават болей - калі да яго паспрабавалі прыехаць і зь ім сустрэцца прафсаюзныя актывісты з Горадні на чале з Валерыем Леванеўскім, ён загадаў не пускаць гэтых людзей на тэрыторыю сваёй аўтабазы і паўтарыў, што ня хоча мець дачыненьне да палітыкі.

Мне прыгадваецца яшчэ некалькі такіх рэчаў... Па-першае, усе падначаленыя называлі Аўтуховіча не “Мікалай”, не “Аўтуховіч”, а толькі “бос”. Прычым яны казалі гэта безь ніякай іроніі і казалі ня толькі ў ягонай прысутнасьці, але і ў размовах сам-насам ці кантактуючы зь людзьмі, якія не працавалі на Аўтуховіча.

У Аўтуховіча было добрае пачуцьцё гумару – я спадзяюся, яно ў яго і засталося. Вельмі часта, калі трэба было знайсьці нейкае выйсьце, ён проста пачынаў жартаваць, і гэта крыху разьнявольвала атмасфэру. У пэўным сэнсе Аўтуховіч – рамантык. Ён мне некалі прызнаўся, што ідэя зрабіць фірму транспартных перавозак у Ваўкавыску ўзьнікла ў яго пасьля таго, як ён наведаў свайго сябра ў Гамбургу і пабачыў, што там усе таксоўкі – белыя “мэрсэдэсы”.
Ён наведаў свайго сябра ў Гамбургу і пабачыў, што там усе таксоўкі – белыя “мэрсэдэсы”.
І ён падумаў, што ў Ваўкавыску можна зрабіць тое самае. І сапраўды, ён прыехаў, закупіў вялікую партыю белых “мэрсэдэсаў”, і з гэтага пачалася гісторыя фірмы “Ніка-транс”.

Я яшчэ ўзгадваю, што ён заўсёды, можа яшчэ дзесьці па-наіўнаму, да апошняга спадзяваўся на лепшае. Праз год пасьля галадоўкі я зноў быў у Ваўкавыску і заходзіў у рэдакцыю “Мясцовай газэты”, якую выдаваў Андрэй Шантаровіч. І нечакана там зьявіўся Аўтуховіч. Ён сказаў, што толькі-толькі прыехаў з Горадні, дзе ў аблвыканкаме адбывалася нейкая экстраная нарада ў сувязі зь ягонай судовай справай, якая цягнулася шмат месяцаў.

Дык вось, мы сядзім, размаўляем, і ён кажа, што нешта ён можа сказаць, нешта ня можа, і тут раздаецца званок, Аўтуховіч паднімае слухаўку, і ў яго адразу мяняецца выраз твару. Чалавек, які яму тэлефануе, пачынае крычаць так моцна, што ўсе прысутныя ў кабінэце ўсё чуюць. Той чалавек кажа літаральна наступнае: “Я цябе згнаю! Ты сядзеш у турму! Ты ня думай, што ты мацнейшы за мяне! Пабачыш, хто з нас пераможа!” Аўтуховіч не захацеў прызнацца, хто яму тэлефанаваў, але сказаў, што гэта адзін з кіраўнікоў Гарадзенскай вобласьці. Больш за тое, у яго быў вельмі сучасны мабільнік, і ўся размова была запісаная на дыктафон. Я пасьля яму запрапанаваў, што я дзеля гарантыі ягонай бясьпекі скапіюю гэты запіс, бо калі раптам зь ім нешта здарыцца – каб было нейкае сьведчаньне... Ён адмовіўся, хоць я яму паабяцаў, што нідзе ня буду гэты запіс распаўсюджваць і нават ня буду казаць пра факт такой размовы і існаваньне запісу. Ён адмовіўся і сказаў, што гэта будзе не зусім карэктна і прыстойна зь ягонага боку. Дзе той запіс цяпер – я проста ня ведаю...

Што да Юрыя Лявонава, дык ён у добрым сэнсе гэтых словаў быў “шэрым кардыналам”. Ён цягнуў усю гаспадарчую частку. Ён таксама меў добрае пачуцьцё гумару, але гаварыў няшмат. Ён лічыў за лепшае больш працаваць, чым гаварыць або выступаць. Тут Аўтуховіч і Лявонаў зьяўляюцца ў пэўным сэнсе антыподамі, бо з Аўтуховічам заўсёды можна было пагаварыць, ён быў гатовы
Лявонаў - у добрым сэнсе гэтых словаў - быў “шэрым кардыналам”.
даць камэнтар на любую тэму або прынамсі падтрымаць любую размову, а Лявонаў – больш маўклівы і больш удумлівы. Калі ён гаворыць, ён фармулюе фразу такім чынам, што яна ўяўляе нейкую цэльнасьць і ўжо гэтым вартая. Ён вельмі адукаваны, начытаны чалавек, і калі ўзьнікалі пытаньні з рэтраспэкцыяй савецкага мінулага, ён прыгадваў рэчы, якія ці чытаў, ці ведаў сам да такіх дробязяў і падрабязнасьцяў, што я проста дзівіўся ягонаму інтэлекту.

Што самае цікавае – нягледзячы на тое, што ён быў правай рукой Аўтуховіча, ён быў вельмі просты і дэмакратычны ў камунікацыі з падначаленымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG