Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Андрэй Кабякоў 27 траўня прызнаў падзеньне беларускага экспарту за першыя чатыры месяцы году амаль напалову. Разам з тым урад заяўляе пра стабілізацыю тэмпаў росту валавога ўнутранага прадукту і зьбіраецца дамагчыся росту ВУП за першае паўгодзьдзе на 6 працэнтаў.


Паводле намесьніка кіраўніка беларускага ўраду Андрэя Кабякова, за апошнія месяцы ВУП рос на 1,1—1,2 працэнта, і, такім чынам, беларуская эканоміка пераадолела “пункт перагібу”, дасягнула ў сваім падзеньні дна і пачала ўздымацца. На чым грунтуецца аптымізм беларускага ўраду? Андрэй Кабякоў мяркуе, што параўнальна невялікія маштабы беларускай эканомікі падчас глябальнага крызісу даюць ёй магчымасьць знайсьці нішы, каб ухіліцца ад агульных праблем:

“Любая эканамічная сыстэма заўсёды элястычная. І мы мяркуем, што ва ўмовах, калі краіна змагаецца, калі весьляры ў лодцы ня сушаць вёслы, а вяслуюць, ёсьць магчымасьць патрапіць менавіта ў тую частку элястычнасьці, якая зьяўляецца адхіленьнем у разумных межах ад тых сусьветных тэндэнцыяў, якія складаюцца ў эканоміках навокал”.

Захады ўраду, на думку Кабякова, ужо дапамаглі дамагчыся пэўнай стабілізацыі і дазволілі зьявіцца першым парасткам эканамічнага ўздыму. Пры гэтым спадар Кабякоў быў вымушаны прызнаць вельмі трывожныя лічбы, якія характарызуюць значнае падзеньне беларускага экспарту ў бягучым годзе ў параўнаньні з годам мінулым:

“У нас каля 52 працэнтаў тэмпы росту экспарту і каля 68 — тэмпы росту імпарту. Гэта дынаміка ў цэлым, яна ня моцна адрозьніваецца па краінах, за выключэньнем нашых украінскіх партнэраў, дзе тэмпы таваразвароту прыкметна ніжэйшыя за сярэднія”.

Паводле спадара Кабякова, таваразварот Беларусі з Расеяй упаў на 40 працэнтаў. У значнай ступені гэта адбылося з-за скарачэньня паставак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Расею. Беларускі ўрад хоча, каб расейскі ўрад ужываў прэфэрэнцыйныя захады пры набыцьці ў Расеі і беларускай тэхнікі. Наконт гэтага было шмат перамоваў, пагадненьняў, аднак беларускія тавары пры ажыцьцяўленьні дзяржаўных закупаў у Расеі па-ранейшаму разглядаюцца як чужыя. Гэтае пытаньне беларускі бок зноў будзе ўздымаць падчас заўтрашняга візыту ў Менск расейскага прэм’ера Ўладзімера Пуціна.

“Мы разьлічваем на тое, што партнэры нас пачуюць, што ва ўмовах пашырэньня інтэграцыі, дастаткова актыўнага стварэньня Мытнага саюзу ў расейскага боку няма больш пасьлядоўнага правадніка інтэграцыйных ініцыятываў Расейкай Фэдэрацыі, чым Рэспубліка Беларусь”.

Андрэй Кабякоў ня выказаў асаблівага аптымізму наконт магчымасьці атрыманьня новага расейскага крэдыту памерам 100 мільярдаў расейскіх рублёў. Ён зазначыў, што найперш трэба завяршыць атрыманьне апошняй траншы ўжо выдзеленага расейскага крэдыту памерам 2 мільярды даляраў.

Журналісты задалі А. Кабякову і пэрсанальнае пытаньне: як ён выконвае наказ А. Лукашэнкі спажываць толькі беларускія тавары? І вось як адказаў спадар Кабякоў:

“На мне кашуля “Эліз”, гарнітур, пашыты ў атэлье, што насупраць МУС. Гадзіньнік — не “Прамень”, на жаль. Усё астатняе — беларускае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG