Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моладзевыя актывісты, якім пагражаюць расправай невядомыя асобы, зьвярнуліся ў пракуратуру.

Тэлефанаваньні і смс-паведамленьні з пагрозамі атрымалі нават актывісты моладзевых структураў, якія вучацца за мяжой. Прадстаўнікі дэмакратычнага руху лічаць гэта мэтанакіраванай акцыяй.

Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч зьвярнуўся ў пракуратуру пасьля таго, як атрымаў некалькі тэлефанаваньняў і смс-паведамленьняў з пагрозамі фізычнай расправы на свой адрас.

“Яны абсалютна ў курсе таго, што са мной адбывалася 19 сьнежня, калі мяне вывозілі ў лес. Мне падаецца, што гэта ўсё робіцца паводле загаду аднаго з тых людзей, які быў побач у той момант.

Артур Фінькевіч
Гэта ня проста нейкія хуліганы, гэта мэтанакіраваная акцыя ня толькі супраць мяне, але й іншых прадстаўнікоў моладзі, якія падпісаліся пад Маніфэстам новых пэрспэктыўных палітыкаў і грамадзкіх лідэраў. Таму што самая вялікая пагроза рэжыму зыходзіць ад моладзі“.

Справу Артура Фінькевіча паводле інцыдэнту 19 сьнежня прыпынілі з-за таго, што злачынцаў дагэтуль не знайшлі. Нагадаем: Артура затрымалі, кінулі ў машыну, некалькі гадзінаў зьбівалі, а потым адабралі мабільны тэлефон і выкінулі з машыны пад Ракавам.

Сяргею Салашу з Барысава невядомыя ня раз тэлефанавалі з пагрозамі расправы, а калі яго не было дома, то зьвязваліся зь ягонай жонкай і палохалі яе згвалтаваньнем.

Рэгіянальнаму каардынатару руху “За свабоду” ў Гарадзенскай вобласьці Алесю Зарэмбюку патэлефанавалі 26 траўня.

“Тэлефануюць з розных нумароў тэлефонных аўтаматаў. З таксафонаў Менску, Гомеля, Маладэчна, Смаргоні. Я зразумеў гэта па кодах. Дасылалі з інтэрнэту, а цяпер з нумару апэратара „Life“. Мне могуць патэлефанаваць а 2-й ночы ці а 5-й раніцы. Нумар не вызначаецца”.

Актывіст руху “Маладая Беларусь” Сяржук Гумінскі вучыцца ў Польшчы. Ён таксама атрымаў днямі паведамленьне на польскі нумар.

“Патэлефанавалі і мычалі ў слухаўку, а празь дзьве хвіліны я атрымаў смс-паведамленьне зь нецэнзурнымі выразамі і пагрозамі. Магчыма, я пракансультуюся зь юрыстамі і таксама буду пісаць заяву”.

Лідэр “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў выказаў сваё меркаваньне:

Юрась Карэтнікаў
“Мне таксама патэлефанавалі і даслалі некалькі паведамленьняў. Тэкст прыкладна такі: “Папіваючы сок „Садочак“, прыгадвай „амэрыканку“. Людзі, якія гэтым займаюцца, хутчэй за ўсё, працуюць па нейкім загадзе спэцслужбаў. Таму што на кожнага абанэнта ў іх ёсьць нейкія жыцьцёвыя сытуацыі, зьвязаныя зь ім. Напрыклад, Сяргею Салашу нагадваюць пра сытуацыю, калі ён год таму патрапіў у аўтамабільную аварыю і ягоныя сваякі ледзь засталіся жывымі. Мне нагадваюць пра „амэрыканку“, калі пасьля выбуху я трапіў у СІЗА КДБ. Артуру Фінькевічу — пра выпадак, калі яго завезьлі ў лес. Робіцца ўсё дзеля таго, каб запалохаць і дэмаралізаваць актывістаў”.

Усе спробы празь міліцыю спыніць дзеяньні невядомых хуліганаў ня мелі станоўчага выніку. Артур Фінькевіч разьлічвае, што пракуратура знойдзе людзей, якія пагражаюць яму праз тэлефон. Ён аргумэнтуе гэта тым, што яны добра абазнаныя ў дэталях сьнежаньскага інцыдэнту і, магчыма, іх допыт дапаможа сьледчым выйсьці на сьлед выкрадальнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG