Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтоўка апазыцыі да прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Лідэры апазыцыйных палітычных партый Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі, Віталь Рымашэўскі заявілі пра намер удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта краіны у якасьці кандыдатаў. Слухачы працягваюць камэнтаваць гэтую тэму.

Спадар: “Маё меркаваньне адносна прэзыдэнцкай кампаніі. Трэба склікаць кангрэс дэмакратычных усіх сіл, усіх прэтэндэнтаў у прэзыдэнты, няхай будзе іх шмат і выпрацуюць яны там агульную праграму да выбараў прэзыдэнта. Лявон Баршчэўскі (лепей ніхто ня зробіць) хай напіша кароткі дакладны зварот да беларускага народу. І кожны дзень гэтую праграму і кандыдатаў у дэпутаты трэба паказваць па Белсаце”.

Ларыса, Менск: “Наша апазыцыя ўяўляе сабой адасобленыя аб’яднаньні, то можна чакаць, што кандыдатаў можа быць некалькі. Трэба, каб яны свабодна перасоўваліся па раёнах і гарадах са сваімі перадвыбарнымі праграмамі. А мы, то бок выбарцы, будзем вырашаць, за каго галасаваць. Пры перасоўваньні ніякіх перашкод не павінна быць, як у Злучаных Штатах. А яшчэ пажадана, каб у гэтым мерапрыемстве ўдзельнічала жанчына, як, напрыклад, у Літве. Пажадана, спартсмэнка”.

Спадар: “Добры дзень, Радыё Свабода! Віктар Івашкевіч нешта казаў, што зьмяняе Канстытуцыю аб выбарах. Хацелася б ведаць, ці зьмяніў ён гэтую Канстытуцыю аб выбарах”.

З намесьнікам старшыні партыі БНФ Віктарам Івашкевічам сёньня зьвязацца не ўдалося, таму на пытаньне адказвае юрыст, адказны сакратар партыі БНФ Уладзімер Лабковіч:

“На гэты момант зьмены ў выбарчы кодэкс пакуль ня ўнесеныя. Зараз сапраўды рыхтуецца шэраг зьменаў у выбарчае заканадаўства. Была створаная працоўная група з прадстаўнікоў беларускіх афіцыйных уладаў, прадстаўнікоў ЦВК і экспэртаў АБСЭ па выпрацоўцы зьменаў у выбарчае заканадаўства Беларусі. Трэба адзначыць, што гэтыя зьмены распрацоўваліся ў поўнай таямніцы. Ніхто ні з грамадзянскай супольнасьці, ні з палітычных партый ня быў далучаны да гэтага працэсу. Але тая інфармацыя, якая паступала з вуснаў Ярмошынай ды іншых прадстаўнікоў арганізацый, у тым ліку ЦВК, сьведчыць, што гэтыя зьмены носяць абсалютна касмэтычны характар. Яны не мяняюць выбарчую сыстэму ў прынцыпе”.

Далей выказваньні на іншыя тэмы.

Спадар:
“Цюрых і Жэнэва рады — лепшыя ў Эўропе.
А Менск недзе ў канцы стаіць.
Відаць, каб Менск недзе вышэй па рэйтынгу падняць,
Трэба і грамадзкі транспарт пад інвалідаў абсталяваць”.

Спадар: “У Кобрыне адбыўся пажар на будоўлі новага памяшканьня банку АСБ “Беларусбанк”, што выклікала неадназначную рэакцыю з боку гледачоў-назіральнікаў за гэтым відовішчам. Усе адзначылі, што не пасьпелі пабудаваць, дык ужо частка згарэла”.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Два тыдні ў траўні я была ў Менску. Уражаньні такія. Вельмі шмат маладых людзей з фашысцкімі крыжамі. І кожны вечар у раёне Кунцаўшчыны ўсенародная п’янка”.

Аляксандар Лапіцкі: “Ахвяры палітычных рэпрэсій гораду Менску патрабуюць ад Менскага гарвыканкаму перайменаваць вуліцу Шаранговіча ў іншую назву. Шаранговіч — не ахвяра сталінскіх рэпрэсій, а сталінскі тэрарыст!”

Спадар: “Чамусьці наша міністэрства адукацыі не стварае ніякіх умоваў для тытульнай нацыі, для беларусаў, якіх на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь больш за 85 адсоткаў. Гэта што — адкрыты генацыд духоўны? Гэта што за палітыка? У такім разе прапаную проста ўсім пэдагогам акцыю салідарнасьці, маўклівага супраціву для ўсіх патрыётаў-пэдагогаў”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG