Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДС будзе ўзнагароджваць журналістаў


Сёньня а 15-й гадзіне ў Менску, у сядзібе БНФ кіраўніцтва Аб’яднаных дэмакратычных сіл будзе ўзнагароджваць журналістаў.

Упершыню кіраўніцтва Аб’яднаных дэмакратычных сіл вырашыла адзначыць працу журналістаў. Прэсавы сакратар Юры Пацёмкін тлумачыць:

“Ну, ня тых, хто добра пісаў пра АДС, а як адзначаецца ў намінацыі, “тых, хто найбольш аб’ектыўна пісаў пра сацыяльныя і палітычныя падзеі, якія адбываліся цягам апошняга году. Будуць дзьве намінацыі, але хто будзе намінаваны, я пакуль казаць не хачу, каб захавалася нейкая інтрыга”.

Наколькі карэктна палітычнай структуры адзначаць тых, хто пра яе піша?

На думку шэф-рэдактара “Народнай Волі” Сьвятланы Калінкінай, гэта нармальна, калі нейкая структура хоча сказаць “дзякуй” чалавеку за добрасумленную працу. Але ці карэктна гэта будзе зроблена, ці аб’ектыўнай будзе ўзнагарода, можна будзе сказаць толькі пасьля таго, калі стануць вядомыя прозьвішчы гэтых журналістаў:

“Калі сярод іх ня будзе ніводнага журналіста, які крытыкаваў бы дзеяньні Аб’яднаных дэмакратычных сіл, а ня проста рэтрансьляваў заявы палітыкаў, гэта будзе азначаць, што гэта такі своеасаблівы подкуп прадстаўнікоў СМІ. А калі АДС падыдзе да гэтага аб’ектыўна, скажуць “дзякуй, дадуць прэмію ці ўзнагароду нават тым, хто ў першую чаргу заўважаў іхныя памылкі, няправільныя, няверныя хады, то гэта будзе азначаць, што нашы палітыкі становяцца сур’ёзнымі палітыкамі. Паглядзім, што выйдзе з гэтай ідэі”.

На думку Андрэя Дынько, шэф-рэдактара “Нашай Нівы”, гэта, мабыць, своеасаблівая форма камунікацый, форма навядзеньня кантактаў з журналісцкай супольнасьцю:

“Іншае пытаньне, што ўзнагароджвай – не ўзнагароджвай, усё адно журналісты будуць пісаць аб’ектыўна. У гэтым адрозьненьне незалежнай журналістыкі ад журналістыкі прапагандысцкай. У незалежным грамадзтве сродкі масавай інфармацыі існуюць самі сабой, а палітык – сам сабою. Мне падаецца, што ў апошнія гады ў Беларусі мы назіраем як сталеньне палітычных сілаў, так і ўзрастаньне прафэсіяналізму ў сродках масавай інфармацыі”.

Карэспандэнтка брытанскай кампаніі ВВС ў Беларусі Тацяна Мельнічук распавяла, што ў прафэсійных кодэксах замежных мэдыяў запісана, што рэпарцёр ня мае права прымаць нейкія падарункі, знакі залішняй павагі да сябе ні ў якой форме – нават квіткі ў тэатар ці запрашэньне на вячэру могуць быць трактаваныя як подкуп журналіста:

“Канечне, партыі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб прэса пра іх пісала, гаварыла, паказвала вельмі добра. Але ў прэсы ёсьць свае задачы, саве этычныя нормы, свой этычны кодэкс. Дык вось у нашых беларускіх журналістаў этычны кодэкс яшчэ не засвоены да канца. І таму трапляем мы ў такую дваякую сытуацыю. Канечне, партыя можа ўзнагародзіць. Але нам з таго ня можа быць ні холадна, ні горача: то не нашы кароны, то не нашы ўзнагароды. Калі мы будзем жыць згодна з этычным кодэксам нашай прафэсіі, то і выбару такога ня будзе: пагаджацца ці не пагаджацца, спрачацца ці не спрачацца, каго там за што ўзнагародзілі, таму што гэта іншае. Таму што гэта не нас тычыцца, не нашай прафэсіі, не існасьці нашай прафэсіі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG