Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ далёка, а вылучэньне апазыцыйных кандыдатаў ідзе ўжо поўным ходам.


БХД вылучыла сваім кандыдатам Віталя Рымашэўскага адкрыта, у каляпалітычных кулюарах гаворыцца, што зьмена назвы ПКБ – важны ход у перадвыбарчай кампаніі Сяргея Калякіна, Мікола Статкевіч нікому не гаворыць, але ўсе здагадваюцца, каго чэрвеньскі кангрэс праэўрапейскіх сілаў, прыняўшы стратэгію Статкевіча, вылучыць кандыдатам. Нарэшце, Аляксандар Мілінкевіч, таксама выступіўшы з ініцыятывай свайго, іншага праэўрапейскага кангрэса, рахмана заяўляе, што гэта кангрэс “зусім не пад Мілінкевіча”, і сваёй рахманасьцю нібыта падкрэсьліваючы, што менавіта пад яго. Нават Андрэй Саньнікаў у інтэрвію з упэўненасьцю распавядае, як урад дэмакратычнай Беларусі будзе будаваць адносіны з Расеяй і што будзе рабіць з лукашэнкаўскім чынавенствам. Словам, старт дадзены.

Ці не зарана? Не, ўсе ведаюць, што да наступных выбараў трэба рыхтавацца на наступны дзень пасьля папярэдніх. Але, па-першае, раней раскачваліся значна пазьней, а па-другое, ізноў жа раней ад пачатку прыдумлялася нейкая схема вылучэньня адзінага кандыдата. Потым гэтыя схемы шмат разоў карэгаваліся, пасьля выбараў шмат хто (калі ня ўсе) абраную схему вылучэньня ганіў, але і напярэдадні 2001 году, і напярэдадні 2006 году такая схема была.

Цяпер – ніякіх схемаў адзінага. Ці дакладней – кожны сам сабе адзіны. І цікава чаму. Тут сышліся па меншай меры тры тыпы фактараў: унутрыапазыцыйныя, агульнаграмадзкія і вонкавыя.

Заклятыя паплечнікі

Партыям крыху надакучыла роля “шуфлі” для беспартыйных кандыдатаў, якія выкарыстоўвалі рэсурсы партыяў, каб узьляцець на Алімп беларускай палітыкі і забыць, чым яны партыям абавязаныя. Самі гэтыя кандыдаты – былыя і патэнцыйныя будучыя, таксама ўражаныя здольнасьцю партыяў зьядаць былых супольных кандыдатаў.

У прынцыпе мэтай вылучэньня адзіных магла б быць (акрамя перамогі) і пераканфігурацыя палітычнага поля краіны, набыцьцё апазыцыяй выразнага твару. Памятаю, як у 2001 годзе пасьля выбараў вядомы расейскі палітоляг Глеб Паўлоўскі сказаў, што цяпер па меншай меры вядома, да каго зьвяртацца, калі спатрэбіцца даведацца меркаваньне беларускай апазыцыі – да Ўладзімера Ганчарыка. Тады спадар Паўлоўскі відавочна пасьпяшаўся. Пасьля сакавіка 2006 году такую ролю “твару апазыцыі” ў Аляксандра Мілінкевіча так ці інакш (хутчэй інакш) атрымлівалася гуляць больш за год, да кангрэсу дэмсілаў, на якіх партыі яго "извергли из сана". Правільна тады зрабілі ці не – можна спрачацца, але патэнцыйны ненулявы вынік вылучэньня адзінага быў пахаваны менавіта тады.

Няправільны крызыс

Да агульнаграмадзкіх чыньнікаў варта аднесьці рэакцыю грамадзтва на эканамічны крызыс і нармалізацыю стасункаў Беларусі з Эўропай. Крызыс, па меншай меры пакуль, абвастрэньня сацыяльнай напружанасьці не спарадзіў, хіба не наадварот – паглыбіў атамізацыю і апатыю грамадзтва. Заклапочаным уласным выжываньнем людзям не да высокіх палітычных матэрыяў. Што да нармалізацыі стасункаў паміж Брусэлем і Менскам, то гэта, як ні кажы, стала пэўным шокам ня толькі для арганізаванай апазыцыі, але і для апазыцыйнага, дэмакратычнага электарату.

Іншымі словамі, сытуацыя і раней, па шчырасьці, ня надта нагадвала рэвалюцыйную, а цяпер, у разгар крызысу, нагадвае яе яшчэ менш. Магчыма, пакуль. Але як далей будзе разварочвацца крызыс – дакладна ня ведае ніхто. Не, палітыкі дакладна ведаюць: адны – што ён (вы будзеце сьмяяцца) Беларусь не закране, іншыя – што вось-вось усё абрынецца. Выклікае сумнеў ня толькі сапраўднасьць гэтых мантраў-прагнозаў, але і тое, ці вераць у іх самі аўтары гэтых заклінаньняў.

Туман “каляровай” пэрспэктывы

Ну і нарэшце – вонкавыя чыньнікі. Цяпер цяжка сказаць, якія практычныя наступствы будзе мець для Беларусі “Ўсходняе партнэрства”. Але вельмі імаверна, што адным зь іх будзе адмова Захаду ад прыхільнасьці да сцэнару “каляровых” рэвалюцыяў у шасьці краінах-партнэрах.

Наколькі раней такая прыхільнасьць існавала, наколькі менавіта пазыцыя Захаду была чыньнікам спробаў іх зрабіць, а наколькі яны былі вынікам унутранага разьвіцьця тых краінаў, дзе яны адбываліся – тут можна доўга спрачацца. Але тое, што, скажам, напярэдадні выбараў і 2001 і 2006 гадоў заходнія палітыкі і дыпляматы публічна выказваліся наконт пажаданасьці адзінага кандыдата апазыцыі ў Беларусі – гэта факт. І тое, што такога кандыдата Аляксандра Мілінкевіча падчас кампаніі 2006 году прымалі ў самых высокіх эўрапейскіх кабінэтах – гэта таксама факт.

А зараз такіх фактаў, магчыма, і ня будзе. Але ня будзе і парадаў, што някепска было б прыбраць у кішэню амбіцыі і дамовіцца наконт адзінага.

Кожны за сябе

Ну і якую выснову з сукупнасьці гэтых чыньнікаў могуць зрабіць палітыкі? А тую, што гэтым разам кожны за сябе. Не, тлумачыцца гэта можа вельмі прыгожа, што трэба ўзьняць выразны сьцяг, што кааліцыйная працэдура рабіла адзінымі кампрамісныя і таму самыя бляклыя асобы і г.д. Але ў подбіўцы – просты разьлік. Што губляецца ў выпадку паразы? Ды нічога. А што набываецца?

Вось на адным Інтэрнэт-рэсурсе нейкі наведвальнік на маю сьціплую заўвагу, што прапанова Мілінкевіча пра кангрэс па меншай меры цікавая, строга адчытаў мяне за ўяўленьне пра Мілінкевіча, “як безумоўнага пераможцу, яўнага фаварыта ў дэмакратычным асяродзьдзі, як адзіна рэальную альтэрнатыву Лукашэнку”. Зусім няма ў мене такога ўяўленьня. Проста статус палітыка не вычэрпваецца круглым нулём і без пяці хвілінаў прэзыдэнтам. Можна быць проста вядомым, уплывовым палітыкам, за якім стаіць больш менш шырокае кола ягоных прыхільнікаў. Вось і мэта Мілінкевіча зь ягоным кангрэсам – стаць больш вядомым, больш уплывовым і пашырыць кола сваіх прыхільнікаў. А ў Статкевіча, Рымашэўскага, Калякіна, Саньнікава, і шматлікіх іншых “адзіных”, якіх яшчэ ўбачым, калі жывыя будзем, мэта іншая? Хіба? Не, я не пра прамовы з трыбунаў, я пра тое, што яны пра сябе думаюць, робячы так, як яны робяць.

Чым сэрца супакоіцца

Праўда, вынікам гэтага, па-свойму лягічнага, выбару сапраўды стане выбарчая канфігурацыя паводле назвы вядомай казкі “Беласьнежка і сем гномаў”. “Беласьнежцы”-Лукашэнку не давядзецца нават надта напружвацца, плойма “адзіных” зьесьць сама сябе.

Часам можна пачуць меркаваньне, што электаральны вынік ня можа быць горшым і больш горкім за 2001 і 2006 гады. Чаму ж – можа. 80% за Лукашэнку і па адсотку кожнаму з “гномаў” – і 2001 і 2006 гады пададуцца яскравымі дэманстрацыямі моцы апазыцыі. І вялікіх фальсыфікацыяў не спатрэбіцца. Праўда, і крыўдаваць не будзе на каго. І на 2016 год назапасіцца надзвычай карысны досьвед.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG