Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: дзе адпачываць дзецям?


Дзеці весяляцца ў фантане на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.<br />

Дзеці весяляцца ў фантане на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.<br />

Ад сёньняшняга дня ў Беларусі пачаліся праверкі дзіцячых летнікаў перад новым сэзонам адпачынку. Паводле інфармацыі рэспубліканскага цэнтру аздараўленьня, большасьць гэтых устаноў былі збудаваныя 30 гадоў таму, а некаторыя працуюць яшчэ з паваеннага часу. Знайсьці грошы на мадэрнізацыю ва ўмовах крызісу ўдаецца ня ўсім. Сёлета толькі кожны трэці беларускі школьнік зможа трапіць у загарадны летнік.

Пра ўмовы адпачынку даведваліся сёньня рэгіянальныя карэспандэнты. Запісаў іх паведамленьні Вячаслаў Кулік.

МАГІЛЁЎ

У рэгіёне сёлета зноў скарацілася колькасьць месцаў у летніках

На Магілёўшчыне сёлетнія праблемы ў арганізацыі дзіцячага летняга адпачынку — больш складаныя, чым летась.

Сёлета на Магілёўшчыне ня прыме дзяцей на летні адпачынак яшчэ адзін аздараўляльны лягер. Гэта — 720 месцаў. Адкрыцьцё яшчэ пяці летнікаў застаецца пад пытаньнем. Такім чынам, у параўнаньні зь мінулым годам колькасьць дзяцей, якія атрымаюць пуцёўкі, зьменшыцца амаль на дзевяцьсот чалавек.

Каб кампэнсаваць страчанае, улады пастанавілі перавесьці іншыя лягеры на чатырохзьменную працу. За лета дзіця можа пабыць у лягеры толькі адну зьмену — 18 дзён.

“Ёсьць пастанова ўраду, дзе агаворана, што дзіця мае права толькі на адну пуцёўку. У нас дастаткова базы, каб у гэтых лягерах аздаравіць усіх ахвочых дзяцей. Датацыя — 225 тысяч — ідзе ў лягер, куды едзе дзіця, астатнія грошы пералічвае прадпрыемства, а дзесяць працэнтаў плацяць бацькі”, — кажа супрацоўнік абласной управы Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні.

Як удалося высьветліць, адзін лягер у рэгіёне не атрымаў пашпарту гатоўнасьці й ня прыме дзяцей на адпачынак. Лёс пяці летнікаў застаецца пакуль пад пытаньнем.

Ня ўсе летнікі ўкамплектаваныя пэрсаналам.
Ахвочых працаваць за трыста тысяч рублёў у месяц няшмат.
Ахвочых працаваць за трыста тысяч рублёў у месяц няшмат. Працаўнікам лягераў паздымалі зьніжкі на харчаваньне. Таму, адпрацаваўшы месяц, можна атрымаць наагул мізэр.

Значнай частцы стацыянарных летнікаў рэгіёну — трыццаць і болей гадоў. Яны патрабуюць капітальнага рамонту і, адпаведна, фінансаваньня.

Магілёўскія прадпрыемствы пазбаўляюцца ад сваіх летнікаў, бо ня могуць забясьпечыць іх функцыянаваньне. 18 траўня, напрыклад, абвясьціў пра продаж сваёй аздараўляльнай установы завод штучнага валакна:

“У нас няма сродкаў, каб адрамантаваць і ўтрымліваць гэты аб’ект, таму мы прадаём яго. Мы прапаноўвалі гораду з вобласьцю прыняць яго на балянс бязвыплатна. Калі былі сродкі й спансаваліся пуцёўкі, там адпачывалі дзеці з забруджаных раёнаў. На гэта выдзяляліся сродкі з рэспубліканскага бюджэту”, — кажа супрацоўніца заводзкай адміністрацыі.

Летась у 460 летніках дзённага і 120 кругласутачнага знаходжаньня адпачылі болей за 52 тысячы дзяцей. Сёлета ж прагназуецца, што лічба дзяцей, якія адпачнуць, будзе крыху большая за 51 тысячу.

ГОРАДНЯ

У пацярпелых ад крызісу прадпрыемстваў няма сродкаў на летнікі

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, аздараўленчыя лягеры на Гарадзеншчыне змогуць прыняць летам 55,5 тысяч дзяцей. Падрыхтоўка да сэзону ў шмат якіх лягерах яшчэ ня скончана.

У лягеры “Пышкі”, што ў Горадні, яшчэ вядуцца падрыхтоўчыя працы. Дырэктар Уладзімер Воўкаў кажа, што ёсьць некаторыя праблемы, бо лягер належыць прадпрыемству “Белкард”, якое цярпіць ад крызісу.

Воўкаў: “Ёсьць, вядома, праблемы. Яны ў фінансаваньні, але да пачатку сэзону мы ўсё падрыхтуем згодна з нарматывамі, якія існуюць”.

На сайце rebenok.by, дзе зьмешчаныя ўсе адрасы і тэлефоны аздараўленчых дзіцячых лягераў, некаторыя адрасаты адказваюць, што ўжо не працуюць. Так, дзіцячы лягер “Лясная казка” ня дзейнічае ўжо чатыры гады. Вось што мне адказаў вартаўнік.

Спадар: “У нас лягера ў гэтым годзе ня будзе, таму што вядзецца рэканструкцыя”.

Прадпрыемства “Мастоўдрэў” ужо два гады таму перадало дзіцячы аздараўленчы лягер на балянс упраўленьня адукацыі райвыканкаму, бо прадпрыемству стала цяжка яго ўтрымліваць самому.

Цяпер “Мастоўдрэў” купляе пуцёўкі для дзяцей, прычым ня толькі ў свой былы лягер, а і ў іншыя раёны.

У Слонімскім раёне сёлета таксама на рэканструкцыю зачынены адзін дзіцячы кругласутачны аздараўленчы лягер. Прадстаўнік райвыканкаму Сяргей Лагуцін кажа, што некаторыя прадпрыемствы ўжо ня ў стане ўтрымліваць на балянсе падобныя аб’екты.

Лагуцін: “Сёлета адзін лягер у нас закрыты, яго перадаюць ва ўпраўленьне адукацыі, а належаў ён упраўленьню сельскай гаспадаркі. Там яго ўжо даўно пажарныя службы забаранялі эксплюатаваць”.

Спадар Лагуцін кажа, што многія дзеці сёлета паедуць адпачываць у іншыя раёны. Ён дадае, што падрыхтоўка да сэзону адпачынку даецца няпроста, але, маўляў, дзяцей аздароўліваць давядзецца абавязкова, нягледзячы ні на які крызіс.

Сярэдні кошт пуцёўкі летась на Гарадзеншчыне склаў 323,5 тысячы рублёў, а сёлета абяцаюць, што рост яе кошту не перавысіць 10%. Пры гэтым дзяржаўныя датацыі з сродкаў сацыяльнага страхаваньня на адну пуцёўку ў лягеры з кругласутачным перабываньнем прадугледжаныя ў памеры 255 тысяч, а зь дзённым — 110 тысяч рублёў.

Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што на Гарадзеншчыне сёлета пуцёўкі ў аздараўленчыя дзіцячыя лягеры будуць самыя танныя.

Камэнтар “Свабоды”

Пракамэнтаваць навіну пра нібыта танны адпачынак дзяцей на Гарадзеншчыне я папрасіў Мікалая Новіка — гаспадара дзіцячага дому сямейнага тыпу ў Смаргонскім раёне. Вось што заяўляе бацька траіх прыёмных дзяцей, ад якога патрабуюць цяпер заплаціць за адпачынак кожнага дзіцяці па 125 тысяч рублёў:

“Мы летась сваю дачку толькі на адну зьмену ўладкавалі. Яна пабыла там тры дні, як тэлефануюць: “прыяжджайце і забірайце, бо яна захварэла”. У тым летніку нават не было ніякіх лекавых сродкаў, каб палячыць сірату ад звычайнай прастуды.

Цяпер кажу чыноўнікам: “Я гатовы плаціць за ўсе гэтыя чатыры зьмены. Буду плаціць, толькі каб дзеці змаглі адпачыць. Гэта ж лета”.
XS
SM
MD
LG