Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліткамітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прагаласаваў за вяртаньне Нацыянальнаму сходу Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага. Гэтае рашэньне мусяць зацьвердзіць на летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі, якая традыцыйна праводзіцца напрыканцы чэрвеня ў Страсбуры. Калі дэпутаты падтрымаюць паліткамітэт, то дэлегацыя Нацыянальнага сходу Беларусі ўпершыню пасьля 1996 году будзе ўдзельнічаць у працы ПАРЭ.

Рашэньне аб вяртаньні статусу спэцыяльна запрошанага ініцыяваў спэцыяльны дакладчык па Беларусі італьянскі дэпутат Андрэа Рыгоні. Менавіта зь яго прапановы чальцы паліткамітэту на паседжаньні ў Парыжы прагаласавалі “за”.

Сустаршыня Палітрады Аб’яднаных дэмсілаў Анатоль Лябедзька лічыць, што такое рашэньне невыпадкова прымалася без прадстаўнікоў беларускай апазыцыі:

Анатоль Лябедзька
“На папярэднім паседжаньні, калі была дыскусія, думкі падзяліліся. Такі падзел адбыўся пасьля майго выступу з апісаньнем сытуацыі і правядзеньнем паралеляў з Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ, якая восем гадоў таму адчыніла дзьверы афіцыйнаму беларускаму парлямэнту безь ніякага хатняга заданьня. Гэта прывяло да таго, што менавіта ў гэты час у нас зьявілася самае рэпрэсіўнае заканадаўства, якое закранае інтарэсы і мэдыяў, і партыяў, і грамадзкіх арганізацыяў, і мільёнаў беларускіх грамадзян.

Пасьля гэтага ў паліткамітэце перайшлі на фармат працы без удзелу прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў. Сытуацыю проста праламляюць, каб зьняць апошні бар’ер. ПАРЭ — гэта фактычна апошняя арганізацыя, якая трымалася найбольш доўга, стоячы на падмурку дэмакратычных каштоўнасьцяў і прынцыпаў. Вяртаньне статусу не вырашае ніводнай праблемы Беларусі. Наадварот, яно здымае матывацыю нешта рабіць”.

А вось намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз лічыць слушным, што паседжаньне паліткамітэту прайшло без апазыцыі:

Анатоль Глаз
“Калі я апошні раз быў у Празе, англійскія парлямэнтары, якія ўваходзяць у групу “Эўрапейскія дэмакраты”, мне сказалі: „Мы ўбачылі ад вас абсалютна іншыя падыходы. Мы звыкліся з тым, што прыяжджаюць прадстаўнікі беларускай апазыцыі і кожны раз гавораць адно і тое ж“. А я ім адказаў: „Вы ж іх адных запрашалі 15 гадоў запар, а нас запрасілі толькі другі раз. Таму для вас і адкрываецца новае“.

Я шчыра рады гэтаму рашэньню. Спадзяюся, што і сэсія Парлямэнцкай асамблеі падтрымае яго. Я лічу, што гэта вынік усёй сумеснай працы рэспубліканскіх органаў, у тым ліку і дэпутатаў. І вынікі палітыкі рэспублікі, якая рухаецца да эўрапейскіх стандартаў“.

Дзяніс Мельянцоў
Палітоляг Дзяніс Мельянцоў кажа, што рашэньне паліткамітэту цалкам знаходзіцца ў рэчышчы тых працэсаў, якія адбываюцца паміж Эўразьвязам і Беларусьсю:

“Адбывацца поўнае ангажаваньне Беларусі ў палітычныя працэсы. У ПАРЭ гэта спроба вяртаньня статусу спэцыяльна запрошанага, у Радзе Эўропы — падключэньне Беларусі да “Ўсходняга партнэрства”.

Гэта можа сьведчыць пра тое, што Эўропа, эўрапейскія структуры ідуць на адмаўленьне сваіх папярэдніх прынцыпаў. Прыкладам, калі старшыня паліткамітэту Ліндсблат узімку прыяжджаў у Беларусь, ён казаў, што статус спэцыяльна запрошанага будзе вернуты пры ўмове, што апазыцыя таксама ўвойдзе ў склад парлямэнцкай дэлегацыі. Зараз ад гэтага пункту таксама адмовіліся. І я бачу тут пагрозу для саміх эўрапейцаў. Калі яны так лёгка адступаюць ад сваіх папярэдніх патрабаваньняў, то гэта будзе ад іх вымагаць паводзіць сябе так і надалей. Бо беларускі ўрад, калі пабачыў слабіну адзін раз, будзе прымушаць эўрапейцаў і надалей ісьці на саступкі”.



Статусу спэцыяльна запрошанага беларускі парлямэнт быў пазбаўлены 13 студзеня 1997 году. Такой была рэакцыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на шматлікія парушэньні пры правядзеньні ў Беларусі лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG