Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Беларускі ўрад сёньня падводзіў вынікі працы эканомікі за першыя чатыры месяцы году. Паводле кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага, спад беларускай эканомікі скончыўся і далей чакаецца аднаўленьне тэмпаў росту валавога ўнутранага прадукту. Незалежныя аналітыкі перасьцерагаюць урад ад празьмернага аптымізму.

На сёньняшнім паседжаньні Саўміну Беларусі прагучала нямала аптымістычных словаў. Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў пра эфэктыўнасьць комплексу антыкрызісных захадаў ураду, прынятых у канцы красавіка:

“Мы ўзгаднілі з прэзыдэнтам і ўхвалілі рашэньне аб падтрымцы шэрагу найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны. Значныя фінансавыя сродкі выдзеленыя нашым найбуйнейшым аўтамабільным кампаніям. Мы закупілі прадукцыю ўжо наступнага году за кошт фонду падтрымкі сельгасвытворцаў. Апрача таго, больш за 400 мільярдаў мы выдзяляем з інавацыйных фондаў на разьвіцьцё асобных прадпрыемстваў. У цэлым гэта ўсё дало нам магчымасьць стабілізаваць сытуацыю ў прамысловасьці і нават прыбавіць. Сакавік, красавік і травень гэтага году даюць надзею, што падзеньне зафіксавана і будзе рост”.

Паводле словаў Сяргея Сідорскага, у беларускіх вытворцаў нават зьявіліся ўнікальныя магчымасьці разьвіваць экспарт і займаць чужыя нішы на рынках. Разам з тым ён зноў заявіў, што ў Расеі блякуюць пастаўкі беларускай прадукцыі. Спадар Сідорскі даручыў чыноўнікам выехаць у расейскія рэгіёны, каб прааналізаваць такія выпадкі і расказаць пра іх падчас візыту расейскага прэм’ера Ўладзімера Пуціна 28 траўня ў Менск.

Андрэй Кабякоў
Віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў назваў стратэгічнай мэтай ураду дасягненьне па выніках першага паўгодзьдзя росту ВУП на 6%. Паводле ягоных словаў, за чатыры месяцы гэты рост склаў 1,2% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году:

“Гэта невялікі прырост ВУП, дасягнуты ў асноўным за кошт павелічэньня аб’ёмаў будаўніцтва жыльля, а таксама за кошт аб’ёмаў вытворчасьці прадукцыі сельскай гаспадаркі”.

Тым часам лякаматыў эканомікі — прамысловасьць — працягваў цягнуць паказчыкі ўніз. У параўнаньні зь мінулым годам за чатыры месяцы было выраблена прамысловай прадукцыі 96,4 працэнта.

Пры гэтым расьлі складзкія запасы. У красавіку яны павялічыліся на 191 мільярд. У цэлым астаткі гатовай прадукцыі ў Беларусі дасягнулі амаль 7 трыльёнаў рублёў, альбо 93,2% да месячнага аб’ёму вытворчасьці.

Леанід Злотнікаў
Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць спадзяваньні кіраўнікоў беларускага ўраду наконт 6-працэнтнага росту эканомікі за першае паўгодзьдзе занадта аптымістычнымі:

“Разьвіцьцё нашай эканомікі залежыць ад разьвіцьця эканомікі нашых суседзяў і сусьветнай эканомікі ў цэлым. У суседніх краінах не чакаюць эканамічнага росту ў бліжэйшыя кварталы. Таму росту попыту на беларускія тавары ня будзе”.

На думку Леаніда Злотнікава, асаблівага паляпшэньня эканамічнай сытуацыі ў Беларусі няма, і магчымае яе пагаршэньне. У прыватнасьці, ён зазначыў, што рост экспарту беларускіх прадуктаў харчаваньня, які назіраўся ў першым квартале, адбываўся па стратных цэнах, а прадпрыемствы, якія фінансава падтрымлівае ўрад, па-ранейшаму працуюць малаэфэктыўна і ня маюць магчымасьцяў для мадэрнізацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG