Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гай ператварылі ў будпляцоўку


У Баранавічах будаўніцтва новага корпусу мясцовага унівэрсытэту суправаджаецца зьнішчэньнем лесапарку “Гай”. Значную яго частку ўжо высеклі. Мясцовыя жыхары занепакоеныя, што гэта толькі пачатак, бо далей на гэтым месцы плянуецца збудаваць цэлы студэнцкі гарадок.

Здаць навабуд плянуецца ўвосень. Многія жыхары мікрараёнаў “Паркавая” і “Тэкстыльны” устрывожаны тым, што на экалягічныя праблемы будаўнікі не зьвяртаюць увагі.

“Калі каля Жлобінскага возера пачалі будаваць Дзіцячы рэабілітацыйны цэнтар, гэта было апраўдана: усё ж дзецям на пэрыяд рэабілітацыі патрэбна сьвежае паветра, прыгожая прырода. Але калі замест яго пачалі будаваць унівэрсытэт, то гэта не апраўдана”, — кажа мясцовая жыхарка Ксенія Паўлоўская.




“Зручней чамусьці высякаць лесапарк, а не будаваць на гарадзкіх пустках”


Суразмоўца спасылаецца на наступныя аргумэнты:

“У нас шмат ускрайкаў гораду, дзе пусткі, і ёсьць сэнс будаваць там. І там жа засаджваць тэрыторыю дрэвамі й кустоўем. Але чамусьці зручней высякаць і ставіць дамы”.

Нэгатыўна пра будаўнічыя працы ў баранавіцкім лесапарку “Гай” выказваецца таксама Ігар Шпак:

“Я нарадзіўся на беразе Жлобінскага возера. Вырас там. Там лодкі ў нас былі. Купаліся там, плюхаліся з маленства. Цяпер жа ні пагуляць, ні з кійком прайсьці. Нейкага сьмецьця будаўнічага нарабілі, экскаватараў нагналі, кранаў. У лес не зайсьці: адны пляшкі валяюцца ад будаўнікоў. Лес высякаюць”.

У будаўнічым трэсьце № 25 кіраўнікі не жадаюць размаўляць пра тое, што робіцца ў баранавіцкім лесапарку. Тут пераконваюць, што трэсту даведзены плян і адкрыта фінансаваньне .

“Гай” — лес першай катэгорыі. На будаўніцтва павінен быў быць дазвол ураду”


На месцы будучага студэнцкага гарадка цяпер працуе тэхніка. Відавочна, што высякаць дрэвы ў лесапарку будуць і далей. Але ў пашпарце аб’екта пра будучы студэнцкі гарадок няма інфармацыі. Як лічыць старшыня баранавіцкай арганізацыі “Экалягічнага зьвязу” Анатоль Банкевіч, свае намеры збудаваць тут студэнцкі гарадок улады не афішуюць. Як кажа суразмоўца, чыноўнікі асьцерагаюцца выклікаць актыўныя пратэсты сярод мясцовага насельніцтва.

“Яны шмат зямлі навазілі, засьмецілі. Сапраўды, парушэньні ёсьць. Там іх аштрафавалі. Яны засыпалі нізіну і хацелі разраўняць усё. Штраф вялікі яны заплацілі,”— кажа Анатоль Банкевіч.

З ініцыятывы эколягаў у Баранавічах цяпер распачаты збор подпісаў у абарону лесапарку “Гай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG